У межах праекта «Васьміног» прадстаўлена базавае даследаванне адукацыі Беларусі.
Вынікі даслаедавання прадставіў 9 лістапада ў Вільні кандыдат філасофскіх навук, эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый, эксперт Грамадскага Балонскага камітэту Андрэй Лаўрухін. Суаўтарка даследавання і яе інсайдары з Беларусі не называліся ў мэтах бяспекі.
Што рабіла дзяржава ў сферы адукацыі ў 2020–2023 гадах? Якія асноўныя тэндэнцыі у сферы адукацыі Беларусі на розных узроўнях? Што адбываецца з недзяржаўным сектарам адукацыі? Даследаванне вялікае — складаецца з шасці мікрадаследаванняў — прыводзім ключавыя дадзеныя і высновы.
Што з даследаваннямі адукацыі ў Беларусі?
Асноўныя звесткі наконт стану беларускай сярэдняй адукацыі публікуюцца ў межах Рэспубліканскага маніторынгу кантролю ведаў пры Нацыянальным інстытуце адукацыі. Пасля 2018-га даследаванне PISA (Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў школ) у Беларусі было спынена, аднак у 2023 годзе запланавалі Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, якое пабудавана пераважна на метадычнай аснове папярэдняга даследавання PISA і вывучае чытацкую, матэматычную, прыродазнаўчую і фінансавую пісьменнасць вучняў.
Пэўная колькасць даследаванняў і маніторынгаў праводзіцца міжнароднымі арганізацыямі: ЮНІСЭФ, ЮНЕСКА, Сусветны банк. Прыкметны трэнд пасля 2020 года — знікненне міжнародных даследчых праектаў.
Сярод некалькіх дзясяткаў беларускіх «фабрык думкі» на адукацыі спецыялізуюцца адзінкі. Для пераважнай большасці арганізацый даследаванні ў галіне адукацыі можна лічыць ускоснай дзейнасцю, калі адукацыя ўспрымаецца як сфера эканамічных ці палітычных інтарэсаў. Часткова даследаванні праводзяць арганізацыі і ініцыятывы, якія працуюць з адукацыяй.
Што прапанавала і рабіла дзяржава ў сферы адукацыі ў 2020–2023 гадах
Ёсць два рамачныя дакументы доўгатэрміновага характару: Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі РБ да 2030 года (2021) і Кодэкс аб адукацыі (2022).
Канцэпцыя пазіцыянуе сістэму адукацыі РБ як частку сусветнай адукацыйнай прасторы і дэкларуе прыхільнасць да сусветных тэндэнцый у сферы адукацыі і прадукцыйны абмен досведам. Аднак на практыцы апошнія тры гады ўлады метадычна ізалююць сябе з сусветнай адукацыйнай прасторы.
• Па-першае, Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі (ЕПВА) прыпыніла членства Беларусі ў Балонскім працэсе;
• па-другое, Беларусь разарвала ў аднабаковым парадку пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і вучоных ступеняў у навуцы і мастацтве;
• па-трэцяе, у Беларусі ўнеслі змены ў закон «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», што адмяняюць адтэрміноўку ад службы ў войску для беларусаў, якія навучаюцца за мяжой.
Штогод не ў рамках дзяржаўных праграм на навучанне за мяжу выязджаюць не менш за 4000 чалавек. Спробы кампенсаваць самаізаляцыю ад развітых дэмакратычных краін супрацоўніцтвам з экзатычнымі краінамі Афрыкі маюць сімвалічны характар — так, у ВНУ Беларусі вучацца 11 грамадзян Зімбабвэ — і не адпавядаюць заяўленым стратэгічным мэтам.
Галоўны бенефіцыяр цяперашняй ізаляцыі Беларусі — Расійская Федэрацыя. Згодна з дадзенымі Рассупрацоўніцтва, колькасць месцаў паводле квоты ўрада РФ за кошт бюджэту для беларусаў павялічылася з 73 у 2019 годзе да 1300 у 2023-м. Яшчэ каля 1000 чалавек вучацца платна.
Па стане на сакавік 2023 года ў ВНУ Расіі ўжо вучацца больш за 12.500 грамадзян і грамадзянак Беларусі.
Першачарговай задачай выхавання ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі Беларусі называецца «фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі».
«Паколькі дзяржава ў такім вызначэнні цалкам дамінуе над грамадствам і ажыццяўляе абсалютны кантроль над жыццём і дзейнасцю грамадзян, зацвярджэнне адзінства інтарэсаў мае на ўвазе поўнае падпарадкаванне інтарэсаў грамадзян інтарэсам дзяржаўнай машыны», — зазначаюць даследчыкі.
