Таго самага, у якога Гадзіла ванітуе агнём, а Адам з Евай вяртаюцца ў рай, узброеныя ПЗРК. І ўсё гэта ў форме традыцыйнага маляванага дывана. Працягваючы традыцыю такога твора часоў Язэпа Драздовіча ды Алены Кіш, Осіпаў ідзе сваім уласным шляхам — праз варшаўскі раён Таргувэк, праз мокрыя дрэвы ды артыстычныя сметнікі — да будынку былога заводу, дзе зараз месцяцца дастаўка вады, памяшканне для пэйнтболу, рамонт ровараў, продаж ваннаў, букініст і мастацкія майстэрні. Тут, заварыўшы сабе і «Сойцы» кубак брутальна чорнай заліўной кавы, Максім урэшце раскладае ўсе карты: што не падабаецца ў беларускім мастацтве і медыях, як усё палепшыць і што рабіць далей.
Як праходзіць эміграцыя?
У мяне зараз стасункі з тымі, хто ў Беларусі, больш актыўныя, чым з тымі, хто з’ехаў. Людзей унутры краіны не хвалююць праблемы эміграцыі, іх цікавяць падзеі, палітыка, культура, культуралогія. У іх ёсць попыт на думку. Ім не да шкадавання сябе, як у альбоме Вольскага «Эмігранты», дзе герой бядуе «з чамаданам пустым у руках». Альбом, дарэчы, я сам нават даслухаць да канца не здолеў. Гэта ўжо поўнае рамесніцтва, праца на аўтапілоце.
Вы апошнім часам любіце выступіць з маніфестамі. Адкуль такая форма выказвання?
Відаць, я крыху страціў уменне афігенна пісаць тэксты, бо маляваў і даўно нічога не пісаў. Зараз я шукаю форму, у якой гэта рабіць, а атрымліваюцца ў мяне маніфесты.
Насамрэч у нас ёсць пэўная звычка не называць чорнае чорным, а белае белым, размываць, скругляць вуглы. Быць талерантным да адрознага меркавання, нават калі ты на некага наязджаеш. Я якраз адчуваю брак такіх тэкстаў, дзе хто-небудзь прыйдзе і пачне паліць. Проста і без паліткарэктнасці. І я, з аднаго боку, ведаю, што атрымаю шквал негатыву, а з іншага — разумею, што камусьці зараз мае думкі будуць дарэчы. Таму хтосьці мне дзякуе, хтосьці праклінае, іншы смяецца.
Што вы крытыкуеце?
Я прытрымліваюся такой думкі, што беларуская мастацкая дзейнасць як сістэма прызвычаілася да функцыі абслугоўвання грамадства. Гэта мае глыбокія карані з савецкіх часоў, калі ў нас быў Саюз мастакоў, мастацкія майстэрні ў кожным горадзе, вытворчасць мазаік, фрэсак у школах, сталоўках, іншых грамадскіх месцах. У мастакоў была канкрэтная функцыя — эстэтызаваць жыццёвую прастору, і дзяржава гэта аплочвала. Было мноства абмежаванняў праз ідэалогію і таталітарны рэжым, таму розныя не адпаведныя дзяржаве рэчы пісаліся «ў шуфляду».
Я памятаю час, калі пасля 1991 года гэтыя шуфляды пачалі адчыняцца, паўсюль былі выставы, чаканне, што зараз адбудзецца поспех. Сапраўды, быў кароткі перыяд, калі ўвесь свет зацікавіўся дысідэнцкім мастацтвам савецкага перыяду (а яго было вельмі шмат), але перыяд хутка скончыўся. Цяпер жа цікаўнасць страчваецца яшчэ хутчэй. Напрыклад, у 2022-м была вялікая цікавасць да ўкраінскага мастацтва, але неўзабаве гэты трэнд пачаў змяншацца. Тут да вайны цікавасць сканчаецца, хоць яна працягваецца і не спыняецца ані на хвіліну.
