Эксперты — пра тое, чаму неабходна рэфармаваць пенітэнцыярную сістэму Беларусі.
Арганізацыя «Урачы за праўду і справядлівасць» ў супрацы з юрыстамі, урачамі, праваабаронцамі прааналізавала цяперашні стан беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Даследаванне мела на мэце высветліць, як функцыянуе турэмная медыцына і псіхалогія ў Беларусі, і ладзілася ўпершыню.
29 лістапада ў Вільні былі агучаныя вынікі даследавання. Филин пабываў на мерапрыемстве і расказвае падрабязнасці.
— Насамрэч неабходнасць рэформаў наспела даўно, бо апошнія змены ў гэтай сферы адбыліся больш як 25 год таму, — зазначае ўрач, праваабаронца, былы кіраўнік медслужбы ДВП МУС Васіль Завадскі. — Аднак да 2020 года прыцягнуць увагу грамадства да стану пенітэнцыярнай сістэмы, неабходнасці яе рэфармавання было вельмі складана — скажам шчыра, гэтая тэма мала каго цікавіла.
У 2020-м Рубікон быў пяройдзены, і пяройдзены незваротна. Гэта дае нават не надзею — упэўненасць у тым, што змены будуць адбывацца.
Сваё бачанне розных аспектаў працы беларускіх турмаў і калоній прадставілі праваабаронцы, былыя і дзеючыя юрысты, урачы, псіхолагі, экс-супрацоўнікі сілавых структур. Некаторыя з іх застаюцца ў Беларусі і нават працуюць ва ўстановах пенітэнцыярнай сістмы, таму паўдзельнічалі ў праекце на ўмовах ананімнасці.
Каманда прыйшла да прадказальнай, але ад таго не меш важнай высновы: у цяперашні час аказанне медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы не забяспечвае вязням права на жыццё і здароўе, якія з’яўляюцца найвышэйшымі каштоўнасцямі і мэтамі дзяржавы.
Больш за тое, умовы аказання медычнай і псіхалагічнай дапамогі не садзейнічаюць (адзін з экспертаў зазначыў: «шкодзяць») мэтам выпраўлення зняволеных.
Напрыклад, для пэўных катэгорый людзей медыцына ў месцах пазбаўлення волі становіцца больш дасяжнай, чым уласна на волі, у той час як нават хранічныя хваробы, напрыклад, «палітычных» адміністрацыя і турэмныя лекары нібыта не заўважаюць, а стаматалагічная дапамога з’яўляецца маштабнай праблемай (якая мае да таго ж доўгаграючыя наступствы) для ўсіх.
Адны тлумачаць гэта супярэчаннямі нацыянальных нарматыўна-прававых актаў міжнародным стандартам, другія звяртаюць увагу на расплывістыя фармулёўкі, якія не рэгулююць адназначна ўзровень медычнай дапамогі. Іншыя эксперты лічаць, што справа не столькі ў законах, колькі ў фактары выканаўцаў: самавольстве адміністрацыі турмаў і калоній, парушэнні ўрачэбнай этыкі і г.д.
З-за закрытасці сістэмы, адсутнасці грамадскага кантролю над ёй складана ацаніць маштабы праблем з дасяжнасцю і якасцю медыцынскай дапамогі. Нават колькасць смерцяў у вязніцах — закрытая ад грамадскасці інфармацыя. Але дакладна можна сказаць, што выпадкі прыцягвання да адказнасці супрацоўнікаў СІЗА, калоній і турмаў за халатнасць, дзеянні альбо бяздзейнасць, што пацягнулі чалавека ў месцы зняволення — вельмі рэдкія, нават адзінкавыя.
Пра адзін такі рэзанансны выпадак распавёў былы следчы Алег Талерчык – так званы «кейс Пцічкіна», калі з-за дзенняў фельчара ў 2013-м годзе ў СІЗА №1 памёр асуджаны да адміністрацыйнага арышту Ігар Пцічкін (хлопца з сіндромам адмены амаль на суткі проста прывязалі да ложку).
Больш як два гады расследавання, 22 тамы справы, неаднаразовыя спробы закрыць яе – і ўсё ж дзякуючы настойлівасці родных і грамадскаму рэзанансу фельчар адказаў па законе за дзеянні, якія прывялі да гібелі вязня.
