У беларускамоўным ютубе з’явіўся новы адукацыйны праект «Школьны воз». У яго аўтараў вельмі смелыя і амбітныя планы — запісаць відэаўрокі па ўсіх прадметах школьнай праграмы. «Нават калі для гэтага нам спатрэбіцца 15 гадоў», — паабяцалі вядучыя пілотнага выпуску Наталка Харытанюк і Дзяніс Бурко.
Наталка і Дзяніс — даволі дасведчаныя гульцы на беларускамоўным адукацыйным ютуб-полі. Харытанюк вядзе на ютубе «English з Наталкай», а Бурко вучыць школьнікаў гісторыі Беларусі на сваім канале «Альгерд ужо ня той».
Цяпер яны актыўна ствараюць відэаўрокі для «Школьнага возу». Спачатку на канале з’явіцца цыкл па гісторыі Беларусі за 6 і 7 клас і праграма па англійскай за 5 клас, а ў найбліжэйшай будучыні плануецца школьны курс па сусветнай гісторыі.
Адметнасць і ўнікальнасць праекта ў тым, што вядучыя будуць тлумачыць кожны параграф і кожны юніт. Такім чынам, калі нехта раптам прапусціў школу або штосьці не зразумеў ці захацеў па дарозе на ўрокі паўтарыць матэрыял — гэта можна будзе зрабіць наўпрост у сваім тэлефоне.
Акрамя таго, «Школьны воз» — гэта яшчэ і цудоўная магчымасць для тых, хто захоча атрымаць дадатковыя веды і паслухаць дзеля цікавасці іншых настаўнікаў.
«Уяўляеце, як будзе зручна — можна глядзець, слухаць і вучыцца. І няважна, дзе ты знаходзішся — у Аўстраліі на мысе Касцюшкі або ў Менску, Польшчы ці Грузіі», — запрашаюць падпісвацца на канал Наталка і Дзяніс.
Да ініцыятывы могуць далучацца і настаўнікі:
«Мы спадзяемся, што да нас прыйдуць іншыя настаўнікі, і мы зможам падзяліцца сваім досведам і напрацоўкамі ў арганізацыі здымак. А можа, разам запішам і відэаўрокі па іншых школьных прадметах — матэматыцы, беларускай мове, біялогіі, фізіцы, геаграфіі».
Наталка і Дзяніс падкрэслілі яшчэ адзін важны момант — з розных прычын беларускіх школьнікаў сёння раскідала па ўсім свеце, пераважная большасць з іх вучыцца не па-беларуску. «Школьны воз» стане той самай пляцоўкай, дзе беларускія дзеткі змогуць атрымліваць веды на роднай мове.