Якія спосабы падтрымкі палітвязняў спрацоўваюць? Ці варта падтрымліваць іх з-за мяжы? Што лепш – бандэролька ці грашовы перавод?
Адказы на такія ды іншыя пытання шукала „Госця Рацыі” прадстаўніца ініцыятывы дапамогі палітзняволеным у Беларусі Dissiden*by Марына Касінерава ў гутарцы з Алісай Поль:
РР: Якія спосабы падтрымкі палітвязняў існуюць на цяперашні момант?
– Любая такая наўпроставая падтрымка працуе. Я разумею, што людзі вельмі запужаныя, каб данаціць у нейкія фонды, асабліва тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, бо гэта сапраўды можа быць небяспечным. Мы ведаем шмат такіх выпадкаў, калі людзей затрымліваюць за данаты. Нам дагэтуль прыходзяць паведамленні, што людзей затрымліваюць, потым вымагаюць грошы, па пяць тысяч даляраў, каб людзі плацілі ў дзяржаўныя арганізацыі. Грошы, якія, я так разумею, потым ідуць да сілавікоў. Пры гэтым людзі знаходзяцца на Акрэсціна, пакуль яны не заплацяць гэтыя грошы за свае дзеянні. Тым не менш у Беларусі можна дапамагаць наўпрост. Важна звяртацца да нас, каб мы памяняліся кантактамі з тымі, каму гэта неабходна. Вельмі шмат сем’яў палітвязняў знаходзіцца ў Беларусі, бо падтрымліваюць сваіх за кратамі, выходзяць з імі на сувязь, камунікуюць асабіста. Гэта можна працягваць рабіць, гэта не толькі Менск, могуць быць і рэгіёны, могуць быць нейкія маленькія цэнтры і населеныя пункты, дзе можна кагосьці знайсці. Звяртайцеся, мы дадзім кантакты, гэта дакладна будзе сям’я палітычнага зняволенага. Без камунікацыі можна, наўпрост пакласці грошы на атаварку. Нейкія людзі знаходзяцца ў СІЗА яшчэ да вынясення прысуду. Пры гэтым, калі чалавек упэўнены, што гэты чалавек будзе знаходзіцца ў СІЗА яшчэ нейкі пэўны час, то ён можа не пазначаць свае сапраўдныя імя і прозвішча. Па законе не абавязкова прадстаўляць пашпарт на пошце, таму грошы можна адправіць пад нейкім прыдуманым іменем і яны дакладна дойдуць. Калі чалавека пераводзяць, то гэтыя грошы ідуць за ім. Толькі калі яго там няма, яны могуць вярнуцца. Таму лепш выбіраць тых людзей, якія дакладна там сядзяць. У праваабаронцаў можна ўдакладніць ці варта камусьці канкрэтна дасылаць. Акрамя таго заўсёды можна даслаць тэлеграму, паштоўкі, лісты. Мы таксама маем свой сэрвіс, праз які мы самастойна дасылаем гэтыя лісты. Мы захоўваем іх на сайце, мы іх перадаем сваякам, калі чалавек выбірае гэтую магчымасць, калі мы маем кантакты. Гэта таксама ананімна, не абавязкова пазначаць сапраўдныя імя і прозвішча, свой адрас. Мы можам даслаць адказ, калі ён будзе.
РР: Ці варта пісаць, калі лісты не даходзяць, калі няма адказаў?
– Заўсёды варта, бо наколькі мы ведаем ад людзей, якія выходзяць, што лісты, якія не выходзяць адтуль, гэта не значыць, што чалавеку штосьці не даходзіць. Гэта праблема камунікацыі. Вядома, што адміністрацыя абмяжоўвае людзей у праве на ліставанне. Лісты – гэта тое, што мы паказваем, што гэты чалавек для нас важны, што мы пра яго памятаем. Гэта вельмі добры інструмент, бо тады адміністрацыя не заўсёды можа рабіць тое, што яна жадае. Як мінімум яны даволі насцярожана ставяцца да гэтага і могуць менш правакаваць гэтага чалавека, да якога ёсць увага, да якога ідуць лісты, нават калі яму іх не перадаюць, да якога ходзіць адвакат, да якога ездзяць сваякі, калі ёсць людзі, якія цікавяцца яго лёсам. Да чалавека могуць дайсці гэтыя лісты. Нават калі на сто лістоў прыйдзе адзін, то ён можа быць лёсавырашальным для таго чалавека і дапаможа яму трымацца ў засценках.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Марына Касінерава дадала, што адрасы палітвязняў можна заўсёды знайсці на сайце Dissiden*by ці на старонцы праваабарончага цэнтру „Вясн*”.