Івана Андрушойць у 2022 годзе асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі па справе ўзлому камп’ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама. Тэрмін палітвязень адбываў у бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Адседзеўшы яго цалкам пасля вызвалення сёлета 9 лютага, Іван з’ехаў з Беларусі.
Пра пратэсты і надзеі, звязаныя з 2020-м годам, затрыманне ГУБАЗіКам, жаніцьбу за кратамі, выпрабаванні ШІЗА і ПКТ, а таксама пра ўцёкі з Беларусі экс-палітвязень распавядае ў эксклюзіўным інтэрв’ю «Новаму Часу».
«На мітынгі пачаў хадзіць яшчэ падлеткам»
37-гадовы Іван — айцішнік, меў у Мінску ўласны бізнес, звязаны з сеткавай інжынерыяй. «Гэтую ўладу ніколі не прымаў, адчуваў агіду і нянавісць да ўсяго, што з ёй звязана, — кажа былы палітвязень. — Таму вочы на яе расплюшчыў задоўга да 2020 года. На пратэсты я пачаў хадзіць яшчэ падлеткам».
«Мая палітычная актыўнасць была збольшага прывязана да электаральных кампаній. Гэта не азначае, што паміж імі я мяняў сваё стаўленне да дзеючай улады. Вядома, не. Але я бачыў рэальны шанец на перамены ў краіне менавіта ў звязку з выбарамі. Гэта моцны трыгер, я вельмі спадзяваўся, што нахабная хлусня і фальсіфікацыі вынікаў галасавання стануцца апошняй кропляй для беларусаў і яны пачнуць дзейнічаць больш рашуча ў адстойванні сваіх правоў. З 2020 годам у мяне было звязана шмат надзей: я бачыў, якая колькасць беларусаў выйшла на вуліцы, і вельмі спадзяваўся, што ў нас нарэшце атрымаецца зрынуць гэтую ненавісную дыктатуру», — кажа Іван.
Экс-палітвязень дадае, што галоўным адкрыццём 2020 года для яго стала «вялікая колькасць людзей, што не пабаяліся выйсці на вуліцы адстойваць свой выбар», і ўсведамленне таго, што для ўладаў «чалавек і яго жыццё нічога не вартыя».
«Я канчаткова пераканаўся, што законы не працуюць, што дзеля захавання трону беларускі правадыр гатовы ісці па трупах. Асэнсаваў увесь маштаб страшэннай рэчаіснасці. Калі ты выступаеш супраць беззаконня, патрабуеш сумленных выбараў, рэжым гатовы цябе ў літаральным сэнсе закатаць у асфальт, — дзеліцца думкамі суразмоўца. – Схіляю галаву перад сваім народам, які не пабаяўся ні запалохвання, ні рэпрэсій, а годна і горда заявіў на ўвесь свет, што мы «хочам людзьмі звацца і што гатовыя плаціць за гэта высокую цану».
«Разумеў, што Лукашэнка адкажа на гэтыя выклікі жорстка»
Хлопец адзначае, што ў першы месяц пратэстаў верыў, што яны не згаснуць, што вулічная актыўнасць будзе нарастаць падобна снежнаму кому, што ўсё скончыцца поўнай паразай рэжыму і сыходам Лукашэнкі.
«Разам з тым я разумеў, што калі гэты снежны ком не працягне сябе нарошчваць, калі пратэсты збавяць абароты і людзі нічога не зменяць, Лукашэнка адкажа на гэтыя выклікі вельмі жорстка. Я выдатна ўсведамляў, што гэты помслівы, баязлівы чалавек усіх паставіць на калені і пагрузіць краіну ў крывавы тэрор. На вялікі жаль, так і адбылося».
