Спявачка і аўтарка песень Адэля Вольская, якая выступае пад імем ADEL LINE, свой першы міні-альбом запісала ў 18 год, у 2016-м. Адразу тры яе трэкі трапілі тады ў пяцёрку самых запатрабаваных песень лета ад музычнага партала «Тузін FM». А ўжо ў наступным годзе спявачка прэзентавала паўнафарматны альбом «Казка». Пасля доўгага перапынку Адэля запісала новыя рэлізы і марыць аб тым, каб выпусціць альбом. Пра крыніцы натхнення, знакамітага бацьку і планы на будучыню яна распавяла budzma.org.
— Як пачалося тваё захапленне музыкай?
— Яшчэ ў дзяцінстве бабуля павяла да манашкі, якая займалася хорам. Я пачала спяваць разам з усімі падчас заняткаў. І ў мяне пачало атрымоўвацца. У хоры я займалася некалькі гадоў, ажно да таго моманту, як з’ехала ў Польшчу. Пазней я вырашыла, што трэба і далей развівацца ў гэтым кірунку, бо гэта заўсёды было маёй марай. Праз музыку можна перадаць усё, што цябе турбуе: і радасць, і сум, яна дапамагае перажыць эмоцыі.
— Якім быў твой музычны шлях?
— У 2017 годзе я апублікавала «Казку» на Soundcloud. Гэты альбом для мяне — вялікі крок у творчасці, бо з гэтага я пачала і для мяне гэта было проста неверагодна. Шчырыя тэксты, якія адгукаюцца да гэтай пары ў маім жыцці. Адзінае, што гучанне тады было неідэальным.
Потым у мяне доўгі час нічога не выходзіла. Я з’ехала ў Польшчу па праграме Каліноўскага, вывучала арганізацыю івентаў, вучоба адымала нямала часу. Таксама ў той перыяд адбылося шмат падзей у маім жыцці, гэта быў складаны час. Асабліва і не было жадання нешта ствараць. І вось пару год таму я запісала рэліз «Паміраю» і «Момант».
Зараз жа мая творчасць стала крыху лепшай па гучанні. Гэта для мяне таксама вялікі крок. Раней я толькі марыла рабіць сваю музыку ад пачатку да канца, а зараз гэта ўжо рэальнасць. Шчырасць маіх тэкстаў да гэтай пары такая ж, без зменаў. Проста зараз мае погляды на жыццё крыху змяніліся, і тэксты больш сур’ёзнымі сталі. Даросласць — яна такая.
— Якія музычныя жанры табе бліжэй?
— Калі казаць пра маю музыку, то я бы аднесла яе хутчэй да жанру поп-рок. Але мне таксама хацелася б і папрацаваць у іншых кірунках: напрыклад, запісаць нешта фолькавае. Апроч гэтага я спрабавала сабе ў электроннай музыцы. Цікава было б паэксперыментаваць з і трансам, і псіхаделік-рокам.
— Як на тваю творчасць паўплывалі падзеі 2020 года? Камусьці гэта дало натхненне, а камусьці, наадварот, было цяжка ствараць у такіх стрэсавых умовах…
— На маю творчасць гэтыя падзеі паўплывалі хутчэй негатыўна. Я вымушана была з’ехаць з Беларусі. Трэба было пераязджаць, мяняць жыллё, некаторы час я жыла ў інтэрнаце. Было шмат клопатаў, таму было не да творчасці. З 2020 года я ўжо не езджу ў Беларусь. Першыя два гады было асабліва складана. Там, на радзіме, засталіся мае бабулі, з якімі я не магу пабачыцца. Проста ў нейкі момант ты разумееш, што ў цябе больш няма выбару, шлях дадому зачынены. Але за апошні год я змагла прыняць гэтую сітуацыю, як яна ёсць. Зразумела, што трэба развіцца ў тых сферах, у якіх я хачу, верыць у светлую будучыню Беларусі, і што гэтая чорная паласа скончыцца.
— Ведаю, што год таму ты перанесла аперацыю ў Польшчы. Як тваё здароўе цяпер?
