Лічыцца, што беларусы — людзі аселыя. Мой родны кут — мястэчка, падворак, праца ў бліжэйшым камунгасе. Гэта, вядома, састарэлае глупства, даўно зламаны стэрэатып. Ніякія беларусы не аселыя. У апошнія гады, наадварот, мы сталі нацыяй, неверагодна лёгкай на пад’ём.
Ад эканомікі, палітыкі і вайны
Яшчэ да фатальных падзей 2020-га мы ставілі рэкорды па колькасці шэнгенскіх візаў. Мы з’язджалі на заробкі ў Маскву і на закупы ў Польшчу. Пераадольвалі еўрапейскую бюракратыю і адукоўваліся ў ЕС, выйгравалі грын-карты і наймаліся на сезонныя працы ў Скандынавіі. Да пошукаў лепшай долі падштурхоўвала кульгавая лукашэнкаўская эканоміка, няздольная завабіць мігруючае насельніцтва нічым, акрамя паслядыпломнага размеркавання і «дармаедскага закону».
Пасля падзей 2020-га да эканомікі дадалася палітыка. Беларусы пратэставалі супраць бясконцай дыктатуры, мірна змагаліся за перамены, а пасля таго як атрымалі ў адказ толькі беззаконне, гвалт і рэпрэсіі — ірванулі з краіны беспрэцэдэнтна шчыльнымі радамі. Ужо з квітком у адзін канец, сем’ямі з дзецьмі, праз памежныя пераходы і пехатой праз лясы і рэкі. Абы хутчэй і падалей — ад ранішняга грукату ў дзверы, ад забароны на прафесію, ад атмасферы страху і безнадзейнасці.
Пасля лютага 2022-га да ўсяго дадалася вайна, у якую палез Лукашэнка, паабяцаўшы ўзяць Кіеў за тры дні. У адказ атрымаў дзірку ад абаранка, абложныя санкцыі і новую хвалю эміграцыі. Цяпер ужо «валілі» не толькі сем’ямі, а і цэлымі працоўнымі калектывамі. Ужо не толькі ў звыклыя Польшчу, Літву ды Грузію, а нават ва Узбекістан і Кыргызстан. Толькі б не заставацца там, дзе за словы супраць вайны альбо песні па-ўкраінску кідаюць у турму. Дзе цяжка камунікаваць па працы з Захадам, бо краіна-суагрэсар і ўсё такое. Дзе таксічна нават «МакДональдсу», які, працуе, здаецца нават у Венесуэле.
Вернуцца не ўсе
Колькі ўсяго беларусаў з’ехала? Дакладна гэта пакуль невядома. Бо як ты палічыш усіх, хто выправіўся ў ЕС, куды выдаваліся самыя розныя візы, у бязвізавыя Грузію, Расію ды Чарнагорыю, ва Украіну, дзе беларусы застаюцца, нягледзячы на ўсе цяжкасці… У Вялікабрытанію, як баскетбалістка Кацярына Сныціна, альбо нават у ЗША, як драматург Андрэй Курэйчык. Як палічыш усіх айцішнікаў, кіроўцаў, медыкаў, зваршчыкаў, дызайнераў, бізнесоўцаў, журналістаў, цырульнікаў, мастакоў, музыкаў, спартсменаў і прадстаўнікоў іншых, самых розных і запатрабаваных прафесій.
Але прынамсі, як пагаджаюцца спецыялісты, гаворка ідзе пра сотні тысяч людзей. Сотні дзве, можа, тры, карацей пасля 2020 года Беларусь фактычна страціла цэлы абласны цэнтр.
Беларусь сёння, безумоўна, перажывае самыя трагічныя часы пасля Другой сусветнай. Краіна страчвае самых пасіянарных, актыўных, адукаваных — і пераважна маладых — сваіх грамадзян. І чым далей цягнецца гэтая цемра, тым з большай верагоднасцю тыя, хто эміграваў, ужо не вернуцца дадому. Яны пусцяць карані на чужыне, дзе іх дзеці ўжо пайшлі ў садкі і школы. Яны ацэняць выгоды сталай дэмакратыі і ўжо не наважацца вяртацца туды, дзе зазналі пераслед. Яны, як тыя героі даўлатаўскай «Замежніцы», набудуць у іншых краінах новыя сувязі, стасункі, жарсці… І ў выніку — шчасце, з якім не захочуць расставацца. Усё гэта абавязкова будзе, бо ў шматкроць раскрытыкаванага беларускага менталітэту ёсць адваротны бок — высокая адаптыўнасць, стараннасць пры пераадоленні жыццёвых цяжкасцяў, гатоўнасць вучыцца і не скардзіцца на абставіны.