Суразмоўца зазначае, што кашмарны тэрор адбываецца супраць палітвязняў і ў турмах: «Усю карціну таго жаху, які там дзеецца, адлюстраваць немагчыма — улады робяць усё, каб інфармацыя з-за кратаў шырока не распаўсюджвалася. І калі пра такіх медыйных вязняў, як Ціханоўскі, Бабарыка і Статкевіч месяцамі нічога не паведамляюць, то ўявіце, што адбываецца з палітычнымі, прозвішчы якіх нікому не вядомыя».
«Але дзякуючы ў тым ліку тым палітвязням, што вызваліліся і публічна распавядаюць пра перажытае, беларускае грамадства і свет усё больш і больш даведваюцца пра сапраўдныя маштабы таго ўнутранага тэрору. На вялікі жаль, бачачы, як зараз развіваюцца падзеі ў Беларусі, я думаю, што рэпрэсіі будуць ўзмацняцца і хуткіх перамен чакаць не варта. Даруйце за такі песімізм, але я рэаліст».
«Трэба рабіць усё, каб ратаваць палітвязняў»
«Зразумела, што калі рэжым і пойдзе на перамовы наконт палітвязняў, то размаўляць Лукашэнка будзе не з Ціханоўскай, а з заходнімі ўрадамі. І я перакананы, што трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці, якія не наносяць нікому шкоды, каб выцягнуць палітвязняў з-за кратаў. Людзей катуюць, людзі могуць страціць там жыццё, іх трэба ратаваць. Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё. Знаходжанне такой велізарнай колькасці палітвязняў за кратамі ніяк не можа паўплываць на перамены ў краіне, — лічыць Іван. — Мы заўсёды вельмі спакойна ставіліся да таго, што хтосьці з нашых пісаў прашэнне аб памілаванні, нічога ганебнага ў гэтым не бачылі. Перакананы, што ніхто не мае права асуджаць за гэта палітвязняў. Людзі хочуць вырвацца з палону, і гэта іх права. Ды і таго ж, наблізіць перамены можна, знаходзячыся на свабодзе, а не калі ты ва ўсіх сэнсах звязаны па руках і нагах».
«ГУБАЗіК узяў мяне пры спробе пакінуць Беларусь»
Хлопец кажа, што быў гатовы да таго, што яго арыштуюць. Як і да таго, што справа ў яго будзе не адміністрацыйная, а крымінальная.
«Я вельмі актыўна браў удзел у пратэстах, шмат чаго рабіў, арышт не стаўся для мяне нечаканасцю. Але я ні пра што не шкадую. Я заўсёды лічыў, што лепей прыкласці ўсе намаганні і паспрабаваць штосьці змяніць, нават пайсці за гэта ў турму, чым пакутаваць пасля, што ты нічога не зрабіў, што сядзеў дома на канапе», — гаворыць былы палітвязень.
Калі ў лістападзе 2020 года арыштавалі блізкага сябра Івана, хлопец зразумеў, што сілавікі ў хуткім часе выйдуць і на яго. І вырашыў пакінуць Беларусь. «Але не паспеў. Падчас спробы выезду мяне затрымаў ГУБАЗіК», — згадвае суразмоўца.
«Я не планаваў з’язджаць назаўсёды. Думаў пераседзець у бяспечным месцы нейкі час, пакуль па крымінальнай справе не выйдуць тэрміны даўніны», — дадае ён.
«Суд зрабілі закрытым, каб не вылезла праўда пра зверствы сілавікоў»
Івана Андрушойць судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, суд зрабілі закрытым. На думку былога палітвязня, улады такім чынам хавалі праўду, баяліся, што грамадскасць даведаецца пра зверствы сілавікоў.
