Святлана Ціханоўская сустрэлася з намесніцай кіраўніцы USAID і прыняла ўдзел у адкрыцці прадстаўніцтва USAID па Беларусі

20 верасня Святлана Ціханоўская прыняла ў Вільні намесніцу кіраўніцы USAID (Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці) Амбасадарку Эрын МакКі. Ціханоўская падзякавала USAID і амерыканскаму ўраду за шматгадовую падтрымку Беларусі і беларускай грамадзянскай супольнасці, за падтрымку Стратэгічнага дыялогу паміж Беларуссю і ЗША, а таксама за прасоўванне беларускага пытання на міжнароднай арэне.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі падтрымку ЗША незалежным беларускім медыя, праваабаронцам, культурніцкім праектам, сумленнаму бізнесу і адукацыйным праграмам. Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць дапамогі для ўсіх арганізацыяў, якія ў выніку рэпрэсіяў апынуліся ў выгнанні, і для тых, хто працягвае сваю працу ўнутры краіны.

Ціханоўская распавяла пра запуск Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням і выказала спадзяванне, што ЗША таксама далучацца да працы фонду.

Разам з Амбасадаркай Эрын МакКі беларуская лідарка ўзяла ўдзел у адкрыцці новага прадстаўніцтва USAID/Belarus у Вільні. Праца прадстаўніцтва USAID аднавілася праз тры гады пасля закрыцця офіса ў Мінску ў 2021 годзе.

USAID падтрымлівала беларусаў у розных крызісных сітуацыях, уключаючы наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пандэмію COVID-19 і палітычны крызіс 2020 года. Таксама USAID спрыяў значным поспехам у развіцці стартапаў і IT-сектара ў Беларусі. З пачатку супрацоўніцтва ў 1992 годзе ўрад ЗША выдаткаваў Беларусі больш за 1,1 мільярда даляраў дапамогі ў розных сектарах, уключаючы прасоўванне дэмакратычных прынцыпаў, правоў чалавека, а таксама падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

tsikhanouskaya.org