
У бібліятэцы імя Лукаша Гурніцкага ў Беластоку адбылася прэзентацыя кнігі Вольгі Сямашкі «Могілкі беларусаў Падляшша. Могілкі як прадмет функцыянавання памяці супольнасці памежжа».
Манументальнае выданне аб’ёмам больш за 700 старонак, дапоўненае звыш 300 фотаздымкамі, стала вынікам шматгадовых даследаванняў. Падчас сустрэчы аўтарка расказала пра людзей, якія дапамаглі кнізе пабачыць свет.
«Якая каманда? Я, мае сябры з Беларусі і друкарня, якая, дарэчы, сама прапанавала зрабіць пазалоту літар на вокладцы. Гэта было вельмі прыемна. А таксама прыгожае мастацкае афармленне зрэзу кнігі. Гэта беластоцкая друкарня “Druk 24.pl”. У нас склалася вельмі добрая супраца. Думаю, што і наступныя кнігі могуць выйсці там», — адзначыла аўтарка.
На выданне кнігі быў абвешчаны грамадскі збор на Падляшшы. Значная частка неабходных сродкаў паступіла ад жыхароў рэгіёна.
Вольга Сямашка разглядае некропалі як прастору захавання памяці, традыцыі, культуры і ідэнтычнасці беларускай супольнасці Падляшша.
Сустрэчу правёў беларускі паэт і наш калега Андрэй Сцепанюк.
У прэзентацыі прынялі ўдзел намеснік Прэзідэнта Беластока Рафал Рудніцкі, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк, дарадца Маршалка па нацыянальных і этнічных меншасцях Аляксандр Васылюк, кіраўнік Цэнтра даследаванняў нацыянальных і этнічных меншасцяў Артур Канапацкі.



