Беларусы Эдмантана адсвяткавалі Купалле 2023 двойчы – 1-2 ліпеня на кэмпінге і 8 ліпеня ў парку Эдмантана. Купалле – гэта карагоды, пачастункі, народныя спевы, пляценне вянкоў і, канешне, пошукі Папараць-кветкі.
Купалле — старажытнае язычніцкае земляробчае свята. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найбольшага росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежыла вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на Купалле была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка.
Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купалле дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня с. ст.). Традыцыя Купалля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. ХХ ст. У наш час існуе як традыцыйнае народнае свята без абрадавай дзейнасці.