«Наша каманда аднадумцаў была вельмі згуртаванай, ніхто не пагадзіўся ісці на супрацоўніцтва са следствам. Аператыўнікі Валадаркі ўсімі спосабамі імкнуліся нас зламаць, хацелі, каб мы пачалі выдаваць хоць якую інфармацыю. Таму і пад следствам нас трымалі так доўга, марынавалі. Праз нейкі час мяне ўвогуле перавялі ў рэспубліканскі шпіталь для асуджаных. Сябра, што праходзіў са мной па справе, закінулі ў камеру з суіцыднікам, трэцяга нашага таварыша — да чалавека з псіхічнымі захворваннямі. Калі мы ездзілі на суды, там трэба было цалкам распранацца падчас «шмону», і вось аднойчы я ўбачыў, што ўсё цела майго сябра сіняе. Ён растлумачыў, што супрацоўнікі СІЗА яго не збівалі, пабоі ён атрымаў ад псіхічна хворага сукамерніка, бо даводзілася вязаць таго па начах, — распавядае хлопец. — Закрытым судовае паседжанне зрабілі, каб пазбавіць нас падтрымкі сяброў, сям’і, знаёмых, аднадумцаў і каб схаваць праўду пра зверствы сілавікоў. Дарэчы, я бачыў, колькі людзей прыйшло нас падтрымаць, бо ў залу пасяджэнняў нас выводзілі са «стаканов» праз цэнтральнае фае. Гэта было неверагодна… Хоць я быў і ў кайданках, але ўсё роўна нейк рукой падаў ім знак, што я трымаюся, што са мной усё добра».
Але галоўная прычына, паводле слоў Івана, палягала ў тым, што «на судзе дэманстравалася вельмі шмат відэаматэрыялаў з пратэстаў, і сістэма апасалася перадаць гэта галоснасці».
«Нас жа затрымалі за тое, што мы спампоўвалі інфармацыю з сетак відэаназірання Мінгарвыканкама. Гэтыя відэа фігуравалі ў матэрыялах крымінальнай справы. Мітынгі, збіццё амапам мірных пратэстоўцаў, закідванне гранатамі пенсіянераў… Улады хавалі гэтую праўду. І калі б людзі такое ўбачылі, не выключаю, што распачалі б наўпрост у судзе бунт», — дзеліцца сваімі высновамі Іван.
«Стараліся ўтрымліваць асобна ад іншых палітычных»
«У рэспубліканскую бальніцу мяне паклалі яшчэ і таму, што з-за масавых рэпрэсій элементарна не хапала месцаў у камерах для пратэстоўцаў. Іх было так шмат, што адміністрацыя Валадаркі пачала саджаць іх і ў тыя камеры, куды, паводле закону, іх саджаць забаронена. Напрыклад, з ужо асуджанымі ці з падследнымі, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў. З палітычнымі я сядзеў толькі першы месяц. Пасля ў часе следства я з імі не перасякаўся, толькі ў часе суда са сваімі сябрамі. Што праўда, у бальніцы сустрэў Рыгора Кастусёва, яму ўжо тады дыягнаставалі рак… А так я сядзеў са звычайнымі асуджанымі па побытавых артыкулах. Але што хацеў бы зазначыць: абсалютна ўсе з іх цалкам мяне і мае погляды падтрымлівалі», — згадвае экс-палітвязень.
Рэспубліканскую бальніцу для асуджаных цяпер перанеслі ў Калядзічы, гаворыць Іван. «Але ў часе майго знаходжання за кратамі бальніца месцілася на тэрыторыі Валадаркі. Розніца паміж камерамі бальніцы і камерамі СІЗА ў тым, што на вокнах першых няма «раснічак», якія замінаюць пранікненню сонечных праменяў, і рэжым там не такі жорсткі, — згадвае ён. — У маёй камеры з васьмі чалавек шэсць хварэлі на рак, таму на стукацтва яны не пагаджаліся, у гэтым не было сэнсу, бо людзі ўжо пісалі развітальныя лісты дадому. Таму на маёй камеры аператыўнікі паставілі крыж».
Іван кажа, што пасля красавіка 2021 года аказаўся ў поўным інфармацыйным вакууме:«Да красавіка нам яшчэ аддавалі «Новы Час», які быў, без перабольшвання, глытком свежага паветра для ўсіх нас. Пазней нас і гэтага пазбавілі».
