Алесь Лагвінец: Пытанне беларускай адукацыі для беларусаў па ўсім свеце — цяпер фундаментальнае

Вольны беларускі ўніверсітэт (Free Belarus University, Wolny Uniwersytet Białoruski, ВБУ/VBU) паўстаў з ініцыятывы 59 вядомых беларускіх навукоўцаў, дзеячоў культуры і мастацтва, у тым ліку Святланы Алексіевіч, Анжалікі Борыс і Алеся Бяляцкага.

Зараз ВБУ сканцэнтраваны на фармаванні кваліфікаваных кадраў для будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Дапамагае ў гэтым патэнцыял універсітэтаў Польшчы, Літвы, Эстоніі і другіх краінаў ЕЗ. Вольга Сямашка пагутырала з праграмным дырэктарам Вольнага беларускага ўніверсітэта Алесем Лагвінцом пра місію ўніверсітэта; у якіх варунках працуе ўстанова зараз і якую дапамогу атрымлівае ад Польшчы; якія мажлівасці для беларусаў на Падляшшы можа прадаставіць; ды агулам пра далейшы шлях беларускай адукацыі:

— Гэта ініцыятыва, што паўстала некалькі гадоў таму, дзякуючы Аляксандру Міленкевічу, шмат беларускіх грамадскіх дзеячоў гэта падтрымалі. Цяпер мы на стадыі прапановы анлайн-курсаў. Пакуль мы не ёсць установаю з будынкам, з офісамі, з аўдыторыямі, дзе адбываюцца заняткі — у нас усё пакуль адбываецца ў віртуальнай сферы. Мы думаем пра магчымасці, ствараем для рэпрэсаваных выкладнікаў магчымасць выкладаць. Вядома, гэта залежыць ад фінансавання, якую колькасць выкладнікаў мы можам прыняць. Але такая магчымасць ёсць. Мы думаем пра тое, каб даць магчымасць беларусам, што цяпер ужо прафесары, абаранілі свае доктарскія дысертацыі ў заходніх універсітэтах, выкладаюць там, выкладаць для беларусаў прадметы, што яны выкладаюць у заходніх універсітэтах, але пераважна па-беларуску.

РР: Ці можна сказаць, што ўніверсітэт мае нейкую сталую базу ў Польшчу?

— Мы зарэгістраваныя як фонд у Польшчы, мы маем партнёрскія пагадненні з шэрагам універсітэтаў, найперш з Варшаўскім універсітэтам. У залежнасці ад праграмаў, што мы прапаноўваем, у нас могуць быць розныя партнёры, і збольшага нашыя курсы падтрымліваюцца партнёрамі. Студэнты нашых курсаў атрымліваюць стыпендыі, а за сваё навучанне яны анічога не плацяць.

РР: Якую мае ўніверсітэт? Што выходзіць пры сканчэнні? Ці кожны чалавек можа паступіць — вы бераце стандартных абітурыентаў, ці людзі ў выгнанні ў сталым веку таксама могуць навучацца?

— Мы пакуль не выдаем універсітэцкіх дыпломаў, гэта нашая мара. Мы хацелі б у будучнасці стварыць поўнавартасный анлайн-універсітэт. Сёння гэта анлайн-курсы. Па сканчэнню кожнага курсу, асоба, што іх скончыла, атрымлівае сертыфікат, што пацверджаны еўрапейскай навучальнай установай. З гэтага гледзішча мы праўда хочам даваць цудоўныя веды пра грамадства, права, эканоміку для беларусаў, і абмежаванняў у веку няма, але мы разглядаем матывацыю чалавека і гэта ёсць адным з чыннікаў — але шанцы патрапіць на нашыя курсы даволі высокія.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Вольга Сямашка, racyja.com