Зрэшты, хопіць пра кепскае ды гаротнае. Як ні дзіўна, добры прагноз на будучыню Беларусі даць можна і патрэбна.
У чаканні сваёй «аліі»
Што важна разумець найперш: нічога выключнага, эксклюзіўнага з беларусамі зараз не адбываецца. Шмат якія народы праходзілі праз выгнанне — і дастаткова прыкладаў, калі яны не проста самазахоўваліся, а і набывалі светлую будучыню.
Падчас распаду Югаславіі і крывавых падзей у рэгіёне свае дамы былі вымушаныя пакінуць сотні тысяч харватаў. Але потым яны атрымалі незалежнасць і цягам некалькіх дзесяцігоддзяў пабудавалі годную краіну, якая ўваходзіць у Еўрасаюз, рыхтуецца ўвайсці ў шэнгенскую зону, штогод прымае мільёны турыстаў і спраўна выйграе медалі на футбольных чэмпіянатах свету. Наўпрост цяпер мы назіраем, магчыма, самую масавую міграцыю ў Еўропе пасля 40-х гадоў мінулага стагоддзя — на Захад бягуць мільёны ўкраінцаў. Але ці ёсць у каго сумневы, што пасля перамогі над усходнімі варварамі Украіне стане больш моцнай, шчыльна інтэгруецца з Еўропай і пачне актыўна адбудоўвацца?
Але, бадай, найлепшы прыклад тут — яўрэі, якія спрадвеку пакутавалі, праходзілі праз чысткі, але аднойчы атрымалі гістарычны шанс стварыць сваю ўласную дзяржаву і выдатна ім скарысталіся. У складаным рэгіёне, у несяброўскім атачэнні, на стыку розных межэтнічных, міжрэлігійных і іншых супярэчнасцяў паўстаў дэмакратычны Ізраіль. Людзі ў краіне жывуць заможна, умеюць сябе абараніць, і ніхто не наракае ім за былую пакорлівасць у страшныя часы канцлагераў.
Беларусам наракаюць менавіта цяпер. У Беларусі канцлагер. І беларусы, па сутнасці, таксама з’яўляюцца народам без сваёй краіны. Нават тыя, хто не эміграваў, а стаіўся на радзіме, адчуваюць, што радзіма ім не належыць. Яны ва ўнутранай эміграцыі. І чакаюць таго самага гістарычнага шанца стаць гаспадарамі на сваёй зямлі.
У гэтых падабенствах падаецца важным, што шмат гадоў у мінулым беларусы з яўрэямі добра ўжываліся побач. І на беларускай зямлі, у адрозненне ад іншых мясцін, амаль не было яўрэйскіх пагромаў. Нехта разумны некалі сфармуляваў: антысемітызм не ўзнікае там, дзе людзі не лічаць сябе дурнейшымі за яўрэяў. Беларусы не лічылі, таму мірна суседнічалі. І сімвалічна, што ад нашых ніў паходзіў цэлы шэраг выбітных дзяржаўных дзеячаў новага Ізраіля, уключна з першым прэзідэнтам.
Вяртанне на радзіму ў Ізраілі называюць «аліяй». Колькі такіх зваротных хваляў ужо было — і яны яшчэ працягваюцца. Добры прагноз для беларусаў палягае ў тым, што калі ў новыя часы шчыра рупіцца над стварэннем уласнага дома на абломках дыктатуры, то свае «аліі» ўсё ж не прымусяць чакаць.
А ствараць мы ўмеем — нават пры Лукашэнку, калі руйнуецца ўсё самастойнае ды незалежнае. Бо гэта не дзякуючы, а насуперак насамрэч, у краіне з’явіўся абазнаны кластар IT. Насуперак узрос малы і дробны бізнес, якому даводзілася пераадольваць дзяржаўныя бар’еры. Насуперак узніклі і расквітнелі незалежныя медыя.
Насуперак цемрашальству «галоўнага інфекцыяніста» і хлусні Мінздароўя беларускія медыкі змагаліся з ковідам. І нацыянальная культура не давала сябе знішчыць, нягледзячы на намаганні «саўкоў» з Мінкульта. І мова з літаратурай жылі, нягледзячы на закрыццё беларускіх школ. І ўсё астатняе, што лукашэнкаўцы зацята цягнулі назад у савецкі мезазой, вырывалася, прарастала, імкнулася наперад.
Аднойчы святло канчаткова пераможа цемру, і гэтым памкненням больш нічога не будзе перашкаджаць.