Два гады таму пра Крысціну Ціманоўскую пісалі сусветныя медыя. Беларуская лёгкаатлетка падчас Алімпіяды ў Токіа пакрытыкавала некампетэнтных трэнераў, за што трапіла ў палітычную апалу. Больш дадому яна не вярнулася.
Гісторыя гэтая занадта вядомая, каб згадваць яе ў падрабязнасцях. Таму коратка. Пасля крытычнага допісу ў інстаграме з Мінска паступіла каманда (не выключана — асабіста ад Лукашэнкі) — зняць непакорлівую спартоўку са спаборніцтваў і тэрмінова пасадзіць на самалёт да Беларусі. У аэрапорце, куды Крысціну гвалтоўна прывезлі, яна звярнулася да паліцыянтаў, і тыя «адбілі» яе ў лукашэнкаўскага канвоя. Потым было падарожжа ў Польшчу, якая пагадзілася даць беларусцы прытулак. Прэс-канферэнцыя, якая выклікала вялікі рэзананс. І новае жыццё ў новай краіне.
Цяпер Ціманоўская спаборнічае за Польшчу. Паводле пастановы прэзідэнта Анджэя Дуды, яна атрымала польскі пашпарт. А потым — і дазвол на ўдзел у афіцыйных турнірах ад Міжнароднай лёгкаатлетычнай асацыяцыі. Прычым такое права Крысціне прадаставілі па паскоранай працэдуры, з улікам абставін, якія вымусілі дзяўчыну змяніць грамадзянства.
Усе гэтыя два гады яны займалася любімай справай. Трэніравалася, удзельнічала ва ўнутраных польскіх спаборніцтвах, мацавала свой уласны рэйтынг у новай зборнай.
І вось першае выпрабаванне — чэмпіянат свету, які прайшоў у Будапешце 19-27 жніўня. На сусветны форум беларуска адправілася ў складзе польскіх бегуноў, дзе ўзяла ўдзел у трох дысцыплінах.
Спачатку была стометроўка — самая прэстыжная спрынтарская дыстанцыя. Праз фальстарт, які псіхалагічна крыху выбіў беларуску з каляіны, і высокую канкурэнцыю вынік тут атрымаўся пасрэдным. Усё скончылася на стадыі кваліфікацыі — у наступны раўнд Крысціна не прайшла.
Потым — 200 метраў, каронная дысцыпліна ўраджэнкі Клімавіч. Гэтым разам першае выпрабаванне было паспяховым. З неблагім часам яна трапіла ў паўфінал. Але да фіналу беларуска не дабегла — знайшліся больш хуткія спартоўкі.
Тут варта адзначыць, што бегавыя віды — не самы ўдалы сегмент лёгкай атлетыкі для беларусаў. Дый не толькі для беларусаў: тут традыцыйна дамінуюць цемнаскурыя атлеты, таму не дзіўна, што ў тым жа Будапешце да медалёў шчасліва дабягалі прадстаўнікі і прадстаўніцы ЗША, Вялікабрытаніі, Ямайкі, Эфіопіі, Уганды, Батсваны… Зрэшты, шанцы застаюцца і ў іншых удзельнікаў, што, у прыватнасці, даказала полька Наталля Качмарэк — у сталіцы Венгрыі яна выйграла срэбра ў забегу на 400 метраў.
Трэцім стартам на ЧС для Крысціны Ціманоўскай была эстафета 4х100 м. Польскі квартэт разам з беларускай склалі Піа Скрыжоўска, Магдалена Стэфановіч і Ева Свабода. Паспяхова прайшоўшы кваліфікацыю, гэтая каманда прабілася ў фінал, дзе таксама «стрэліла» гучна. Перад паўнюткімі 36-тысячнымі трыбунамі будапешцкага стадыёна дзяўчаты ў чырвона-белым прабеглі годна і занялі выніковае пятае месца.
Так, гэта не п’едэстал, і аніякіх узнагарод полькам не ўручылі. Але пяты радок у фінальным пратаколе — гэтай найлепшы вынік у гісторыі польскага спорту ў гэтай дысцыпліне. Ужо па гэтай прычыне водгукі на свой выступ эстафетніцы атрымалі вельмі пазітыўныя. Той жа танальнасці былі і каментары ў інстаграме Крысціны Ціманоўскай, куды яна выклала відэа вырашальнага забегу.
