«Будзем падтрымліваць беларусаў, колькі трэба». Заява ЕС да гадавіны сфальсіфікаваных выбараў

Фота з сацсетак

Еўрапейскі саюз напярэдадні трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі выступіў з адмысловай заявай, у якой выказаў падтрымку беларускаму народу.

«9 жніўня спаўняецца тры гады сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У гэты дзень у 2020 годзе сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна адстаяць сваё права на выбар уласнай будучыні. Гэтыя спантанныя дэманстрацыі былі падушаны рэжымам Лукашэнкі з асаблівай жорсткасцю», — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што праз тры гады пасля тых падзей сітуацыя ў Беларусі стала горшай, чым калі-небудзь, «для тых, хто адважваецца выказваць любую крытыку сістэмы».

«Мы глыбока занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У цяперашні час каля 1500 палітычных зняволеных знаходзяцца ў турмах у жахлівых умовах, падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і катаванням і не маюць доступу да асноўных медыцынскіх паслуг. Многія з гэтых зняволеных месяцамі ўтрымліваюцца без сувязі са сваімі адвакатамі і сваякамі, якія не ведаюць пра іх цяперашняе месцазнаходжанне і стан здароўя. У сваім апошнім дакладзе Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што некаторыя шырока распаўсюджаныя, сістэматычныя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі могуць быць прыроўнены да злачынстваў супраць чалавечнасці. ЕС працягвае трымаць сітуацыю ў цэнтры глабальнага парадку дня на міжнародных форумах», — падкрэслівае Брусель.

«Рэжым Лукашэнкі таксама стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы з-за такіх дзеянняў, як вымушаная пасадка грамадзянскага самалёта ў маі 2021 года і выкарыстанне незаконнай міграцыі на ўсходніх межах ЕС, якое працягваецца дагэтуль. З 24 лютага 2022 года рэжым стаў саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, паставіўшы пад пагрозу ўласны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, падтрымліваючы злачынствы Расіі ва Украіне. Гэты саўдзел дазволіў Расіі незаконна дэпартаваць украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. 26 мая 2023 года Расія і Беларусь распачалі яшчэ адзін крок па эскалацыі, падпісаўшы пагадненне, якое дазваляе размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі. ЕС занепакоены нядаўнім размяшчэннем у Беларусі наймітаў ПВК «Вагнер», — адзначае Еўрасаюз.

Падкрэсліваецца, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі прыняты ў адказ на рэпрэсіі супраць «усіх незалежных галасоў і супраць асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцей, парушэння міжнароднага права і падтрымкі агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны».

«Апошні пакет санкцый тычыцца парушэнняў правоў чалавека і ўнутраных рэпрэсій, якія пастаянна ўзмацняюцца, і пасылае сігнал аб тым, што ЕС працягвае актыўна падтрымліваць правы чалавека і дэмакратыю. У ім таксама разглядаецца рызыка абыходу санкцый. ЕС будзе працягваць аказваць ціск на беларускі рэжым столькі, колькі спатрэбіцца», — гаворыцца ў заяве.

«ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху, — дадалі ў Бруселі. — Рашучасць беларускага народа, які з вялікай асабістай рызыкай працягвае адстойваць дэмакратыю, з’яўляецца вялікім фактарам надзеі. ЕС аказвае падтрымку ахвярам рэпрэсій, праваабаронцам, арганізацыям грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і журналістам, студэнтам і прадпрыемствам у выгнанні, а таксама ініцыятывам, накіраваным на захаванне беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы».

Еўрасаюз заклікае беларускі рэжым пачаць «сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі элементамі грамадства, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў».

«Як толькі Беларусь прыступіць да дэмакратычнага пераходу, ЕС абавязваецца дапамагчы Беларусі стабілізаваць сваю эканоміку і рэфармаваць свае інстытуты. Наша мэта — дапамагчы павысіць устойлівасць і правесці больш дэмакратычныя рэформы, стварыць новыя працоўныя месцы і павысіць узровень жыцця людзей, у тым ліку з дапамогай комплекснага плана эканамічнай падтрымкі да 3 мільярдаў еўра для дэмакратычнай Беларусі».

«ЕС будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна, на іх шляху да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны ў складзе мірнай Еўропы», — рэзюмавалі ў Еўрапейскім саюзе.

novychas.online