Завяршаецца набор на праграму “Кадравы рэзерв для Новай Беларусі”. Заяўкі на навучанне прымаюцца да 31 кастрычніка ўключна.
“Падчас анлайн-заняткаў можна будзе атрымаць рэальныя веды і практычныя навыкі ў галіне дзяржаўнага і мясцовага кіравання”, — зазначыў падчас размовы з racyja.com каардынатар кампаніі “Кадравы рэзерв” Юры Губарэвіч.
— Больш за сотню новых удзельнікаў літаральна за тры тыдні, калі мы далі першую інфармацыю пра тое, што адбудзецца другі набор. Але гэты набор не толькі для тых, хто цяпер падаў заяўкі, але і для тых, хто далучаўся да кадравага рэзерва за апошнія паўгода. Першую праграму мы правялі ў красавіку-траўню, у ёй прыняло ўдзел каля 170 людзей, якія на той момант запоўнілі анкету, прайшлі тэст і наведвалі лекцыі. За той час кампанія істотна пашырылася колькасцю ўдзельнікаў — сотні новых асобаў. Якраз ім мы будзем прапаноўваць удзел у другім наборы.
РР: Што будзе ў навучанні? Якія дысцыпліны, кірункі?
— Дысцыпліны, што звязаныя з дзяржаўным кіраваннем дзеля разумення сістэмы кіравання дзяржавы, адміністравання, пачынаючы ад такіх гуманітарных, як філасофія службовай дзейнасці да больш спецыялізаваных, пытанні мясцовага самакіравання. Будуць разгледзеныя пытанні вядзення перамоваў, канфлікталогія, прававыя, канстытуцыйнае права, эканоміка, дзяржаўныя фінансы. Досыць шырокі спектр, але немажліва казаць, што 60 гадзінамі навучання можна замяніць паўнавартасную магістарскую праграму ў сферы дзяржаўнага кіравання, у якой, як правіла ва ўніверсітэтах мае 1,5 года. Але нашая навучальная праграма дае базавыя веды, і галоўнае, матывуе ўдзельнікаў кадравага рэзерву для пошуку далейшых шляхоў навучання, яна таксама дае адказ на іхныя пытанні, ці гэта тая сфера, дзе яны могуць рэалізаваць свой патэнцыял, ці ім трэба яшчэ набрацца дадатковых ведаў, прайсці недзе практыку, каб ужо ўпэўнена сябе адчуваць на пасадзе дзяржаўнага службоўца.
РР: Заняткі ўжо пачынаюцца 15-га лістапада. Як часта яны будуць ладзіцца? Як шмат часу трэба выдаткоўваць для таго, каб паспець наведваць усе мерапрыемствы?
— 15-га лістапада адбудзецца ўстаноўчая сесія, дзе, мы спадзяемся, выступяць лідары дэмакратычных сілаў. Таксама будуць дадзеныя асноўныя ўяўленні пра самую праграму, закранем тэхнічныя моманты. Далей заняткі будуць штотыдзень па два дні, па дзве акадэмічныя гадзіны ў дзень, вечаровы час, анлайн. Такі падыход будзе, каб было максімальна зручна для ўдзельнікаў, што як і ў краінах ЕЗ, так і ў Беларусі. Цікавы момант, што сярод удзельнікаў кадравага рэзерву стабільна кожны трэці гэта той, хто і сёння жыве ў Беларусі. Для іх самае галоўнае пытанне бяспекі, і якраз інструмент адукацыйнай праграмы дазваляе захаваць поўную ананімнасць. Ніхто з удзельнікаў не будзе бачыць іншых, не зможа прачытаць іхныя нікнэймы, пачуць голас, пабачыць, што яны пішуць. А камунікацыя будзе праз мадэратара, кожны з удзельнікаў можа задаваць пытанні выкладчыкам, і выкладчыкі падчас кожнага занятку робяць перапынкі, каб атрымаць пытанні і даць на іх адказ.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле