Карціны 13 беларускіх і ўкраінскіх мастакоў выставілі на дабрачынным аўкцыёне ў Беластоку

Выстава карцін з відамі Беластоку майстроў пэндзля з Беларусі і Украіны адкрылася ў мясцовым гандлёвай галерэі «Альфа». Удзельнікі мастацкага мерапрыемства распавядаюць аб горадзе, дзе яны цяпер жывуць, ратуючыся ад вайны альбо палітычнага пераследу. Выстава працягнецца да 20 снежня. Яна носіць характар дабрачыннага аўкцыёна – грошы ад купленых карцін пойдуць на патрэбы ўцекачоў.

Выстава стала заключным акордам акцыі, якая распачалася ў Беластоку напачатку верасня. Тады праходзіў плэнер з удзелам 13 мастакоў пад назвай «Беласток. Тут жыву», арганізаваны мясцовым фондам «Акно на Усход». Цяпер жа ўсе майстры пэндзля выставілі на суд гледачоў і пакупнікоў па адной сваёй працы. Але ўсяго іх 14, бо адну, якая называецца «Беластоцкі луг» малявалі ўсё жадаючыя. Сярод 13 мастакоў 11 – з Беларусі і двое з Украіны.

«Мы арганізавалі гэтую выставу, каб жыхары Беластоку змаглі ўбачыць свой горад вачыма іншаземцаў, якія жывуць тут, і каб мастакі маглі падзяліцца сваімі эмоцыямі і распавесці, як адчуваюць сябе ў сваім новым доме», – заявіў, адкрываючы выставу, кіраўнік фонду «Акно на Усход» Павел Міцкевіч. Ён таксама падкрэсліў, што жадаючыя набыць карціны могуць звязацца з арганізатарамі, а атрыманыя грошы пойдуць на падтрымку падапечных «Акна на Усход».

«Для фонда было вельмі важна, каб стварыць такі мастацкі асяродак і даць магчымасць мастакам з Беларусі і Украіны падрыхтаваць і паказаць свае працы, свае майстар-класы, а з другога боку, каб самастойна маглі распавесці жыхарам горада, як сябе адчуваюць, як ім жывецца ў Беластоку. І па меркаванню падапечных мастакоў, а таксама людзей аглядаюць выставу, падаецца, што гэта вельмі добра ўдалося. Таксама вельмі цэнім месца, у якім арганізавана выстава. Штодзень карціны могуць паглядзець тысячы людзей, гэта таксама вельмі важна. А з другога боку, сама прамоцыя беларускіх і ўкраінскіх мастакоў у Беластоку для нас таксама вельмі важнай, а гэтая выстава непасрэдна прадстаўляе гэтых мастакоў».

Павел Міцкевіч

На адкрыцці выставы выступіла і прадстаўніца ўсёй групы мастакоў, якія ўдзельнічаюць у акцыі, мінчанка, былая юрыстка Алена Маніна. У Беластоку жанчына стварыла мастацкую студыю і праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых па жывапісе. Паводле яе, агульнае меркаванне мастакоў такое, што знаходзяцца яны ў вельмі ўтульным горадзе і чуюць сябе бяспечна, а гэта для іх вельмі важна. Што ж тычыцца выставы, то, як мастачка адзначыла нашаму радыё, яна сапраўды ўдалася.

— Безумоўна, яна ўдалася. Шмат якія мастакі, што прыехалі з Украіны, Беларусі і ўдзельнічалі ў гэтым плэнеры, у гэтай выставе сёння, не могуць паверыць, што гэта сапраўды адбываецца. Не было такой нават думкі ў людзей, што яны тут таксама камусьці патрэбныя, што можна прыехаць і быць патрэбным, і можна тут рэалізавацца. Гэта ўсё, напэўна, праца прапаганды. Я многа разоў чула, што яны вельмі рады і не могуць паверыць у тое, што сапраўды гэта адбываецца і іх працы выстаўлены ў такім месцы, дзе ходзіць шмат людзей, і іх могуць пазнаць, да іх звярнуцца. Яны прагнуць прапаноў, яны прагнуць ствараць і працягваць працаваць. І адным з нашых жаданняў было паказаць беластачанам, хто да іх прыехаў, хто іх новыя суседзі, паказаць, якія мы таленавітыя, як мы любім горад, у якім жывем. І гэта сапраўды так, бо нельга падмануць сваю руку, нельга падмануць руку мастака – ён усё адно напіша тое, што ў яго ў галаве і ў сэрцы. Мы ўдзячны і гэта таксама бачна.

