У Варшаве прайшла канферэнцыя «Аўтарытарызм пад пагрозай. Беларуская палітычная сістэма пасля выбараў 2020 г. у параўнальнай перспектыве». Мерапрыемства адбылася на базе Інстытута сацыялогіі і філасофіі Акадэміі Навук Польшчы. Мэта – шматбаковая ацэнка стану беларускай палітычнай сістэмы пасля 2020 года і абмеркаванне імаверных сцэнарыяў далейшага развіцця сітуацыі ў Беларусі. Мерапрыемства складалася з трох панэляў, на якіх выступілі беларускія і польскія навукоўцы, даследчыкі і палітыкі.
Як адзначыў філосаф Пётр Рудкоўскі, з назваю канферэнцыі можна не пагадзіцца, бо ў пэўным сэнсе на дадзены момант рэжым Лукашэнкі здолеў стабілізаваць палітычную сітуацыю. Але гэта толькі ў моманце. Як адзначае спадар Пётр, зараз ужо відавочныя прыкметы сур’ёзнага крызісу, які ставіць існаванне рэжыму пад пагрозу.
«Практычна для кожнага аўтарытарнага рэжыму важна падтрымліваць у грамадстве перакананне, што ў пэўнай ступені ён мае такую працэдурную легітымізацыю. Беларускі рэжым практычна згубіў гэты тып легітымнасці. Іншы тып легітымнасці – гэта апраўданне свайго існавання з дапамогай нейкіх эканамічных поспехаў, гарантаванне бяспекі вонкавай, унутранай. У гэтым плане таксама рэжым знаходзіцца ў вельмі кепскім стане. Тое, што рэжым робіць стаўку на рэпрэсіі – гэта не ад лёгкага жыцця. Аўтакратыі – гэта не ёсць сістэмы, для якіх рэпрэсіі з’яўляюцца такім важным фактарам існавання. У сітуацыі, калі ён (рэжым) стабільны, рэпрэсіі выконваюць дапаможную функцыю».
Гэтую думку падтрымлівае і спадар Павел Баркоўскі, беларускі філосаф, які прыняў удзел у першай панэлі канферэнцыі. Па яго словах, той факт, што рэжым Лукашэнкі вымушаны і праз тры гады пасля выбараў працягваць рэпрэсіі і ў той жа момант аддаваць шэраг функцый дзяржавы, звязаных перш за ўсё з развіццём культуры і мовы, грамадству, у асноўным у замежжы, сведчыць аб праблемах унутры палітычнага рэжыма.
Таксама, цікавым фактам, якім падзяліўся спадар Павел, сталі вынікі закрытага сацыялагічнага даследавання, паводле якога, аснову падтрымкі Лукашэнкі сёння складае, як ні дзіўна, моладзь ва ўзросце прыкладна ад 22 да 30-35 гадоў. Але, як адзначае філосаф, ёсць пэўныя асаблівасці гэтай падтрымкі, якія робяць яе вельмі ненадзейнай для рэжыму.
«Гэта звязана з тым, што гэтае пакаленне вырасла пры Лукашэнку. Гэта пакаленне «цынічных кар’ерыстаў», якія сёння заўважныя як маладыя твары ў судах, пракуратуры, чыноўніцкіх кабінетах. І яны, практычна, робяць сваю ўласную кар’еру, не зважаючы на нейкі нацыянальны інтарэс, ці на нейкія каштоўнасныя акалічнасці. Пры гэтым, яны, можа, і не з’яўляюца яго нейкімі фанатычнымі паклоннікамі, але яны проста прыстасаваліся да гэтай сістэмы, ім у ёй зручна. Яны не хочуць зменаў, таму што не ўпэўненыя, што ў новай сістэме змогуць сябе гэтак жа паспяхова рэалізаваць як цяпер. У гэтым і асноўная пагроза беларускаму рэжыму сёння, бо ў яго няма трывалай базы. Ёсць частка тых, хто падтрымлівае яго выключна прагматычна, але гэта залежыць толькі ад здольнасці рэжыму прыцягваць нейкія грошы, інвестыцыі з усходу. І калі раптам эканамічны стан пагоршыцца, то і база лаяльнасці гэтых людзей зменшыцца да мінімума».
Апошняя панэль Канферэнцыі была прысвечаная перспектывам для Беларусі. Адзін з запрошаных экспертаў, палітолаг Павел Усаў адзначае, што сёння магчымасцяў для новых пратэстаў ці нават уплыву з боку насельніцтва на сітуацыю ў краіне вельмі малая і наўрад ці мы ўбачым бліжэйшым часам новыя пратэсты ў Беларусі. У той жа момант, як адзначае эксперт, сучасная беларуская апазіцыя не скарысталася тым вялізарным даверам, які быў ёй аказаны з боку насельніцтва. Пакуль, на думку спадара Паўла, сітуацыя не крытычная, але, па яго словах, калі сітуацыя не будзе выпраўленая, гэта можа пераўтварыцца ў самую буйную паразу апазіцыйных сілаў у сучаснай гісторыі Беларусі.
«Адзінае, чым можа ўплываць зараз апазіцыя – гэта маральнай альтэрнатывай. Маральны дыскурс, прапанова нейкай лепшай будучыні, якую таксама не ў стане сёння апазіцыйныя сілы акрэсліць. Якая гэта будзе будучыня нават у кантэксце ці гэта будзе парламентарная рэспубліка, ці гэта будзе прэзідэнцкая рэспубліка. І гэтак далей. Той факт, што лукашэнкаўскі рэжым не можа пакуль што ігнараваць цалкам тое, што робяць, што заяўляюць апазіцыйныя структуры за мяжой, сведчыць, што цалкам перамогі інфармацыйнай, маральнай няма. Пытанне зараз у тым, ці захавае гэтую перавагу маральную і інфармацыйную апазіцыя, апазіцыйныя структуры, ці той лагер, які зараз сканцэнтраваны вакол Ціханоўскай. Гэта ўжо залежыць ад таго, ці будзе гэтая палітыка апазіцыйная адказнай і маральнай. Бо шмат узнікае прэтэнзій і крытычных заўваг. Зараз на той хвалі апазіцыйных структур, якія ўзніклі пасля 20-га году, асабліва пасля 22-га году, бо ўсе гэтыя Каардынацыйная Рада, Кабінет, яны ўзніклі пасля 22-га году як структуры, на іх ляжыць вялікая адказнасць у сэнсе захавання маральнага даверу і маральнага аўтарытэту. Пакуль што яны з гэтай задачай не спраўляюцца. І калі гэта працягнецца далей – гэта будзе самая вялікая параза дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Бо патэнцыял і давер, які мелі пэўныя апазіцыйныя фігуры і структуры, ён ужо часткова страчаны».