Са зместу Кодэкса і Канцэпцыі вынікае, што адна з першачарговых задач дзяржаўнай палітыкі — зафіксаваць безумоўнае дамінаванне дзяржаўнага кіравання над грамадскім. Сама сістэма кіравання мае вертыкальны персаналісцкі характар. У новай рэдакцыі Кодэкса адсутнічае паняцце аўтаноміі і, адпаведна, увесь комплекс звязаных з ёй прававых нормаў.
У асноўных праграмных дакументах дэкларуецца роўнае забеспячэнне правоў грамадзян на атрыманне адукацыі на бюджэтнай і платнай аснове. Аднак у рэальнасці гэтае права рэалізавана на мінімальным узроўні.
Масавае закрыццё з палітычных матываў прыватных школ у 2021–2022 гадах вызначыла абсалютнае дамінаванне дзяржаўнага сектара ў агульнай сярэдняй адукацыі. У 2021–2022 гадах з 1,07 млн. навучэнцаў толькі 2,7 тыс. (0,25 %) вучыліся ў прыватных школах. Усе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі — дзяржаўныя. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 13 прыватных установах (5,8 % ад іх агульнай колькасці) вучацца 10,3 тыс. чалавек (9 %). У вышэйшай адукацыі доля прыватных устаноў — 17,6 %, а доля навучэнцаў — 6,3 %.
Агульны сістэмны ўзровень: галоўныя тэндэнцыі
Тут даследчыкі вылучаюць некалькі тэндэнцый. Прыводзім ключавыя.
• Тэндэнцыя ізаляцыі сістэмы адукацыі Беларусі ад адукацыйных прастор развітых краін свету і міжнародных праграм фінансавай падтрымкі.
Найбольш відавочнымі сімптомамі з’яўляюцца:
– адыход з Беларусі еўрапейскіх адукацыйных інстытуцый і прадстаўніцтваў (прыклад — Гётэ-Інстытут і DAAD);
– выключэнне Беларусі ў аднабаковым парадку з Міжнароднай праграмы ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў школ (PISA);
– выключэнне Беларусі з моладзевага прафесійнага руху “WorldSkills International”/”WorldSkills Belarus«;
– рашэнне Назіральнай групы Балонскага працэсу (BFUG) прыпыніць прадстаўніцтва Беларусі ў ЕПВА;
– прыпыненне міжнародных праграм — фінансавай падтрымкі рэформаў адукацыі ў Беларусі (прыклад праграма Сусветнага банка «Праект мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі Беларусі 2020–2025» на 109 млн долараў);
– абмежаванне магчымасцяў і падтрымкі, неабходных для паступлення беларускіх студэнтак і студэнтаў у ВНУ заходніх краін (перш за ўсё ў ВНУ найбліжэйшых суседак — Польшчы і
Літвы).
• Тэндэнцыя інтэграцыі і асіміляцыі сістэмы адукацыі Беларусі ў адукацыйную прастору РФ.
Гэтаму садзейнічае праактыўная адукацыйная палітыка РФ, накіраваная на фінансавую, тэхнічную і інфраструктурную падтрымку сістэмы адукацыі Беларусі (на ўсіх узроўнях), яе сінхранізацыю і ўніфікацыю з расійскай сістэмай адукацыі, узмацненне акадэмічнай эміграцыі ў РФ беларускіх абітурыентаў, студэнтаў і выкладчыкаў.
• Узмацненне ідэалагічнага і вайскова-патрыятычнага складніка адукацыі ў РБ.
Так, пастановай Міністэрства адукацыі ад 15.07.2021 ва ўсіх установах адукацыі (уключна з яслямі-садамі, але за выключэннем пачатковых школ, вячэрніх школ, дапаможных школ, спецыялізаваных ліцэяў) была ўведзена пасада кіраўніка вайскова-патрыятычнага выхавання. У навучальныя праграмы ўсіх узроўняў адукацыі ўведзены курсы вайскова-патрыятычнага і ідэалагічнага зместу.
На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ўлады ўвялі шэраг дадатковых мераў узмацнення кантролю за «дысцыплінай і парадкам у навучальным працэсе» (доступ ва ўстановы з турнікетамі і відэакамерамі, увядзенне школьнай формы).
Праявы дэінтэрнацыяналізацыі, ізаляцыі і залежнасці беларускай сістэмы адукацыі ад РФ
На ўзроўні сярэдняй школы:
– правядзенне тэсціравання па аналогіі з PISA, фінансаванне з боку РФ стварэння 150 інжынерна-інавацыйных класаў (STEM-класаў) у межах расійскай праграмы РОББО) і г.д.
На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі (ПТА) і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (ССА):
– выключэнне Беларусі ў аднабаковым парадку з моладзевага прафесійнага руху “WorldSkills International”/”WorldSkills Belarus«.
– пераарыентацыя на расійскі і азіяцкі адукацыйныя рынкі (усерасійская і азіяцкая алімпіяды прафесійнага майстэрства, канферэнцыі, праекты і фонды РФ і краін Азіі).
Што адбываецца на ўзроўні вышэйшай адукацыі
Тэндэнцыя інтэграцыі і асіміляцыі вышэйшай адукацыі Беларусі ў адукацыйную прастору РФ была ўзмоцнена дзякуючы шэрагу знешніх і ўнутраных фактараў. Прыпыненне ўдзелу РБ у Балонскім працэсе адбывалася сінхронна з РФ і пры медыйнай падтрымцы з боку расейскіх чыноўнікаў Міністэрства адукацыі і навукі.
Прарасійская палітыка полісімейкераў у РБ зрабіла «сінхранізацыю» і інтэграцыю вышэйшай адукацыі РБ у адукацыйную прастору РФ безальтэрнатыўнай і непазбежнай.
З 2022 года пры паступленні ў ВНУ Беларусі даюцца льготы асобам, якія здалі адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі (пры паступленні на платную форму навучання).
Праявы ідэалагізацыі і мілітарызацыі:
– У ВНУ Беларусі ўведзена новая пасада «сакрэтнага» прарэктара «па бяспецы і кадрах» (са снежня 2020 года).
– У абавязковы блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін уведзены тры прадметы з выразным ідэалагічным складнікам: гісторыя беларускай дзяржаўнасці, сучасная палітэканомія і філасофія (з 1 верасня 2022 года).
– Ільготы пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі выпускнікам класаў спартыўна-педагагічнай і вайскова-патрыятычнай накіраванасці, а таксама дзецям вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў (з2022-га года).
А што з недзяржаўным сектарам з 2020 года ў краіне і за яе межамі?
Ініцыятывы для даследавання абіраліся з пазіцыі прадстаўленасці розных тыпаў арганізацый: беларуская школа ў замежжы; асветніцкія праекты; адукацыйны цэнтр для дзяцей з дыяспары; ініцыятывы падтрымкі тых, хто працаваў ці працуе ў адукацыі і навуцы; грамадзянскія актывісцкія праекты з адукацыйным кірункам; адукацыйнае медыя. З мэтаў бяспекі даследчыкі не называюць гэты дзясятак ініцыятыў.
Большасць ініцыятыў не мелі ўнутры арганізаванага абмеркавання агульнага вобраза будучыні беларускай адукацыі. Тым не менш, назіраюцца некалькі тэндэнцый:
— частка арганізацый закранала гэтую тэму ў нефармальнай камунікацыі і супрацоўніцтве;
— хаця ініцыятывы не арыентаваны на пабудову разгорнутага бачання, прадстаўнікі свядома вызначаюць прынцыпы, на базе якіх мусіць будавацца адукацыя ці кірунак іх дзейнасці (для часткі арганізацый гэта замацавана ў афіцыйных дакументах, напрыклад, на сайце ці ў статутных
дакументах);
Вось абагульнены партрэт беларускай адукацыйнай ініцыятывы пасля 2020-га: арганізацыя, што ўзнікла як адказ на канкрэтны выклік, запыт мэтавай аўдыторыі.
За гэты час большасць ініцыятыў змаглі вызначыць і, часцей за ўсё, асэнсаваць свае асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці, напрацаваць экспертызу ў сваёй галіне. Ініцыятывы дзейнічаюць лакальна ў сваім кірунку працы і пакуль што мала ўдзельнічаюць у супольных актыўнасцях для выпрацоўкі бачання беларускай адукацыі.
Звычайна прадстаўнікі ініцыятыў маюць вельмі павярхоўныя ўяўленні пра змест праектных рэформаў і іх аўтараў.
Гатовыя прымаць удзел у супольнай працы дзеля вызначэння мэтаў і прынцыпаў адукацыі ў Беларусі, бачаць у гэтым сэнс, аднак гатовыя гэта рабіць толькі на ўмовах роўнай дэмакратычнай камунікацыі са зваротнай сувяззю.
Самі пакуль што не гатовыя выступаць ініцыятарамі такога абмеркавання, але гатовыя далучыцца пры адпаведным запрашэнні. Ініцыятарамі працэсу аб’яднання бачаць Офіс Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйную раду.