Пераезд у новую краіну — гэта заўсёды выклік. Моўная адаптацыя, новая культура, іншы менталітэт. Для тых, хто эмігруе сем’ямі, заданне ўвогуле з зорачкай: бацькам трэба разбірацца яшчэ і з тым, як у новай краіне працуе сістэма адукацыі. Пра яе адметнасці ў Германіі нам пагадзілася распавесці Ганна Косцін. У нямецкім Ульме беларуска жыве з 2012 года. На момант пераезду яе старэйшаму сыну было 1,5 года. Малодшы нарадзіўся ўжо ў эміграцыі. Так што пагаварылі мы і пра школу, і пра дзіцячыя садкі.
«Мой муж — беларус, працуе ў ІТ-сферы. Калі яму прапанавалі работу ў Германіі, мы асабліва не вагаліся. Параіліся і паехалі», — распавядае Ганна пра тое, як 12 гадоў таму вырашыла глабальна змяніць сваё жыццё.
— Германія аказалася нам вельмі блізкая. Напрыклад? Немцы, як правіла, вельмі асцярожна ідуць на кантакт, доўга збліжаюцца, трымаюць дыстанцыю. Нам гэта падабалася.
У новай краіне трэба было вырашаць нямала пытанняў. Адно з галоўных — пошук дзіцячага садка для старэйшага сына. Праз недахоп персаналу сітуацыя ў Германіі даволі напружаная.
— Для старэйшага сына ў нашым садку месцаў не было, а вось малодшага ахвотна бралі, хаця я не хацела яго так рана аддаваць. Але нам падказалі, што калі ён будзе хадзіць у сад, то браціка прымуць хутчэй.
Дзіцячыя садкі ў Германіі платныя. Яны бываюць прыватнымі і дзяржаўнымі. Таксама магчымы варыянт хатняга міні-садка. Дзеці Ганны хадзілі ў дзяржаўную ўстанову.
— 350 еўра — гэта максімальная сума, якую мы плацілі за сад. У цэлым аплата залежыць ад таго, колькі часу праводзіць там дзіця і які даход маюць бацькі.
Беларуска падкрэслівае: усё залежыць і ад канкрэтнай зямлі ды канкрэтнай установы.
— У нашым садку можна было пакідаць дзяцей на выбар да 12:30, 14.30, 17:00 і плаціць адпаведна. Ёсць садкі, дзе бацькі вымушаныя рабіць ссабойкі на сняданак і на абед (нічога салодкага). У нашым садзе харчаванне было ўключана ў аплату. Выглядала гэта так: дзеці прыходзілі ў сталовую, бралі талеркі і самі накладалі сабе ежу. Дабаўку можна было ўзяць тры разы, дэсерт — толькі адзін раз.
Такім чынам, тлумачыць Ганна, робіцца ўхіл на самастойнасць. Нават у паўсядзённых дробязях. Маленькі чалавек — гэта асоба, якая прымае рашэнні і потым нясе за іх адказнасць. Такое стаўленне да дзіцяці вельмі заахвочваецца.
— Гэта тычыцца нават дзённага сну. Ёсць пэўны час для ціхай гадзіны, калі выхавальніца ў групе ціха чытае казкі. Дзеткі, якія жадаюць спаць, рассцілаюць побач на падлозе матрацыкі, бяруць свае падушачкі і коўдры. Тыя, хто спаць не жадае, гуляюць далей.
Дарэчы, цацак у нашым садку было зусім няшмат. Немцы кажуць, што чым іх менш, тым лепей. Я падзяляю гэтую думку. Дзіця павінна мець свабоду для сваёй фантазіі і ўмець прыдумаць для сябе занятак. Але ёсць цацкі на дробную маторыку, ёсць настольныя гульні. Дзеці гуляюць разам з выхавацелямі і гэта таксама вельмі важны аспект, робіцца ўпор на сацыялізацыю і ўменне вырашаць канфлікты. Вельмі шмат творчых заданняў.
«Дзяржаўныя школы бясплатныя, але за прадлёнку і харчаванне трэба плаціць. Абед каштуе 3-4 еўра»
У дзіцячым садку ў старэйшага сына Ганны пацвердзіўся сіндром Аспергера, таму ўжо ў школе побач з хлопчыкам заўсёды быў спецыяліст, які дапамагаў яму максімальна аблегчыць сацыялізацыю. Дарэчы, у дзіцячым садку ім далі рэкамендацыю ісці адразу ў другі клас школы. Усімі арганізацыйнымі момантамі займаўся выхавальнік з дзіцячага садка.