Перад выбарамі 2020-га быў перыяд, калі аб’ядналіся штабы, быў кароткі ўздым, і паўстала процьма малюнкаў, нават жывапісных працаў, мемасікі Цэслера, коцікі Якубоўскай, бясконцыя дзяўчаты і хлопцы з бел-чырвона-белым сцягам валілі адусюль. А потым усё пачало знікаць. Грамадства сціхла, і мастакі быццам перасталі адчуваць запыт. Было дзіўна: вось плынь, а вось ужо нічога. Зараз перыядычна паўстаюць нейкія творы — пераважна сумныя рэчы, дзе багата самашкадавання, «смутку і жальбы нядолі». Мастакі быццам беглі за грамадствам, а ў ідэале мелі б ісці крыху спераду.
Мастацкая дзейнасць, як і навука, — гэта сфера інавацыяў, прастора вытворчасці новых сэнсаў і зместаў. Нават калі ў канкрэтны момант запыту на тыя зместы-сэнсы не чутно. Вось калі ўпершыню паказалі айфон, крытыкі зусім не зразумелі яго: навошта чалавеку патрэбны яшчэ адзін кампутар, толькі ў кішэні? А што атрымалася? Багата прыкладаў можна прыводзіць. Кнігадрук вось. Былі ж часы, што кніжкі палілі, і аўтараў таксама. Але інавацыя паскорыла развіццё цывілізацыі.
Мне падаецца, што сучасныя мастакі падсвядома чакаюць, што ў іх нешта замовяць. «Давайце здымем фільм пра 20-ты год, а давайце здымем серыял!» І тады яны бягуць здымаць. Ёсць нейкія самаўсталяваныя межы, асабістыя фактары, страх закрануць пачуцці ці сказаць нешта надта рэзкае. А мастакі ж, базава, маюць такую здольнасць нешта памысліць першымі. Памысліць — падабаецца мне гэтае слова. Раней за час, не да часу.
А не завялікую ролю вы на іх ускладаеце?
Ну гэта іх натуральная роля. Іншай не было. Мастакі проста не могуць інакш. Вось вам дадуць намаляваць зусім новую, няісную істоту, і вы намалюеце хімеру з хвастом рыбы, крыламі курыцы, галавой льва. Мы заўжды імкнемся рабіць нешта новае з таго, што там знаёма і вядома. Мастакі ж здольныя стварыць новую істоту. Яны не рамеснікі па змоўчванні. Мы як грамадства можам на іх ускладаць любую адказнасць, але яны ў сваёй інавацыйнасці натуральныя.
Крытыка таксама цяпер вялая і сумная?
Мне падаецца, якраз крытыка стала больш жорсткай, больш агрэсіўнай і пры гэтым трапнай, але праблема ў прасторы, куды яе запхнулі. Яе няма ў медыях, яе трэба шукаць ў цёмных і нязручных месцах.
Раней ты пішаш пост, і калі хочаш, каб яго прачыталі як мага больш людзей, ужываеш нейкія СММ-ныя прыёмы: дадаеш фотакартку, пачынаеш з правакацыйных фразаў… Зараз усё гэта не працуе. Зараз пост пад замком збірае больш каментароў і выклікае большае абмеркаванне, чым адкрыты тэкст. Людзі папросту не хочуць каментаваць тое, што бачна. Бывае, што пошчу новую працу — каментаў мінімум, а праглядаў дафіга, прычым вялізная колькасць іх не ад паспісантаў маіх. Калі кагосьці штосьці трыгерыць, гэта абмяркоўваецца ў маленькіх тусовачках і чаціках, на цікавую дыскусію можна натрапіць нават у ціктоку.
