«Беларусь не можа быць пакінутая Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза»

«Усім стала відавочна, што тое, пра што крычалі беларусы ў 2020 годзе, было праўдай: рэжым Лукашэнкі небяспечны для беларусаў і ўсяго рэгіёна». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусы, якія выходзілі ў 2020 годзе на пратэсты і вымушаныя былі эміграваць, расказваюць, як яны бачаць сённяшнюю сітуацыю ў краіне і па-за яе межамі.

Прайшло тры гады з моманту лёсавызначальных прэзідэнцкіх выбараў, якія выклікалі найбуйнейшыя антыўрадавыя пратэсты ў гісторыі Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адказаў жорсткімі рэпрэсіямі, і да 2021 года масавыя вулічныя пратэсты перараслі ў падпольны супраціў. Дзясяткі тысяч беларусаў выехалі за мяжу, у тым ліку кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая стварыла — і працягвае кіраваць — пераходным урадам у выгнанні. У 2022 годзе Беларусь стала плацдармам для поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, выклікаўшы чарговую хвалю эміграцыі. Сёння, паводле ацэнак, ад 200 000 да 500 000 беларусаў жывуць у выгнанні. А рэжым Лукашэнкі пастаянна вынаходзіць новыя спосабы абмежаваць іх правы і аказаць на іх ціск, каб яны вярнуліся дадому, піша праект «The Beet» ад «Медузы».

Калі ў жніўні 2020 года ў яе родным Мінску ўспыхнулі пратэсты, Вераніка (імя зменена) ведала, што павінна прыняць у іх удзел. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, азмрочаных палітычным пераследам і фальсіфікацыямі на выбарах, Аляксандр Лукашэнка незаконна застаўся на сваёй пасадзе шосты тэрмін запар. Яго галоўная саперніца, дэмакратычная кандыдатка Святлана Ціханоўская, аспрэчыла вынікі выбараў і заклікала сваіх прыхільнікаў заставацца на вуліцах. Дзясяткі тысяч людзей па ўсёй Беларусі адгукнуліся на гэты заклік. 

Вераніка, студэнтка сацыялагічнага факультэта, якой было каля дваццаці пяці гадоў, паабяцала сваёй маці, што зробіць усё магчымае, каб засцерагчы сябе. Яна хавала свой твар ад камер назірання, абсталяваных штучным інтэлектам, медыцынскай маскай, устрымлівалася ад публікацыі чаго-небудзь у сацыяльных сетках, захоўвала свае акаўнты свабоднымі ад аватараў і прыватнымі і выкарыстоўвала абароненыя прыкладанні для абмену паведамленнямі пры зносінах са сваёй сям’ёй і сябрамі. Замест таго, каб наведваць масавыя сходы, яна «старалася выбіраць самую бяспечную працу» — каардынавала мітынгі з дапамогай прыватных Telegram-каналаў, ускладала кветкі на вуліцах і насіла чырвона-белую вопратку.

«Я занадта баялася, што ўсё скончыцца гэтак жа, як у тысячах гісторый, пра якія я чытала ў Інтэрнэце», — тлумачыць Вераніка.

Улады адказалі на пратэсты апазіцыі беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі. Сілавікі жорстка разагналі мірныя вулічныя мітынгі, ужыўшы гумовыя кулі і слёзатачывы газ, і арыштавалі каля 7000 чалавек за чатыры дні. Прынамсі чацвёра пратэстоўцаў загінулі, а сотні іншых падвергліся катаванням і жорсткаму абыходжанню ў пастарунках і СІЗА.

Пасля таго, як міліцыя правяла ператрус у кватэры яе выкладчыка філасофіі і арыштавала яго за пратэст, Вераніка арганізавала студэнцкі марш з патрабаваннем яго неадкладнага вызвалення; яна і яе аднагрупнікі таксама напісалі групавыя лісты свайму зняволенаму настаўніку, якія яны не сталі падпісваць. 

Беларусы масава беглі з краіны, знайшоўшы прытулак у бліжэйшых Літве, Латвіі, Украіне і Польшчы. Ціханоўская была вымушаная сама далучыцца да масавага зыходу, пакінуўшы свайго мужа, палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага

Тым не менш Вераніка заставалася ў Беларусі да 2022 года, калі паступіла ў ЕГУ ў Вільні. Ёй падабалася жыць у Літве, але яна сумавала па доме і штомесяц ездзіла ў Мінск пабачыцца са сваёй сям’ёй. 

