Беларуская лідарка выступіла з прамовай на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі «Розум за кратамі: філасофія ў турме», арганізаванай у знак салідарнасці з беларускім палітвязнем і філосафам Уладзімірам Мацкевічам. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская падкрэсліла ролю ведаў і свабоды думкі ў дэмакратычным грамадстве, а таксама звярнула ўвагу на ціск рэжыму на беларускую інтэлектуальную супольнасць.
Святлана Ціханоўская:
«Паважаны рэктар Пятраўскас,
Паважаныя ўдзельнікі і ўдзельніцы, дарагія сябры,
Для мяне вялікі гонар вітаць вас на гэтай важнай канферэнцыі пра «Філасофію ў турме».
Найперш дазвольце выказаць сардэчную падзяку арганізатарам – Віленскаму і Варшаўскаму ўніверсітэтам за вашую неаслабную салідарнасць і глыбокае разуменне беларускай праблематыкі. Вашая падтрымка вельмі важная для нашых калегаў і сяброў у Беларусі.
Сёння рэжым у Мінску спрабуе ізаляваць нашу краіну ад Заходняга свету і еўрапейскай цывілізацыі як палітычна, так і інтэлектуальна. Дзякуй вам, што не дазваляеце яму гэта зрабіць.
Наш філосаф Уладзімір Мацкевіч, які сёння знаходзіцца ў турме, пісаў, што ў таталітарных грамадствах «злачынцам лічыцца любы, хто ставіць пад сумнеў пануючыя ідэалы і каштоўнасці. Тых, у каго іншыя ідэалы і каштоўнасці, імкнуцца змяніць і перавыхаваць, а да таго моманту – ізаляваць».
Можна сказаць, Уладзімір прадказаў свой уласны лёс. Але яго было не так цяжка прадказаць. Такі адважны інтэлектуал і яскравы абаронца дэмакратыі, як Уладзімір, не мог заставацца на волі ў краіне, што ператварылася ў адну вялікую турму.
І, на жаль, яна застаецца турмой. За кратамі застаюцца тысячы палітычных вязняў. Сярод іх навукоўцы, мастакі і даследчыкі – нашая інтэлектуальная эліта.
Сёння Беларусь займае 176-е месца ў свеце па ўзроўні акадэмічнай свабоды, знаходзячыся ў адным шэрагу з такімі дыктатурамі, як М’янма і Паўночная Карэя.
Гэта толькі адзін з трывожных паказчыкаў таго, да чаго можа дайсці нашая краіна, калі не адбудуцца перамены і не будзе дэмакратыі.
Без ведаў не можа быць дэмакратыі, а для сапраўдных ведаў – патрэбная свабода. Свабода даследаваць, вучыцца, адкрываць новае. Толькі дэмакратычная супольнасць гарантуе гэтую свабоду.
Але ўладзе ў Беларусі сёння не патрэбныя веды! Ім нават не трэба ведаць, што насамрэч думае народ. Ім не патрэбныя эксперты – ім патрэбныя слугі. Праўду прыносяць у ахвяру агрэсіўнай ідэалогіі «рускага свету».
Улада дыктатараў заснаваная не на веданні ісціны, а найперш на фізічным гвалце. Але гвалт здзяйсняецца і над чалавечым розумам.
Калі, каб захаваць сваю прафесію, вам даводзіцца называць «правільным» тое, што насамрэч няправільна, і наадварот – гэта гвалт над вашым розумам і душой. Можа, вы і захаваеце сваё крэсла, але страціце давер як інтэлектуал. На жаль, у такой сітуацыі сёння апынуліся многія вучоныя ў Беларусі.
Казаць праўду ўладзе – гэта тая свабода, ад якой сапраўдны філосаф не можа адмовіцца. Філосафы заўсёды павінны выступаць супраць несправядлівасці і вар’яцтва тых, хто ва ўладзе.
Менавіта так рабіў Уладзімір Мацкевіч, менавіта так рабіла Таццяна Вадалажская. Таксама рабілі Алесь Бяляцкі, Валерыя Касцюгова, Аляксандр Фядута, Ягор Лебядок, Ігар Мельнікаў, Мікалай Дзядок і многія іншыя.
Я не ўяўляю, як так званыя эксперты рэжыму могуць спакойна спаць, калі іх былыя калегі ледзь могуць заснуць у халодных камерах – без базавых рэчаў і медыцынскай дапамогі. Гэта адно з самых нізкіх дзеянняў – прымусіць свайго апанента замаўчаць, замкнуўшы яго.
Але немагчыма замкнуць ісціну. Яна ўсё роўна выйдзе вонкі – рана ці позна.
Заставацца верным сабе, нават у турме – так можа толькі сапраўдны філосаф. Мы ганарымся нашымі мыслярамі і патрабуем іх неадкладнага вызвалення. Гэта наш абавязак – вызваліць і іх, і ўсіх палітычных вязняў.
Дазвольце мне яшчэ раз падзякаваць Варшаўскаму і Віленскаму ўніверсітэтам за салідарнасць з нашай інтэлектуальнай супольнасцю.
Дзякуй, што прымаеце рэпрэсаваных прафесараў і студэнтаў з Беларусі. Нельга, каб нашыя інтэлектуалы ў выгнанні заставаліся без працы і дома. І мы ўдзячныя вам, што вы даяце ім працу і дапамагаеце ім развіваць свае навыкі.
Не менш важную працу вы прарабляеце, навучаючы беларускіх студэнтаў і студэнтак – нашую будучыню інтэлектуальную супольнасць. Дзякуй вам вялікі, што дае ім стыпендыі і прастору для разважанняў. «Думаць Беларусь» – як заклікаў Уладзімір Мацкевіч.
Мы ўсе марым пра Беларусь, дзе думкі і праўда не будуць злачынствам. Дзе інтэлектуалаў не будуць маргіналізаваць і кідаць за краты.
І я ўпэўненая, што гэтая мара спраўдзіцца. Такія творчыя і таленавітыя людзі, як беларусы, не могуць доўга цярпець тыранію.
Як казаў іншы зняволены філосаф – Вацлаў Гавел, «праўда і любоў перамогуць хлусню і нянавісць». Аб’яднаўшы намаганні, мы зможам дасягнуць гэтай мэты.
Дзякуй. Жыве Беларусь!»