Раней было так, што выйшаў альбом Вольскага, ты зайшоў на «Эксперты.бай» і прачытаў чатыры прафесійныя рэцэнзіі і яшчэ тры — у каментарах. А зараз гэтую крытыку трэба збіраць па кроплях паўсюль. Але узровень рэфлексіі цяпер вышэйшы, чым быў да 20-га года. Адбыліся пэўныя падзеі, якія моцна прачысцілі мазгі, людзі сталі больш смелыя ў ацэнках, больш радыкальныя. Я лічу, што гэта добра. Нават калі людзі выходзяць па-за правілы вядзення дыскусій, калі даходзіць да абразаў, усё адно гэта — добра. Узнікае штосьці, аб што можна абцерушыць, адбіць свае думкі. Нават калі да слова на літару «б» даходзіць.
Гэта якое слова на літару «б»?
Бульбасрач. Я не талерую гэты тэрмін. У нас традыцыйна лічыцца, што меркаванне асобы — гэта і ёсць асоба. Калі ты крытыкуеш меркаванне, то ты пераходзіш на асобу. А гэта ўжо агрэсія, зняцэньванне і г. д.
Выходзіць, няма культуры дыскусіі?
Няма. Размова нават з наездамі, нават калі тваё меркаванне разносіцца ўшчэнт, — гэта ўсё адно дыскусія. А ў нас пануе фармат, калі кожны выказвае тое, што ён думае, прэзентуе сябе. Маеце — цяпер буду глядзець, што вы з гэтым будзеце рабіць. У нас збяруцца 5-6 дзеячоў вакол праблемы, кожны выкладзе сваё. Нацыянальна арыентаваныя скажуць: «Вы не разумееца Пазняка», феміністкі раскрытыкуюць, што багата патрыярхату і няма фемінітываў, моладзь скажа, што тут усе несучасныя, тожабеларусы скажуць: «А почему мы должны на беларусском?» А што да сутнасці, дык трэба яшчэ пастарацца, каб зразумець, з чаго ўсё пачалося, калі нарадзілася такая з’ява як срач.
Калі чалавек выказваецца ветліва і паліткарэктна — яго ігнаруюць. Ён незадаволены і прымяняе больш агрэсіўную і рэзкую форму. Тады на яго ўрэшце звяртаюць увагу, але абмеркаванне ўсё адно тычыцца адно формы выказвання, а не зместу. Мы падаўляем у сабе цікавасць да чужых думак, калі яны не супадаюць з нашымі. А цікавасць не перадбачае, што мы маем прыняць гэты пункт гледжання. Пры гэтым веды пра яго могуць узбагаціць наш светапогляд.
А можна сёння быць беларускім мастаком без аніякай місійнасці?
Дык ніякай місійнасці ўнутры мастацкага кола няма, яе ніхто з мастакоў не адчувае. Галоўнае — ці ёсць табе пра што сказаць сусвету. Я калі хаджу на выставы як глядач, шукаю гэтага, нейкіх нязручных для мяне і незнаёмых сэнсаў. Але, па шчырасці, рэдка калі знаходжу. Зараз пануюць разнастайнія формы шкадавання сябе. Як адна мая сяброўка казала: збіраюць свае нюні і развешваюць на калядную ялінку.
Шмат мастакоў выехалі за мяжу. Магчыма, яны асімілююцца і інтэгруюцца ў мастацтва іншых еўрапейскіх краінаў?
Межы паміж беларускімі мастакамі і мастакамі з іншых краінаў не размыюцца. Мы ўвесь час будзем існаваць у розных культурных парадыгмах. Ну нават любы мастак-касмапаліт, які ўсяляк адмяжоўваецца ад свайго беларускага мінулага, — усё адно носьбіт гэтага бэкграўнда, як бы ён ні намагаўся зрабіцца тут «сваім», гэта не так проста. Калі ты цалкам адрэжаш усе сувязі са сваёй краінай, з яе кантэкстамі, кантэнтам, цалкам уліешся ў іншую краіну, яе кантэксты і гісторыі, зможаш стаць ейным мастаком. Шчыра магу сказаць, што калі я прыходжу на еўрапейскія выставы сучаснага мастацтва, я бадай нічога не разумею, магу хіба здагадвацца. Але ад мясцовых таксама чую пра брак ідэй і сэнсаў.