У адзін з такіх выхадных Вераніка вярнулася ў сваю кватэру і знайшла ў паштовай скрыні запячатаны белы канверт: у ім была позва з міліцыі з просьбай з’явіцца ў суд у якасці сведкі. «Спачатку я падумала, што гэта, відаць, памылка, — згадвае яна, — але потым я ўспомніла, што чытала гісторыі на “Радыё Свабода”, дзе першапачатковыя сведкі станавіліся затрыманымі, і мне стала страшна». 

Вераніка перасекла мяжу назад у Літву ў той жа вечар. «У Беларусі няма сведак, — кажа яна. — Толькі абвінавачаныя».

«Гэта вар’яцтва, але мы да гэтага прывыклі»

Сёлета 9 жніўня сотні беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, сабраліся ў цэнтры Варшавы, каб адзначыць трэцюю гадавіну сфальсіфікаваных выбараў. Аналагічныя мітынгі прайшлі ў Літве, Латвіі і нават у Беларусі — нягледзячы на рызыкі. 

Як і ў Мінску тры гады таму, удзельнікі маршу ў Варшаве размахвалі бел-чырвонымі сцягамі  і патрабавалі свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закону. На фоне вайны Расіі супраць Украіны яны таксама патрабавалі міру і еўрапейскай будучыні замест расійскага дыктату. Яны неслі плакаты з заклікамі да арышту Лукашэнкі і скандавалі рэвалюцыйны лозунг «За нашу і вашу свабоду». 

Як адзначыла карэспандэнтка «Бі-бі-сі» Сара Рэйнсфард, многія пратэстоўцы былі ў масках. «Не праз Covid, — напісала яна ў «X» (былым «Twitter»). — Беларускія сілавікі ўсё яшчэ правяраюць відэа і фотаздымкі з пратэстаў, і ў гэтых людзей дома ёсць сваякі, якія могуць быць арыштаваныя. Не дзіўна, што яны хочуць перамен».

Сапраўды, многія беларусы па-ранейшаму асцерагаюцца пераследу — нават жывучы за мяжой.

У ліпені 2023 года літоўскае выданне «Delfi» выпусціла дакументальны фільм пад назвай «Хронікі сучаснасці», у якім былі прадстаўлены архіўныя кадры пратэстаў 2020 года ў Беларусі. Дзясяткі беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, былі ў жаху: іх твары ў фільме не былі схаваныя. «Усе беларусы ў нашым універсітэце атрымалі электронны ліст з дэканата з заклікам паглядзець фільм і, калі мы ўбачым кагосьці з нашых знаёмых, хто вярнуўся ў Беларусь, заклікаць іх неадкладна пакінуць краіну», — згадвае Вераніка.

«Delfi» выдаліў дакументальны фільм са свайго сайта на працягу гадзіны і выпусціў ананімізаваную версію праз некалькі тыдняў. Аднак шкода была нанесеная: беларускія праваахоўныя органы сцвярджалі, што спампавалі арыгінал, каб выкарыстоўваць у якасці доказу ў новых крымінальных справах. Некалькі чалавек, якія нібыта здымаліся ў фільме, пазней былі затрыманыя. 

Аналагічны інцыдэнт адбыўся ў 2021 годзе, пасля публікацыі фотакнігі «Я выходжу», у якой прадстаўлены фотаздымкі беларускіх пратэстоўцаў без цэнзуры. Тым летам Ціханоўская перадала асобнік кнігі ў дар бібліятэцы Кангрэса ЗША. Пазней беларускія праваахоўныя органы заявілі, што выкарыстоўвалі фотаздымкі з кнігі ў якасці доказаў па крымінальных справах супраць 50 чалавек.

Аднак для актывістаў, якія жывуць у выгнанні, іх галоўным клопатам часта з’яўляюцца члены сям’і, якія вярнуліся ў Беларусь. «Я на сто адсоткаў не вярнуся дадому, таму я не баюся адкрыта пратэставаць. Але мае бацькі ў небяспецы, — кажа Вераніка, чыя сям’я падарожнічае туды-сюды паміж Мінскам і Еўрасаюзам. — Так што цяпер я зноў баюся — не за сябе, а за тое, як мае дзеянні могуць паўплываць на іх».

Паводле расповедаў сяброў Веранікі, сканаванне гісторыі браўзера і акаўнтаў у сацыяльных сетках па-ранейшаму з’яўляецца звычайнай практыкай на беларускіх памежных пераходах. «Людзей арыштоўваюць за допісы ў сацыяльных сетках, як гэта было тры гады таму, — кажа яна. — Гэта вар’яцтва, але мы ўжо прывыклі да гэтага». 

