Міністэрства ўнутраных спраў і міністэрства замежных спраў Беларусі зацвердзілі інструкцыю аб парадку здачы экзамена для асоб, якія падаюць заяву аб набыцці беларускага грамадзянства.
Іншаземцы будуць здаваць адну з дзяржаўных моў нашай краіны – беларускую ці рускую. Ацэняць веды, неабходныя для зносін, службовыя асобы органаў унутраных спраў або дыпслужбы.
Раней моўны іспыт для мігрантаў праводзіўся ў фармаце вуснай гутаркі, зараз жа выпрабаванне будзе праходзіць у фармаце пісьмовага тэсціравання. На яго выкананне адводзіцца 45 хвілін, адказы на заданні запаўняюцца асабіста заяўнікам у прысутнасці службовай асобы пераборлівым почыркам. Выкарыстанне тэлефонаў і іншых прылад прыёму, захоўванні і перадачы дадзеных падчас іспыту забаронена.
Калі іншаземец з прычыны хваробы або фізічных недахопаў не можа самастойна выканаць і падпісаць тэст, за яго гэта робіць службовая асоба, якая праводзіць тэсціраванне. У гэтым выпадку робіцца адзнака «Запоўнена са слоў заяўніка» і ўказваецца пасада служачага, прозвішча і ініцыялы.
Вынікі тэсціравання лічацца нездавальняючымі, калі колькасць правільных адказаў у тэсце менш за 60%.