— Асаблівасці былі такія, што сын вельмі цікавіўся сімваламі, мог чытаць і пісаць. Педагог прыняў рашэнне, што ў першым класе ён можа занудзіцца і што гэта можа прывесці да праблем у навучальным працэсе.
Пачатковая школа ў Германіі, распавядае Ганна, аднолькавая для ўсіх, а вось выбар сярэдняй ступені залежыць ад поспехаў і мэт вучня.
— У пачатковую школу дзіця абавязана хадзіць па месцы прапіскі. Для таго, каб памяняць установу, патрэбны вельмі сур’ёзныя падставы. Па жаданні можна перайсці толькі ў прыватную школу. Дзяржаўныя школы бясплатныя, але за прадлёнку і харчаванне трэба плаціць. Абед каштуе 3-4 еўра. У сярэдняй школе дзеці могуць напярэдадні выбіраць сабе ежу ў інтэрнэце. Цана на прадлёнку залежыць ад таго, колькі дзіця там будзе знаходзіцца, ці патрэбна яму дапамога з урокамі. Гэта ўсё ўлічваецца і ўсё залежыць ад узроўню даходу сям’і.
— Якая нагрузка ў дзяцей ў пачатковай школе?
— Да першакласнікаў вельмі беражлівы падыход. Заняткі часта пачынаюцца з другога ўрока. Усё для таго, каб у дзяцей сфарміравалася радасць ад навучальнага працэсу і сваіх поспехаў. Дарэчы, бацькам забаронена заходзіць у школу. Распрануцца, апрануцца, сабраць рэчы, насіць свой цяжкі ранец — усё гэта дзіця павінна рабіць самастойна.
Няма ў нямецкіх школах і ў нашым разуменні бацькоўскіх сходаў (добраахвотна можна хадзіць на вечары інфармавання бацькоў на розныя тэмы). Раз на паўгода бацькі і дзіця сустракаюцца на размове з класным кіраўніком. Настаўнік пытаецца ў дзіцяці, як бы ён сам сябе ацаніў па розных крытэрыях ад паводзін да ведаў па прадметах.
— Гэта вельмі цікава, таму што як правіла дзеці ацэньваюць сябе крыху горш, а настаўнік крыху лепш. Таму нашыя хлопчыкі заўсёды ў прыемным здзіўленні пасля гэтай размовы.
У 4-м класе бацькі атрымліваюць ад класнага кіраўніка рэкамендацыю: да чаго дзіця імкнецца, што ў яго атрымліваецца лепш за ўсё і якую школу яму варта абраць для далейшай адукацыі. У Германіі іх 4 віды. Найбольш прэстыжным і складаным тыпам з’яўляецца гімназія (Gymnasium). Дарэчы, з нядаўніх часоў бацькі могуць самі вырашаць, прытрымлівацца рэкамендацый настаўнікаў ці не.
— Са старэйшым сынам мы былі абавязаны выконваць рэкамендацыі і пайшлі ў гімназію, у двухмоўны клас. У Германіі любое дзіця, якое здольнае вучыцца, але мае некаторыя фізічныя ці ментальныя абмежаванні, мае права атрымліваць адукацыю ў звычайнай школьнай установе. Розніца толькі ў тым, што ў асаблівых дзяцей ёсць суправаджаючы. Дапамога па сітуацыі. Напрыклад, дзіця губляе канцэнтрацыю, або ў сувязі са сваімі асаблівасцямі выпадае з навучальнага працэсу. Гэта можа быць дапамога ў кантакце з настаўнікам, у сувязі з узнікненнем канфліктнай сітуацыі. Такая падтрымка важная, каб навучальны працэс для ўсіх удзельнікаў праходзіў нармальна. Пры ўсім жаданні настаўнік не можа забяспечыць трыццаці вучням індывідуальны падыход. Таму я як маці спакойная за свайго сына і ведаю, што ён у надзейных руках.
Вельмі вялікая ўвага ў нямецкіх школах надаецца адносінам у класе. Ганна кажа, што настаўнік нясе адказнасць за тое, каб прадухіліць нават мінімальныя прыкметы цкавання і мобінгу. Такія моманты заўсёды на кантролі і заўсёды адсочваюцца.
«Самы высокі бал у нямецкіх школах — 1, а самая непажаданая адзнака — 5»
Размаўляем мы з Ганнай і пра тое, наколькі цяжка вучыцца ў нямецкай школе.