«Жонка сказала: «Ну як жа я ад цябе адмоўлюся?»
Падчас знаходжання на Валадарцы Іван Андрушойць ажаніўся.
«Праз месяц пасля арышту, у снежні 2020 года, я зрабіў ёй прапанову. Акурат у гэты час на Валадарцы была вялікая праблема з ліставаннем, амаль што ніхто нічога не атрымліваў. Супрацоўнікі спасылаліся на тое, што ўвесь аддзел цэнзуры нібыта захварэў на каронавірус. Я не ведаў, ці атрымала мая жонка гэты ліст, вельмі пераймаўся. Але я зразумеў, што ліст да яе ўсё ж дайшоў, і што яна пагадзілася, атрымаўшы ліст ад яе лепшай сяброўкі. Тая павіншавала мяне. А праз нейкі час прыйшоў ліст і ад жонкі. Яна сказала: «Ну, канешне, як жа я ад цябе адмоўлюся?» — з цеплынёй згадвае гэтыя моманты Іван.
10 сакавіка Іван і Сафія ажаніліся на Валадарцы. У якасці сведкаў на цырымоніі выступілі супрацоўнікі следчага ізалятара.
«Да сакавіка я ўтрымліваўся ў падвале, фактычна, увесь час без сонечнага святла. І вось вядуць мяне на цырымонію ў пакой, дзе адбываюцца сустрэчы са следчым, — на твар нацягнулі пластыкавы шчыт, што ўвесь быў заляпаны адбіткамі пальцаў, маску. Заходжу я ў пакой следчага, а там такое сонца праз вакно… І вось насупраць стаіць мая жонка, але я бачу толькі яе сілуэт. Такое ўражанне было, што я аслеп, бо за пяць месяцаў адзвычаіўся ад сонца. Плюс гэты брудны шчыт і маска. Секунд 30 я прыходзіў у сябе і не разумеў, што адбываецца. Пасля ўжо ўбачыў жонку, вельмі ўзрадаваўся. Я ўвесь час баяўся, што рэгістрацыю шлюбу ў любы момант адменяць, быў у вельмі напружаным стане, імкнуўся не правакаваць супрацоўнікаў, не настройваць супраць сябе, каб, крый божа, тыя не сарвалі нашу рэгістрацыю», — згадвае суразмоўца.
Івану і Сафіі дазволілі абняцца і пасля далі кароткае спатканне.
«Праз напружанне я дзейнічаў і рухаўся, як робат. Плюс мяне перапаўняла столькі эмоцый… І радасць, і сум, усё адразу», — дзеліцца перажытым Іван.
«Сустрэў выдатных людзей, сапраўдны гонар нацыі»
«У першы месяц знаходжання ў СІЗА сядзеў разам з Андрэем Войнічам, Паўлам Манкіненкам, перасякаўся з Андрэем Клютчэням, — згадвае экс-палітвязень. — Калі чакаў апеляцыі, то сустрэў Віталя Мінкевіча, яго пазней унеслі ў тэрарыстычны спіс і прысудзілі 18 гадоў зняволення. Выдатны хлопец, вельмі начытаны, эрудаваны. Сустракаў і Дзмітрыя Зеленяка, ён вельмі таленавіты матэматык. Паўднёвакарэйская фірма Хайнікс, у якой ён працаваў да арышту, была гатовая любыя грошы заплаціць, каб яго выпусцілі. Але яго ўсё роўна пасадзілі па артыкуле «абраза прэзідэнта». Дзмітрый мусіў вызваляцца прыкладна ў адзін час са мной, але калі ўвосень 2022 года мы размаўлялі з ім у калоніі, ён паведаміў, што яго асудзілі па новай крымінальнай справе і дадалі яшчэ паўгода. На Валадарцы я сустрэў Ягора Дуднікава, а калі прыехаў у калонію і звярнуў увагу на таблічку на стале дзяжурнага, то ўбачыў там прозвішча Ягора. Запытаўся ў іншага хлопца: «Дык а што, ён тут? Дык я ж тут ужо тыдзень і не бачыў яго». На што хлопец адказаў, што Ягора з самога пачатку пачала прэсаваць адміністрацыя, была ўстаноўка змясціць яго ў ШІЗА, ПКТ, а пасля перавесці на крытую турму. Я ўбачыў Ягора праз месяц, калі той ішоў на анлайн суд па замене рэжыма… Ён памахаў мне і пасля суда сказаў, што яму далі 3 гады замены рэжыму на турэмны».