Паводле паведамленняў СМІ, старыя паведамленні, фотаздымкі і нават месцазнаходжанне прылады падчас пратэстаў 2020 года таксама могуць быць кампраметуючымі. Прынамсі 58 чалавек былі арыштаваныя адразу пасля вяртання ў Беларусь у 2022-2023 гадах, паведаміла ў лютым праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сацыёлаг з Беларусі адмовіўся адказваць на любыя пытанні, звязаныя з палітыкай, нават у зашыфраваным выглядзе. «У Беларусі ўсё зашыфравана, — сказаў ён, — да пэўнага моманту».

«Людзей па-ранейшаму забіваюць і кідаюць у турму»

Маша (імя змененае) была ў Маскве падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Яна вярнулася ў свой родны Мінск толькі пасля таго, як Расія пачала сваё поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе. «Я люблю Расію, але ненавіджу яе ўрад. У мяне разрываецца сэрца, калі я бачу гэтае шоу вырадкаў па тэлевізары і ў газетах, — тлумачыць яна. — Было цяжка знаходзіцца сярод усіх гэтых z-знакаў і прапаганды».

На пытанне, ці лепш жыць у Беларусі, Маша адказвае, што «людзі асуджаюць і кажуць, што гэта шыла на мыла». «Але мне цяжка надоўга з’язджаць з дому, — прызнаецца яна. — Хоць, вядома, я падумваю пра тое, каб з’ехаць». 

«Вы не беларус, калі за апошнія тры гады не разглядалі магчымасць ад’езду з краіны», — з’едліва заўважыў Георгій, студэнт з Мінска (чыё імя таксама было зменена).

Але з’ехаць з Беларусі ўжо не так проста, як гэта было тры гады таму. Нягледзячы на няспынныя рэпрэсіі ўнутры краіны, памежны крызіс паміж Беларуссю і Еўрасаюзам і ўдзел Мінска ў вайне Расіі супраць Украіны прывялі да таго, што суседнія краіны закрылі пункты пропуску, узвялі памежныя сцены і захавалі ў сіле візавыя абмежаванні. 

У некаторых выпадках палітыка і абмежаванні ЕС заходзяць так далёка, што прыраўноўваюць беларусаў да грамадзян Расіі. «Гэта азначае радыкальны зрух, хоць я б перасцярог ад пераацэнкі яго ўплыву, — кажа Ягор Азаркевіч, дактарант-даследчык Уорвікскага ўніверсітэта, які вывучае палітычную апазіцыю ў Расіі і Беларусі. — Кантраст паміж абмежаваннямі, уведзенымі ў дачыненні да расійцаў і беларусаў, па-ранейшаму значны». 

«Азаркевіч тлумачыць, што гэта адбываецца галоўным чынам праз працяг лабісцкіх намаганняў беларускай апазіцыі ў выгнанні. Нам удалося растлумачыць, што Лукашэнка — гэта не Беларусь і што беларусы змагаюцца супраць гэтага рэжыму з 2020 года. Што рэжым Лукашэнкі з’яўляецца памагатым Пуціна, але беларусы супраць вайны», — заявіла «The Beet» прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна.

«Кожны раз, калі людзі [у Варшаве] даведваюцца, што я з Беларусі, яны кажуць: “Выдатная праца на пратэстах 2020 года! Вы амаль зрабілі гэта!” — заўважае Уладзь, IT-спецыяліст з Баранавічаў, які пакінуў Беларусь пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. — Мала хто згадвае пра ўдзел маёй краіны ў вайне ці пра той факт, што рэпрэсіі не спыніліся». 

«Людзей па-ранейшаму забіваюць і кідаюць у турму», — дадае ён з уздыхам. Паводле звестак «Вясны», сёння ў Беларусі налічваецца каля 1500 палітвязняў.

«Жыццё працягваецца і без сапраўднага беларускага пашпарта»

У мінулым месяцы Лукашэнка загадаў беларускім пасольствам спыніць выдачу пашпартоў грамадзянам, якія пражываюць за мяжой. Згодна з указам, падаўжэнне тэрміну дзеяння пашпартоў з гэтага часу павінна адбывацца ўнутры краіны, што вымушае беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, вяртацца дадому, каб тэрмін дзеяння іх дакументаў не скончыўся. Гэта заява выклікала шокавую хвалю ў дыяспары.

«Што яшчэ я магу сказаць? — пытае Ілля, ІТ-спецыяліст, які жыве ў Гданьску з 2022 года. — Цяпер ні ў кога няма сумненняў у тым, што Беларусь — гэта краіна, якой напляваць на сваіх грамадзян».

«Я думаю, прыйшоў час шукаць новае грамадзянства, — кажа Маша. — Калі раней я толькі жартавала пра шлюб дзеля грамадзянства, то цяпер гэта сапраўды здаецца практычным». 