— На шчасце, усё скончылася добра. Я вельмі ўдзячная беларусам, якія мяне падтрымалі і дапамаглі аплаціць аперацыю, бо мая страхоўка яе не пакрывала. Мяне вельмі ўразіла, як хутка, прыблізна за чатыры дні, атрымалася сабраць усю неабходную суму. Кісту выявілі ў мяне летам, а аперацыю зрабілі толькі зімой, і ўсе гэтыя месяцы я была ў моцным стрэсе. Але беларусы, якія адгукнуліся, мяне проста выратавалі. На шчасце, злаякасную пухліну ў мяне не знайшлі.
— Ці цяжка рэалізавацца беларускім музыкам у чужой краіне?
Так, гэта даволі складана. Супрацоўнічаю я зараз выключна з творцамі з Беларусі: у мяне ёсць сябар, ён таксама захапляецца музыкай, і мы разам спрабуем нешта рабіць. Але ёсць пэўныя цяжкасці з прасоўваннем, не заўсёды яно спрацоўвае. Часам я раблю песні сама, ад пачатку да канца: сама пішу і словы, і музыку. Для мяне музыка — як маё дзіця. Але калі глядзіш на лічбы праслухоўвання, і іх мала, то прыходзіць нейкае расчараванне. Я пачынаю думаць, што я раблю нешта не так, менавіта ў плане маркетынгу.
— Твой тата — знакаміты музыка. Ці дапамагае гэта ў тваёй творчай рэалізацыі? Ці наадварот?
— Калі я пачала пісаць музыку, я падпісвалася сваім імем. Вядома, што былі параўнанні з бацькам, гэтага, напэўна, цяжка было б пазбегнуць. Але я да гэтага спакойна аднеслася, я разумела, што так будзе. Тым не менш мне ўсё ж такі хацелася, каб мяне слухалі не як дачку Вольскага. Таму я прынцыпова ўзяла псеўданім. Калі я пачынала творчы шлях, тата мне даваў парады, нават дапамагаў пісаць тэксты. Але гэта было даўно, цяпер ён ніяк не ўплывае на маю музыку.
— Хто цябе натхняе, падабаецца з музыкаў? Беларускіх ды замежных…
— Калі казаць пра беларускіх, то я люблю слухаць Свету Бень: яна вядомая па творчасці ў «Серебряной свадьбе», аднак зараз спявае сольна. У яе нестандартная, цікавая музыка, мне падабаюцца яе песімістычныя, часам іранічныя тэксты.
Таксама люблю музыку Ганны Хітрык, якая спявала ў «ДзеціДзяцей» і «Сундуку», а зараз яна працягвае сольную кар’еру. Мне падабаецца яе адкрытасць, яе жывыя выступы. Яна не проста дае канцэрты, а сапраўды пражывае свае песні, калі спявае. Магчыма, у гэтым ёй дапамагае яе тэатральны досвед, але яе выступы можна назваць амаль ідэальнымі.
Люблю паслухаць Наку. У яе вельмі моцныя, часам жорсткія тэксты, але мне вельмі падабаецца.
Калі казаць пра мужчын-выканаўцаў, то апошнім часам я слухала Вінсента. На мой погляд, гэта добры беларускі рэп. Гурт Botanic Project — вельмі крутыя, сапраўднае беларускае рэггі. Слухаю яшчэ Dzivia — неверагоднае гучанне, цудоўны фольк. Файны грут «Петля Пристрастия». У іх цудоўныя тэксты, прымушаюць задумацца.
Наконт замежных музыкаў — апошнім часам слухаю Kovac, вельмі натхняе яе творчасць. Таксама люблю Sinéad OʼConnor, The Cranberries, Bob Marley, Johnny Cash, Leonard Cohen, Rammstein, System of a Down.
З расейскіх мне падабаецца Барыс Грабеншчыкоў, «Кароль і шут», «Пікнік», Shortparis. Яшчэ адкрыла для сябе польскую спявачку Maria Peszek — у яе вельмі моцныя і шчырыя тэксты.
— Распавядзі, калі ласка, пра свае найбліжэйшыя творчыя планы.
— У мяне ёсць шалёнае жаданне зрабіць свой сольны канцэрт: хацелася б спець менавіта свае песні, не каверы ці нешта іншае… Я даўно не выступала, але я памятаю, якая гэта энергія, аддача ад публікі. Неверагоднае адчуванне. Таксама я думаю пра альбом, сабраць у ім песні, якія пісала раней, і тыя, што стварыла нядаўна.