Мікола Папека: Мы пераканаліся, што Беларусь немагчыма без беларускай мовы

Падзеі 2020 года, якія ўскалыхнулі Беларусь, паказалі, што большасць насельніцтва краіны за перамены, а таксама за незалежнасць і самастойнасць. Гэтыя падзеі таксама пераканаўча засведчылі беларусам, што немагчыма пабудаваць поўнавартасную ўласную краіну без сваёй беларускай мовы, – у гэтым перакананы паэт і грамадскі актывіст Мікола Папека.

– Мы спадзяёмся, што замест чорнага прыходзіць светлае. Нас вельмі шмат, зараз мы бачым, што пасля 20-га года беларуская мова ўвайшла ў многім як неабходнасць, як патрэбнасць, без чаго немагчыма ніякая адраджэнне, ніякая дэмакратыя, без чаго сапраўды немагчымая Беларусь. Так што будзем спадзявацца, што ў гэтым сэнсе мы выжывем і мы застанемся.

За мінулыя тры гады да беларускай мовы далучыліся тысячы беларусаў. Асабліва гэта заўважна па жыцці беларускіх дыяспар у замежжы. Практычна ў кожным больш менш значным горадзе Польшчы, Літвы і Грузіі з’явіліся курсы беларускай мовы. А ў Польшчы і Літве ідуць працэсы па стварэнні школ з беларускай мовай навучання.

racyja.com