Хоць многія беларусы занепакоеныя, іншыя, асабліва тыя, хто жыве за мяжой, спадзяюцца, што заходнія краіны ўмяшаюцца. «Мы аказалі супраціў у 2020 годзе, таму я ўпэўнены, што Еўрасаюз пра нас не забудзе», — разважае Уладзь.  

Еўрасаюз неадкладна асудзіў загад Лукашэнкі як яшчэ адну дэманстрацыю «поўнай непавагі рэжыму да асноўных правоў сваіх грамадзян». Той факт, што Беларусь не прызнае падвойнае грамадзянства і не падпісала Канвенцыі ААН аб безграмадзянстве 1954 і 1961 гадоў, яшчэ больш ускладняе сітуацыю. 

У той жа час некаторыя крыніцы паведамілі «The Beet», што беларусы, якія жывуць у выгнанні, цягам апошніх трох гадоў адчувалі праблемы з доступам да консульскіх паслуг. 

«[З 2020 года] практычна немагчыма атрымаць якую-небудзь дапамогу ад [беларускага] консульства, не кажучы ўжо пра новы пашпарт, так што гэта проста яшчэ адна маленькая юрыдычная помста дыяспары, — кажа Дзяніс, прадпрымальнік з Мінска, які жыве Варшаве істварае стартап, што дапаможа беларусам легалізаваць свой статус у ЕС. — Першапачатковая паніка аціхне, калі людзі зразумеюць, што жыццё працягваецца і без сапраўднага беларускага пашпарта».

«Для тых, хто падвяргаўся пераследу з палітычных матываў, магчымасць атрымаць або падоўжыць пашпарт у консульскіх установах доўгі час была недаступная», — згаджаецца Арсень Кісляк, папулярны беларускі музыка, больш вядомы як AP$ENT. Ён і яго жонка Марыя ўцяклі за мяжу ў мінулым годзе пасля таго, як яе пасадзілі ў турму на тры дні, а затым аддалі пад суд за каментары, якія яна зрабіла ў Telegram. 

Літва ўжо абвясціла пра планы выдаваць спецыяльныя праязныя дакументы беларусам, якія пражываюць у краіне без пашпартоў. Каманда Ціханоўскай прадставіла альтэрнатыўны пашпартны праект —пашпарт «новай Беларусі» — яшчэ ў жніўні, паабяцаўшы лабіраваць міжнароднае прызнанне. «Для нас гэтая ініцыятыва з’яўляецца ключавым элементам у стварэнні новых інстытутаў і ўсталяванні новых дзяржаўных функцый, — кажа Ганна Красуліна. — Мы робім гэта паралельна з адмовай Лукашэнкі ад гэтых функцый, што бліскуча ілюструе нядаўняя гісторыя з адмовай выдаваць пашпарты за мяжой».

Ці прызнаюць краіны ЕС альтэрнатыўны беларускі пашпарт, яшчэ трэба будзе высветліць — і без міжнароднага адабрэння такі дакумент быў бы бескарысным. Гістарычныя прэцэдэнты — такія, як пашпарт Нансена і пашпарты паслоў краін Балтыкі ў выгнанні, выдадзеныя падчас савецкай акупацыі, — здаюцца хутчэй выключэннем, чым правілам. 

Тым не менш, як тлумачыць Азаркевіч, указ Лукашэнкі зрабіў актуальнай ідэю выдачы альтэрнатыўнага беларускага пашпарта і даў апазіцыі новую магчымасць заваяваць давер грамадскасці. «Цалкам верагодна, што нават менш палітычна актыўныя беларусы цяпер зацікавяцца перспектывай атрымання альтэрнатыўнага праязнога дакумента, паколькі тэрмін дзеяння іх цяперашніх пашпартоў падыходзіць да канца», — кажа даследчык.

«Лукашэнка ставіцца да ўсіх, хто з’ехаў, як да апазіцыі, — кажа Вераніка. — Калі мы вернемся, ён пасадзіць нас у турму. Калі мы застанемся, ён зробіць усё, каб ускладніць нам жыццё. Новы пашпарт Ціханоўскай цяпер бы вельмі спатрэбіўся». 

«Без дэмакратычнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы»

На канферэнцыі ў Варшаве ў жніўні выгнаныя праціўнікі рэжыму Лукашэнкі прынялі Дэкларацыю аб будучым сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе. «Еўропа — гэта тое месца, адкуль мы родам. І гэта тое, да чаго мы рухаемся, — заявіла Святлана Ціханоўская Еўрапейскаму парламенту праз месяц. — Я ведаю, гэта зойме час. Ведаю, гэта будзе нялёгка. Але для нас няма шляху назад! Еўрапейскі саюз — гэта наш канчатковы пункт прызначэння. Кропка». 