Але каштоўнасць паказаных на ЧС секунд палягае таксама ў іншым — у перспектыве. Першыя два месцы ў эстафеце занялі каманды ЗША і Ямайкі — нееўрапейскіх краін. Гэта значыць, што ў адносным заліку польскія спрынтаркі фінішавалі трэцімі сярод чацвёрак кантынента. Выснова напрошваецца: на чэмпіянаце Еўропы, які пройдзе ў наступным годзе ў Рыме, Ціманоўская са сваімі новымі сяброўкамі мае ўсе шанцы заваяваць медаль. Што будзе цудоўным вынікам як для самой беларускі, так і для ўсёй лёгкаатлетычнай Польшчы.
А пасля чэмпіянату Еўропы неўзабаве пачнуцца і Алімпійскія гульні ў Парыжы, куды Крысціна таксама павінна трапіць. І таксама з неблагімі каціроўкамі ў дысцыпліне 4х100 м.
Справа ў тым, што жаночая эстафетная каманда ў Польшчы досыць маладая. Ціманоўская ў ёй самая старэйшая, пры тым, што знаходзіцца ў залатым узросце — 26 гадоў, калі яшчэ можна і патрэбна прагрэсаваць. Каляжанкі яшчэ больш маладыя, то за бліжэйшы год пры належнай працы і пісьменным трэніровачным працэсе вынікі дакладна можна палепшыць.
Карацей, прафесійная будучыня палітычнай уцякачкі Крысціны Ціманоўскай малюецца зараз у вясёлкавых колерах. У зборнай Польшчы яна знайшла сваё пачэснае месца, выйшла на годны ўзровень, ставіць асабістыя рэкорды, наперадзе — новыя старты і новыя надзеі.
Тым часам у Беларусі сваё жыццё — рэпрэсіі, ізаляцыя, «вагнераўцы» і махровая прапаганда. Лукашэнкаўскія агітатары кшталту дурнаватага Азаронка шэльмуюць Ціманоўскую з зайздроснай рэгулярнасцю. Для прапагандыстаў лёгкаатлетка-эмігрантка з’яўляецца «здрадніцай», бо як жа: не захацела вяртацца ў Беларусь з Токіа, дзе яе чакалі рэпрэсіі. У Польшчы, паводле меркавання дзяржаўных медыя, яе чакае заняпад, на спартыўнай кар’еры трэба ставіць крыж і ісці зарабляць мыццём посуду ў вулічных кавярнях. Ну прыкладна так — з абавязковай згадкай пра тое, як дрэнна жывецца простым людзям у Польшчы, дзе яны ледзь не галадаюць і надта пакутуюць пад амерыканскай пугай.
Гэтыя бздураватыя пужалкі ўздзейнічаюць хіба на самых апантаных ябацек, якія, акрамя тэлебачання, не маюць аніякіх крыніц інфармацыі. Між тым самі спартоўцы ўнутры краіны, канечне ж, ведаюць, як яно на самая справе. І каму насамрэч зараз лепей — ім, ізаляваным ад сусветнага спорту, ці Крысціне Ціманоўскай, якая выступае на самых прэстыжных спаборніцтвах.
Ужо амаль паўтара года беларускі спорт існуе ва ўмовах міжнароднай блакады. Памалу, паводле ініцыятывы Міжнароднага алімпійскага камітэта, атлетаў вяртаюць да турніраў — але не ўсіх і толькі ў нейтральным статусе. Перспектывы ўдзелу ў Алімпіядзе дагэтуль незразумелыя, таму ў спартовых колах пануюць дэпрэсіўныя настроі.
У лёгкай атлетыцы дык увогуле поўны змрок. Міжнародная асацыяцыя не спяшаецца нанова дапускаць беларусаў да стартаў, і тыя вымушаны бегаць-скакаць у супольных спартакіядах з такімі ж адрынутымі расійцамі.
Адзін з найлепшых спартоўцаў (і па сумяшчальніцтву — прававерны лукашыст) Максім Недасекаў у сваіх скачках у вышыню дэградаваў настолькі, што нават у першынстве Расіі нядаўна заняў толькі дзявятае месца. Перад гэтым з сумам заўважыў: «Думаю, на Алімпійскія гульні мы не паедзем, бо не дапусцяць».
Кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан кажа прыкладна тое ж самае. Што на апошняй канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі беларускае пытанне нават не сталі разглядаць, што «мы пісалі ім і ў студзені, і ў сакавіку, але адказаў не атрымалі». І гэтак далей, сумна і амаль безнадзейна.
Праз тры гады пасля сфальсіфікаваных выбараў, праз паўтара года саўдзельніцтва ў пуцінскай агрэсіі лукашэнкаўская Беларусь усё больш імкліва апускаецца ў цывілізайцыйную багну. У спорце гэта адчуваецца асабліва яскрава. У тым ліку на кантрасце з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, якая ўлетку 2021 года зрабіла правільны выбар і своечасова перайшла на светлы бок.