Усіх палітвязняў, з якімі Іван сустрэўся за кратамі, хлопец згадвае з вялікай цеплынёй:
«У калоніі бачыў Юрыя Вальчука, ён настаўнік, быў абвінавачаны ў тым, што выклаў у сеціва фота дырэктара школы, маўляў, вось гэты чалавек фальсіфікуе выбары. Пазней Юрыю інкрымінавалі і іншы артыкул — «незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі» і асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. Нейкі час сядзеў у ПКТ з Віталём Жуком. Перасякаўся са Змітром Канапелькам, хірургам Андрэем Любецкім, Арцёмам Латышавым, Сашам Івановым. Сашу ўвесь час кідалі ў ШІЗА і ПКТ, як і Андрэя Новікава. Андрэй у тых падвалах увогуле ўвесь тэрмін адседзеў. Усе палітвязні, з якімі я сустракаўся, — гэта выдатныя, цудоўныя людзі, вельмі адукаваныя, прыстойныя, цвёрдыя, мужныя, эліта нацыі».
«Нават калі вязень памрэ, ніхто там пераймацца не будзе»
«Пенітэнцыярная сістэма вельмі жорсткая. Яна ніколі не пойдзе на саступкі, ніколі не дазволіць сабе «праявіць слабіну», будзе душыць няскароных да канца — у павучанне іншым. Нават калі чалавек загіне, ніхто там пераймацца не будзе, — працягвае аповед Іван Андрушойць. — Калі ты заязджаеш у калонію, цябе чакае два варыянта. Альбо на цябе ёсць указ «зверху» — гэта значыць, што цябе адразу вызначаць у ШІЗА і ПКТ, а пасля дашлюць у крытую турму. Альбо, калі такой устаноўкі няма і ты сядзіш у атрадзе, за табой увесь час будуць хадзіць аператыўнікі і сэксоты. Яны ходзяць у літаральным сэнсе ценем. Нават на каранціне. Яшчэ там палітычных выклікае на размову аператыўнік і кажа, што не толькі пра палітыку ты тут не павінен размаўляць, а і ўвогуле падыходзіць да іншых асуджаных з жоўтай біркай не маеш права. І калі, маўляў, мы ўбачым вас побач, альбо што разам сядзіце на адной лавачцы, чакайце наступстваў».
«Пасадзілі ў ШІЗА і ПКТ да канца тэрміну»
«Калі мяне ў чарговы раз павялі на камісію па пакаранні, начальнік калоніі запытаўся, колькі мне засталося да канца тэрміну. Я адказаў, што 75 дзён. Той прамовіў: «Ну і выдатна, ШІЗА і ПКТ да канца тэрміну», — працягвае былы палітвязень — Я трохі не чакаў такога развіцця падзей, думаў, што пазбавяць пасылкі ці спаткання. Але ў службоўцаў былі іншыя планы. Так, у лютым я вызваляўся з калоніі наўпрост з памяшкання камернага тыпу».
Іван згадвае, што яшчэ да таго, як яго змясцілі ў ШІЗА, раіўся з іншымі асуджанымі, што і як можна пранесці ў штрафны ізалятар, каб не змерзнуць. У выніку палітвязень здолеў пранесці туды тэрмабялізну.
