«Сэрца творцы» і «І сказаў кароль: што за цуд-машына!» Сталі вядомыя фільмы адкрыцця і закрыцця «Паўночнага ззяння — 2023»

Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе з 13 па 26 лістапада, паведаміў, з якога фільма пачнецца фэст і якой стужкай ён скончыцца.

Неўзабаве кінафэст абвесціць астатнія фільмы сёлетняй праграмы, глядзець якія можна будзе online бясплатна па рэгістрацыі. Зарэгістравацца ўжо можна!

13-га лістапада «Паўночнае ззянне — 2023» пачнецца з маляўнічага, жывапіснага і вельмі ўтульнага партрэта любімай мастачкі Фарэрскіх астравоў — фільма «Сэрца творцы».

Дакументальны баёпік знаёміць гледача з мастачкай Сігрун Гунарсдоцір. Ёй 73 гады. Яна нарадзілася і жыве ўсё жыццё ў вёсачцы Айі, якая быццам размясцілася ў кінасусвеце Уэса Андэрсана, але папраўдзе знаходзіцца на другім па велічыні востраве Фарэраў. Сігрун пастаянна ў руху, пастаянна ў працы: малюе, шпацыруе з сабакам, гуляе з мужам у пінг-понг.

Жанчыну натхняе ўсё, што ёсць вакол яе: людзі, птушкі і горы, — дзякуючы чаму яна стварыла ўласны жывапісны сусвет. А персанажы мудрагелістых карцін Сігрун ажываюць на экране дзякуючы шатландскай арт-дырэктарцы Кэці Беверыдж, якая працуе з Volkswagen, Burberry і Marc Jacobs.

Менш за гадзіну Марыяна Мёркёр і Байнта а Торкілсхэйдж, для якіх гэта дэбютны фільм, паспяваюць паказаць не толькі неймаверна наваколле і размераны, поўны прыемных дробязяў побыт мастачкі. Яны раскажуць гісторыю Сігрун: ад вучобы ў Акадэміі мастацтваў у Капенгагене да станаўлення ў якасці мастачкі, мамы ды бабулі і заказу на напісанне партрэта дацкай каралевы Маргрэтэ.

Завершыцца 9-ы кінафестываль «Паўночнае ззянне» 26 лістапада фільмам сумеснай вытворчасці Даніі і Швецыі пра двухвекавыя стасункі чалавека і камеры — «І сказаў кароль: што за цуд-машына!».

«І сказаў кароль: што за цуд-машына!» — гэта вытканая з сотняў знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў дасціпная хроніка, якая ахоплівае амаль 200-гадовую гісторыю выявы: ад вынаходства камеры-абскуры і паказу першай рухомай карцінкі жакея на кані да з’яўлення вэб-камер і першых вірусных відэаролікаў.

Рэжысёрскі дуэт Акселя Даніэлсана і Максімільена Ван Эртрыка стварыў адначасова саркастычнае і поўнае глыбокай пашаны фільм-эсэ, што даследуе тое, як выява кіруе нашым стаўленнем да зафіксаванай на ёй рэальнасці. Аўтары міксуюць гістарычныя кадры з каранацыі Эдуарда VII (да яе адсылае мудрагелістая назва фільма) і фрагменты прапагандысцкіх стужак Трэцяга рэйха з дзясяткамі знойдзеных на YouTube дамашніх відэа, тэлевізійнымі рэпартажамі з месцаў ваенных дзеянняў, кліпамі аматараў вострых адчуванняў, якія звісаюць з дахаў хмарачосаў, ды запісамі стрымаў Бэль Дэльфін. Атрымліваецца нібыта вельмі разнастайная стужка Tik-Tok, «прапаноўку» з якой фармуюць рэжысёры.

Уся праграма кінафестывалю будзе даступная бясплатна ў фармаце online. Беларускую праграму «Паўночнага ззяння» часткова можна будзе паглядзець у кінатэатрах у Таліне і Вільні. Больш інфармацыі пра гэта з’явіцца зусім скора.

Для беларусаў, якія будуць глядзець фільмы з Беларусі, рэгістрацыя праходзіць аўтаматычна. Для беларусаў замежжа доступ да фестывальнай платформы выдаецца ўручную. Падрабязная інструкцыя для рэгістрацыі ёсць на афіцыйным сайце кінафестывалю.

паводле прэс-рэлізу