На афіцыйнае адкрыццё мурала, які намаляваны на фасадзе прагімназіі Сімона Даўкантаса, прыйшлі дзясяткі журналістаў і праваабаронцаў, піша «Салідарнасць».
Мурал з партрэтам Алеся Бяляцкага з’явіўся на вуліцы Міндоўга, амаль насупраць амбасады Беларусі ў Літве.
На мерапрыемстве выступіла праваабаронца і зямлячка лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алена Маслюкова.
— Гэта вельмі адкрыты і адданы сваёй справе чалавек, — сказала яна пра Алеся Бяляцкага. — Напэўна, шмат у чым дзякуючы яму, праваабарончы цэнтр «В*сн*» займаецца сваёй працай нават знаходзячыся ў выгнанні.
Магчыма таму, што мы ўяўляем вялікую пагрозу для палітычнага рэжыму Лукашэнкі: ён проста выганяе людзей з Беларусі. А мы сюды прыехалі на просьбу Алеся.
Мы хочам, каб Беларусь стала дэмакратычнай і свабоднай. (Плача). Мы будзем працягваць справу Алеся.
Калі мы пачулі, што Нобелеўская прэмія міру прысуджана нашаму кіраўніку Алесю Бяляцкаму, першае, што я напісала ў Фэйсбуку: «Светлагорск, ты павінен ганарыцца».
І вось гэты мурал правільна было б найперш убачыць на школе і ўніверсітэце, у якіх вучыўся Алесь, магчыма, на сценах у Мінску.
Мы, канешне, бязмерна ўдзячныя Літве і кожнаму літоўскаму грамадзяніну за тое, што яны змаглі зрабіць тое, што не змаглі зрабіць у Беларусі. Вялікі дзякуй, што ёсць гэты мурал, які будзе гаварыць кожнаму літоўцу, усім беларусам, якія тут знаходзяцца і ўсім гасцям Вільнюса, што гэты чалавек ахвяраваў сваёй свабодай дзеля свабоды цэлага народа.
budzma.org паводле gazetaby.com