Хоць аргументы пра тое, што Беларусь з’яўляецца «еўрапейскай краінай», наўрад ці новыя, яны не былі часткай платформы Ціханоўскай у 2020 годзе. Хоць яна выступала супраць далейшай інтэграцыі з Расіяй, яе абяцанне правесці свабодныя выбары было тым, што прыцягнула падтрымку беларусаў, многія з якіх першапачаткова ніколі не падтрымлівалі Лукашэнку. 

У Беларусі не было выбараў, якія лічыліся б свабоднымі ці справядлівымі з тых часоў, як Лукашэнка ўпершыню стаў прэзідэнтам у 1994 годзе. Паводле слоў Азаркевіча, стаўленне да Лукашэнкі падзялілася да 2020 года: траціна была «за», траціна — «супраць», а астатнія пазбягалі гэтай тэмы, адпрэчваючы палітыку як «складанае пытанне». 

Пратэсты 2020 года выявілі расколіны ў рэжыме, паколькі нават апалітычныя беларусы падтрымалі апазіцыю. Пратэсты згуртавалі беларусаў. «Уся краіна аб’ядналася, каб супрацьстаяць агульнаму ворагу — дзяржаве і прусаку», — кажа Уладзь, выкарыстоўваючы грэблівую мянушку, прыдуманую мужам Ціханоўскай для Лукашэнкі.

Апытанне «Chatham House», праведзенае ў 2021 годзе, паказала, што больш за 70 адсоткаў рэспандэнтаў не падтрымалі б кандыдатуру Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта. «Але па меры таго, як пратэсты слабелі, а дзеячы апазіцыі аказваліся за кратамі або ўцякалі за мяжу, ранейшая дынаміка вярталася. Амаль усе актывісты, якія вырашылі застацца, апынуліся ў турме, але і агульная палітычная мабілізацыя насельніцтва вельмі нізкая», — кажа Азаркевіч. 

Апазіцыя Ціханоўскай, тым часам, лабіруе ЕС за яго далейшую падтрымку, якая скарацілася пасля таго, як уварванне Расіі ў 2022 годзе пераключыла ўвагу блока на Украіну.

«У яе няма войска, і яе фінансавыя рэсурсы абмежаваныя, — непакоіцца Вераніка. — У рэшце рэшт, не нам або Ціханоўскай, а Еўрасаюзу і NATO вырашаць, ці хочуць яны бачыць нас, беларусаў, законнымі грамадзянамі».

«Вядома, вайна ва Украіне займае цэнтральнае месца ў бягучых справах. Але таксама ўсім стала відавочна, што тое, пра што крычалі беларусы ў 2020 годзе, было праўдай: рэжым Лукашэнкі небяспечны для беларусаў і ўсяго рэгіёна», — кажа Красуліна.

Адначасова ўладзе Лукашэнкі ў Беларусі па-ранейшаму пагражае ціск з боку Масквы з мэтай далейшай інтэграцыі. Працяглая роля Беларусі ў вайне супраць Украіны таксама пацвярджае ідэю, што Лукашэнка з’яўляецца ўсяго толькі выканаўцам жаданняў Пуціна.

«Калі б Лукашэнка заўтра памёр, — разважае Вераніка, — Пуцін захапіў бы Беларусь. І ніхто нават не стаў бы спрачацца». 

Азаркевіч з гэтым не згодны. «Стратэгічна важная роля беларускай тэрыторыі ў вайне дае Лукашэнку значныя рычагі ўплыву і сілу на перамовах, — тлумачыць ён. — Ідэя прамога ўключэння ў вайну ва Украіне застаецца глыбока непапулярнай у беларускім грамадстве. […] Такім чынам, перспектыва ўступлення ў вайну ў выпадку аб’яднання з Расіяй наўрад ці здаецца беларускай арміі прывабнай». 

Хоць некаторыя эксперты мяркуюць, што амбіцыі апазіцыі ў выгнанні ў ЕС могуць адштурхнуць беларусаў, якія жывуць унутры краіны (і па-за яе межамі), крыніцы «The Beet», падобна, падзяляюць меркаванне, што Беларусь павінна спачатку разарваць сувязі з Расіяй, каб нешта змянілася ўнутры краіны. 

«Без дэмакратычнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы, — падкрэслівае Красуліна. — Ні пры якіх абставінах Беларусь не можа быць пакінутая Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза».

novychas.online