«У ШІЗА камеры розныя. Там усюды халодна, але ёсць такія, дзе вельмі халодна, там вялікія шчыліны ў вокнах і падлозе, — згадвае суразмоўца. — І вось туды змяшчаюць самых няскораных. 10 сутак там здаюцца вечнасцю. Перад сняданкам уваходныя дзверы ў будынак адчыняюць наскрозь гадзіны на паўтары, і ты прачынаешся ад халоднага патоку. Першыя два-тры дні ў ШІЗА я кайфаваў, што застаўся адзін, што не бачу ўсіх гэтых брыдкіх сэксотаў. Пасля да мяне ў камеру пачалі закідваць нейкіх вар’ятаў, і мой настрой змяніўся. Плюс я пачаў замярзаць. У ПКТ было трошкі прасцей, можна было закупацца ў атаварцы на 2 базавыя і чытаць. Камеры ПКТ таксама розныя. Ёсць такія, дзе ўся сцяна мокрая, са сцен і столі капае кандэнсат і няма батарэі. Калі я падносіў руку да сцяны — ад яе сыходзіў такі паток холаду, што мяне трэсла. Усе рэчы вільготныя, немагчыма было сагрэцца, хоць у ПКТ і болей вопраткі дазваляецца мець, чым у ШІЗА».
«Увесь час думаеш, ці выпусцяць цябе»
Іван дадае, што ўвесь час знаходжання ў ПКТ думаў аб тым, як бы дажыць да моманту вызвалення і нарэшце ўбачыць сваіх родных, абняць жонку.
«Я вельмі пачаў цаніць абдымкі. Увогуле шмат чаго пачаў цаніць і шмат да чаго ставіцца па-іншаму», — кажа экс-палітвязень.
«Таксама ўвесь час думаў, ці выпусцяць мяне. Я не выключаў варыянту, што мяне выпусцяць, а за брамай калоніі адразу ж спыняць і прад’явяць новае абвінавачванне. Ніякай упэўненасці ў тым, што я выйду, не было».
«Калі ўбачыў Мінск, які цалкам вымер, зразумеў, што мне ў ім больш няма месца»
Былы палітвязень прызнаецца, што вызваленне не прынесла яму пачуцця радасці і палёгкі. «Прайшоўся па Мінску і жахнуўся: горад пусты, у ім амаль што не было людзей. Ніхто не ўсміхаецца, у паветры напружанне і прыгнёт, людзі запалоханыя. Адчуванне нейкай свабоды прыйшло да мяне толькі тады, калі я апынуўся на тэрыторыі Еўразвязу. Я адразу падпісаўся на ўсе «экстрэмісцкія» каналы і нарэшце змог уздыхнуць поўнай груддзю», — кажа Іван.
Палітвязень дадае, што жыццё пасля вызвалення было няпростым: «Цябе ўсё роўна не пакідаюць у спакоі. Ты як быў ворагам народу для рэжыму, так ім і застаешся. Мне адразу паставілі забарону на выезд, увесь час выклікалі ў РУУС, увесь час тэлефанавалі з міліцыі, не давалі дыхаць. Так можна і звар’яцець. Ці паўторна трапіць за краты».
Іван прыняў рашэнне пакінуць Беларусь. Цяпер экс-палітвязень у Швейцарыі, аднаўляецца, займаецца здароўем, дапамагае палітвязням і іх сем’ям.
«У Беларусі ўсё абавязкова зменіцца рана ці позна. Шлях гэты будзе доўгім і няпростым, але надзею губляць усё роўна не варта. Яна ўратоўвала нас за кратамі, яна ўратоўвае беларусаў і цяпер. Таму — верым, можам, пераможам!», — падсумоўвае хлопец.
Вольга Класкоўская, novychas.online,
фота з асабістага архіву Івана Андрушойць