Што тычыцца нашых эмігрантаў, існуе небяспека падхапіць хваробу ўсіх эмігрантаў: закансервавацца ў тым стане, у якім ты пакінуў краіну і жыць так гадамі. З тым жа ўзроўнем свядомасці, рэфлексіі, медыйнымі звычкамі, усведамленнем рэальнасці. Хаця сёння шмат чыннікаў, дзякуючы якім гэтага можна пазбегнуць: спосабы камунікацыі, доступ да рознай інфармацыі.
Баюся некага пакрыўдзіць, але я не асабліва бачу нейкую розніцу ў мастацтве тых, хто застаецца ў Беларусі, і тых, хто з’ехаў. Там гэта партызанка, прыхаваныя сэнсы, а тут — усё ў лоб, але зусім неглыбока капаюць. Па сутнасці, гэта два падобныя працэсы — эміграцыя і ўнутраная эміграцыя. Між імі не такая вялікая розніца, хіба ў адчуванні бяспекі.
Як памянялася ваша прыватная сітуацыя, калі вы пачалі прадаваць прынты, а не толькі маляваныя ад рукі дываны?
У мяне змянілася тэхніка, я стаў працаваць даўжэй па часе. Раней адзін дыван у мяне займаў 2-3 тыдні, цяпер жа я перайшоў на дробненькія пэндзлікі, зусім маленькія, ад якіх нават зрок пачаў псавацца. Як я прыдумаў рабіць прынты? Неяк маляваў цэлы месяц адну работу і зразумеў, што хутка за арэнду кватэры плаціць, а няма чым. Пры гэтым многа людзей запытваюць пра арыгіналы, але не набываюць, бо для іх гэта дорага. А прынт — гэта максімальна набліжаны да арыгіналу варыянт, ён таксама на тканіне робіцца, на фотках наогул ідэнтычна выглядае. Ну і з’явіўся такі спосаб падтрымкі сябе.
Магчыма, вядома, я вычарпаюся, ці людзі перастануць набываць прынты. Ну што ж, пайду тады працаваць на будоўлю ці яшчэ куды.
Вы ведзяце блог «Я магу ўсё патлумачыць», дзе ўводзіце ў сутнасць сваіх працаў. Як вы атрымліваеце водгук, калі людзі неахвотна каментуюць?
Зараз часы прывату. Людзі з Беларусі збольшага могуць не каментаваць, не ставіць лайкі, нават не быць падпісанымі, але могуць пісаць адразу ў прыват. І добрае, і благое. Было нават так, што я сазвоны рабіў з зусім не знаёмымі людзьмі, якім трэба было маё дадатковае тлумачэнне, альбо яны хацелі дадаць сваіх думак, спраўдзіць іх. Мне гэта падабаецца. Гэтыя працэсы ўзаемадзеяння адбываюцца, яны не пакідаюць аніякага следу ў медыях. Мо таму медыі несвядома ствараюць карціну Беларусі як выпаленага поля, па якім скача Азаронак. Але працэсы адбываюцца і нават паскараюцца.
Ну вось і дайшлі да наездаў на медыі.
Я разумею сітуацыю, у якую пастаўленыя медыі. Але любыя абставіны можна ўспрымаць і як вырак, і як выклік. Літаральна сёння раззлаваўся, калі зайшоў паглядзець навіны — а там суцэльны Азаронак. Нават калі ён нічога не робіць, пра яго пішуць. Мне часам хочацца ўсіх сабраць у адным пакоі і прачытаць лекцыю пра прапаганду, датаваную, здаецца, 30-мі гадамі, дзе асноўны пасыл — сэнс прапаганды ў тым, каб быць пашыранай хоць якім спосабам. Негатыўна гэта будзе, пазітыўна — пофіг. Абы яна дамінавала над усім.
Таму трэба памысліць, як рабіць інакш.