— Тут вельмі заахвочваецца крытычнае мысленне. Гэта тое, чаго я не памятаю ў Беларусі. Дзеці вучацца аналізаваць сітуацыю і выказваць уласную думку, заснаваную на аналізе. Вучацца прыводзіць аргументы «за» і «супраць», у шматлікі эсэ выказваюць свае думкі прыгожай літаратурнай мовай.
Пры наяўнасці добрага атэстата за чацвёрты клас, можна абраць двухмоўную адукацыю. У майго старэйшага сына, які зараз ходзіць у сёмы клас, прадугледжана выкладанне некалькіх прадметаў на англійскай мове. Да гэтага дадаецца яшчэ адна замежная. Мы выбралі латынь. У нямецкіх школах ёсць рэлігія, але калі з нейкіх прычын дзеці не жадаюць яе наведваць, можна падчас урока пасядзець у суседнім кабінеце, зрабіць урокі, пачытаць. Часта як альтэрнатыва ўрокам рэлігіі — урокі этыкі. У абодвух маіх дзяцей не было і няма сэксуальнага выхавання. Асобныя тэмы закранаюцца ў межах праграмы пачатковай школы ў вельмі лёгкай форме.
Дарэчы, самы высокі бал у нямецкіх школах — 1, а самая непажаданая адзнака — 5. Аспрэчыць рашэнне настаўніка амаль немагчыма, бо ёсць вельмі дакладныя крытэрыі. Вельмі важна прытрымлівацца ўмоў задання. Калі ўсё зроблена правільна, але дзіця крыху адхілілася ад указанняў, адзнаку знізяць.
— Нямецкія бацькі ніколі не імкнуцца зрабіць максімальна камфортныя ўмовы для свайго дзіцяці. Маўляў, так, настаўніца для нас не самая лепшая, але трэба ўмець знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі, нават з не вельмі прыемнымі. Для мяне гэта было вялікім здзіўленнем, але ў прынцыпе я згодная, што дзіця павінна быць гатова да рэалій жыцця.
Яшчэ адно адрозненне нямецкай школы — канікул цягам года ў вучняў больш, чым у Беларусі. Праўда, летні перапынак толькі паўтара месяца. Дарэчы, з пропускамі ў Германіі вельмі строга. Скажам, прапусціць школу, каб вылецець у адпачынак на дзень раней, амаль немагчыма. Ганна кажа, што гэта лічыцца вельмі сур’ёзным падманам і падобныя рэчы кантралююцца нават у аэрапорце.
«Чалавека з ранняга дзяцінства вучаць быць часткай грамадства і пры гэтым не губляць сябе як асобу»
— Ганна, наколькі актыўна Вы ўдзельнічаеце ў навучальным працэсе сваіх дзяцей?
— Мая задача заключаецца ў кантролі і рэгуляванні працэсаў, за якія мае дзеці самастойна нясуць адказнасць. З цягам часу я кантралюю іх усё менш. Хлопчыкі ведаюць: школа — гэта іх зона адказнасці.
— Вельмі часта ад бацькоў можна пачуць, што іх зусім не хвалюе, якія адзнакі прыносіць дзіця. Галоўнае, каб яму было камфортна. Што вы пра гэта думаеце?
— У Германіі так кажуць шматлікія бацькі і настаўнікі. Незалежна ад прафесіі, любую працу тут шануюць і паважаюць. Таму ціск на дзяцей у плане адзнак не назіраецца. Але з іншага боку, калі ў дзіцяці ёсць здольнасці і жаданне вучыцца, а ў бацькоў ёсць амбіцыі, то пра іх рэалізацыю трэба думаць загадзя. Скажам, для паступлення ў медыцынскі трэба самыя высокія балы ў раёне адзінкі.
На пытанне ж пра тое, што ў нямецкай адукацыі ёй падабаецца больш за ўсё, Ганна ўпэўнена адказвае: чалавека з ранняга дзяцінства вучаць быць часткай грамадства і пры гэтым не губляць сябе як асобу.
— Дзіця вучаць знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі, паважаць сябе і іншых, несці адказнасць за свае ўчынкі, мець уласнае меркаванне і ўмець яго адстойваць. Паступова маленькі чалавек становіцца самастойным: у садку вырашае, што і колькі яму есці, як апранацца, калі хадзіць у прыбіральню, глядзець за сваімі рэчамі. У школе яму трэба сачыць за сваім раскладам, заданнямі на дом, экскурсіямі, сваімі адзнакамі.
Падрыхтоўка да жыцця ў гэтым і заключаецца: умець паклапаціцца пра сябе, сфарміраваць асабістае меркаванне. Адказнасць і свядомасць: вось што мне больш за ўсё падабаецца ў Германіі.