— Распавядзіце, калі ласка, пра сваю карціну.

— Я намалявала старую частку галерэі «Альфа», такую фабрычную частку. Гэта частка маёй удзячнасці галерэі за тое, што яны дазволілі нам правесці тут бясплатна выставу. Гэта агромністая дапамога для нас. Тым не менш, гэта не проста частка фабрыкі. Я намалявала там жанчыну, якая ў добрым настроі ідзе за пакупкамі альбо ўжо зрабіла пакупкі. У яе шчаслівы твар, у яе на шыі вісіць бел-чырвона-белы шалік. Я хацела гэтым паказаць, што нават, калі мы тут у шчасці і бяспецы, камфорце жывем, то ўсё адно кожны з нас носіць сваю краіну і яе бяду ў сябе на сэрцы. Гэта чыстая праўда. Кожны дзень мы прачынаемся з болем, засынаем з болем, глядзім навіны. Гэта таксама частка нашага жыцця.

Алена Маніна

Уражаннямі ад выставы і ўдзелу ў ёй з намі падзяліліся і некаторыя мастакі. Агульнае меркаванне – акцыя вельмі важная для іх жыцця і творчасці на новым месцы.

Шмат мастакоў былі вымушаны з’ехаць з Беларусі і не ведаюць, дзе сябе прымяніць, кажа ўдзельніца выставы з Брэста Таццяна Савіч.

— Гэтая выстава – яшчэ адзін такі крок да таго, каб нас пазналі, каб нас пабачылі, пабачылі нашы ўражанні ад горада, у якім зараз мы жывем. Адчуванне спакою ў нашых працах ёсць, і гэта добра, бо колеры вясёлыя. І калі яшчэ арганізатары распавялі аб тым, што будзе аўкцыён і нашы працы могуць быць прададзеныя і грошы будуць скіраваныя для тых, хто толькі што прыехаў, каму патрэбна дапамога, то гэта вельмі файна, гэта цудоўна.

— Што выяўлена на вашай карціне?

— Гэта цэнтр горада – Рынак Касцюшкі. Усе здымкі яго з аднаго боку на паштоўках, а мне вельмі падабаюцца тыя каштаны, якія там растуць, бо яны нагадваюць мой родны Брэст. У нас вельмі цудоўныя каштаны, і не намаляваць іх было б няправільна.

Таццяна Савіч

Добрым пачаткам для сябе называе ўдзел у акцыі мастачка з Гродна Таццяна Калач.

«Гэты ўдзел быў важным для мяне таму, што гэта такі добры пачатак. Гэта ўжо другая выстава, у якой я ўдзельнічаю ў Беластоку. Я ведаю, што шматлікім мастакам, якія пераязджаюць у іншыя краіны, складана працягнуць ці пачаць свой шлях. Для мяне гэта было ўдалае ўдзельніцтва. Я малявала такі цікавы раён Беластока, які называецца Баяры, вуліца Злота, Залатая па-беларуску. Яна мне нагадвае родныя мясціны з Гродна – Новы Свет. І чым мне падабаецца гэты раён у Беластоку, тым, што тут захоўваюць гісторыю, пра яе дбаюць, бачна каханне да кожнага дамка».

Таццяна Калач

Вельмі важна тое, што дзякуючы ўдзелу ў выставе ёсць магчымасць дапамагчы ўцекачам з Украіны і Беларусі, распавёў у сваю чаргу ўкраінскі мастак і дызайнер, які пераехаў у Беласток з Жытоміра Дмытро Галыч.

«Гэтая выстава для мяне ўяўляецца важнай тым, што я дапамагаю ўцекачам як з Украіны, так і з Беларусі фінансава. Гэтая выстава дабрачынная. Карціны пойдуць на аўкцыён і ўсе грошы ад яго пойдуць у падтрымку ўцекачоў. Я хацеў укласці якойсьці свой унёсак, быць карысным Беластоку, і каб людзі ведалі мяне як мастака, каб пачаць развівацца ў Беластоку».

Украінскі мастак выбраў для сваёй карціны скульптурную кампазіцыю «Абяцанне» аўтарства скульптара Міхала Яцкоўскага, якая сёлета паўстала ў цэнтры Беластока і ёсць падарункам жывучай у Швейцарыі беластачанкі Ёанны Шыманьскай-Кок. Таксама на выяве можна пабачыць адзін з сімвалаў Беластока – Палац Браніцкіх і размешчаны побач з ім магазін «Жабка».

radiounet.fm