— Гэта ўнікальны выпадак, — падкрэслівае Алег Талерчык, — наколькі я памятаю, упершыню медыцынскага супрацоўніка прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за гібель асуджанага. І я ўпэўнены, што пасля гэтага многія супрацоўнікі медчастак перагледзелі свае паводзіны і перасталі рабіць тое, што не ўваходзіць у іхнюю кампетэнцыю.
…Пасля 2020-га за смерці, якія адбыліся за кратамі — Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, — ніхто з медыкаў ці сілавікоў прыцягнуты да адказнасці не быў, а афіцыйныя праверкі парушэнняў не выявілі. Прынамсі, такія адказы атрымалі сваякі і адвакаты.
Акрамя аналізу сітуацыі ўнутры краіны, «Урачы за праўду і справядлівасць» вывучаюць вопыт еўрапейскіх дзяржаваў і іх падыходы да арганізацыі турэмнай медыцыны і псіхалогіі
Так, летась каманда ініцыятывы пабывала ў турме Германіі. Псіхолаг Вольга Вялічка называе гэты ўзровень «амаль ідэальным», якога наўрад ці ўдасца хутка дасягнуць у Беларусі, у тым ліку з-за разрыву ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
— Вось адзін толькі прыклад: калі ўзнікае канфлікт паміж вязнем і супрацоўнікам турмы, выклікаюць паліцыю, то бок, не адміністрацыя турмы разбіраецца па-свойму, гэта абавязак паліцэйскіх. Я не надта веру, што пры маім жыцці ўбачу такую мадэль у Беларусі, бо вельмі складана перакласці яе на наш менталітэт, адаптаваць да беларускіх рэалій — але мы прынамсі бачым, да чаго варта імкнуцца, — гаворыць яна.
Эксперты працягваюць збіраць еўрапейскі досвед — у планах знаёмства з пенітэнцыярнымі сістэмамі Польшчы і Эстоніі.
— Пакуль жа ў нас атрымалася скласці агульнае бачанне функцыянавання пенітэнцыярнай сістэмы. І гэта своеасаблівы падмурак, стартавы этап на шляху распрацоўкі канцэпцыі па яе рэфармаванні. Далей мы плануем працягваць працу з удзелам не толькі экспертаў, але і шырокай грамадскасці, — гаворыць Васіль Завадскі.
У каментары «Филину» праваабаронца адзначыў, што быў прыемна ўражаны супрацай з экспертамі. Спецыялісты не толькі канстатавалі, што пенітэнцыярную медыцыну трэба вывесці з падпарадкавання МУС і інтэграваць у сферу Мінздароўя, што наогул яна мусіць грунтавацца на дэмакратычных каштоўнасцях і вяршэнстве права, што неабходны кантроль грамадства, што пацыенты ў пенітэнцыярнай сістэме мусяць мець такія ж правы і доступ да медабслугоўвання, як і хворыя ў звычайнай, грамадзянскай медыцыне, што знаходжанне ў вязніцы не павінна ператварацца ў катаванне, — але і звярталі ўвагу на дэталі.
— Напрыклад, эксперты заўважылі, што павінна быць перагледжанае меню для пацыентаў з пэўнымі захворваннямі, накшталт дыябету альбо харчовай алергіі, для вегетарыянцаў, вернікаў розных канфесій. Казалі пра магчымасці страхавой медыцыны для вязняў. Таксама мне даспадобы думка, што такі від пакарання, як змяшчэнне чалавека ў ШІЗА, ПКТ ці карцар, наогул не павінен існаваць.
— Ад бачання, збору прапаноў да распрацоўкі канцэпцыі рэформаў — шлях няхуткі. Колькі ж часу, на вашу думку, спатрэбіцца на правядзенне саміх рэформаў?
— Безумоўна, гэта не адбудзецца па шчаўчку пальцаў на наступны дзень пасля дэмакратычных перамен у Беларусі, спатрэбіцца не тыдзень і не месяц. Наўрад ці трэба разважаць у катэгорыях дзесяцігоддзяў, але, мяркую, неабходна будзе як мінімум адзін-два гады.