Таварыства беларускай культуры Літвы адсвяткавала 35-годдзе

35-годдзе заснавання адзначыла Таварыства беларускай культуры ў Вільні. Святочная імпрэза пачалася з канферэнцыі пад назвай „Беларусы ў Літве: учора і сёння”. На ёй прысутнічалі беларусы і ганаровыя госці, сярод якіх старшыня клуба “Гервяты”, першы амбасадар Літвы ў Беларусі Альфонсас Аўгуліс, дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус, дырэктар Літоўскага фонду культуры і ўнук Вацлава Ластоўскага Рымантас Матуліс ды іншыя.

Як кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, выйшла так, што іх арганізацыя мае больш стасункаў з літоўскімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўстановамі, чым з беларускімі арганізацыямі:

– Беларускіх арганізацый тут больш за 35, перад канферэнцыяй я шмат каму разаслаў запрашэнні: не адказалі, не павіншавалі, не прыйшлі, за выключэннем Валянціна Стэха. Але яго арганізацыя заснавалася яшчэ раней за ТБК. Вось мы існуём паміж сабой. А так можна, нават лагічна было б, атрымаць віншаванні ад іншых беларускіх арганізацый. Гэтага не адбылося.

На канферэнцыі было закранутае пытанне цяперашніх стасункаў літоўцаў і беларусаў. Дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус сказаў, што літоўцы не хочуць заўважаць беларусаў. І гэта выклікала ў некаторых гарачую дыскусію.

 Па меншай меры беларускі погляд на літоўцаў нашмат больш пазітыўны, чым літоўцаў на беларусаў. То бок праблема тут у двухбаковых рашэннях не на беларускім баку, а на літоўскім. Гэта літоўцы не хочуць бачыць. Яны бачаць і адначасова не хочуць бачыць. Трэба рашаць у першую чаргу на літоўскім баку.

А зараз што атрымліваецца, што ўсе ў Літве занятыя пытаннямі, калі беларусы акупуюць Вільню, той жа літвінізм, калі аднімуць мінулае. Вось такое трызненне.

Нягледзячы на такія непаразуменні, на імпрэзе прысутнічала шмат літоўцаў, якія падтрымліваюць беларусаў, а само свята пачалося з выканання двух гімнаў – Літвы і Беларускай Народнай Рэспублікі:

На святкаванні таксама прысутнічалі ўніяцкія святары, якія прачыталі малітву за беларусаў і распавялі пра гісторыю ўніяцкай царквы ў Вільні і яе дзеячаў.

Імпрэза адбылася пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com


Віншаванне ЗБС «Бацькаўшчына» з нагоды 35-годдзя Таварыства беларускай культуры ў Літве

Шаноўныя сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве!

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» віншуе вас з 35-годдзем!

Мы ўсе помнім з гісторыі, як доўгія дзесяцігоддзі панавання савецкай імперыі, згубныя для нацыянальнай самасвядомасці ўсіх яе насельнікаў, паставілі ў Літве на мяжу вынішчэння ўсе адзнакі беларушчыны, змалілі дасягненні шматвекавой супольнай гісторыі беларускага і літоўскага народаў. І хто ведае, які стан рэчаў мы мелі б на сёння, каб напярэдадні падзення савецкай дзяржавы, 8 снежня 1988 года, у Вільні не паўстала Таварыства беларускай культуры ў Літве, сябры якога паставілі на мэце выправіць гэтую несправядлівасць – адраджаць, захоўваць і развіваць ў Літве беларускую культуру, аб’яднаць літоўскіх беларусаў?

Бурлівая дзейнасць Таварыства беларускай культуры пакіне ў гісторыі і сэрцах тых, хто да яе спрычыніўся, не толькі ўспаміны пра шматлікія імпрэзы і сустрэчы з удзелам літаратараў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў, пра арганізацыю ўнікальных канферэнцыяў беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі, згадкі аб правядзенні нацыянальных святаў і грамадска-палітычных акцый салідарнасці ў падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека, свабоды і незалежнасці для Беларусі. Плён вашага штодзённага клопату застанецца ў беларускіх назвах вуліц, помніках на магілах нацыянальных дзеячаў (у тым ліку і перапахаваных у 2019 годзе паўстанцаў 1863–1864 гадоў), а таксама шматлікіх мемарыяльных дошках, якімі асабліва апекаваўся нядаўна спачылы ў 2018 годзе першы старшыня ТБК Хведар Нюнька. Неацэнным здабыткам для усіх беларусаў з’яўляецца Віленская гімназія імя Францыска Скарыны, якой не было б без Таварыства, як не было б і Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэту, інстытуцыі, значэнне якой для будучыні сёння, калі беларушчына зазнае знявагу і пераслед у самой Беларусі, асабліва ўзрастае.

Бягучая хваля эміграцыі шматкроць прымножыла беларускую прысутнасць у Літве. У нас няма сумневаў, што ў тым, як шматлікія новыя беларускія ініцыятывы, непасрэдна не звязаныя з дзейнасцю Таварыства беларускай культуры, сустракаюць з боку ўладаў краіны спрыянне і спагаду, ёсць ваша непасрэдная заслуга. Маладыя зярняты беларушчыны трапілі на добра падрыхтаваную літоўскую глебу. Ім заўсёды ёсць з кім параіцца і ў каго навучыцца мудрасці.

Сябры! Мы зычым Таварыству беларускай культуры і кожнаму з вас асабіста надалей заставацца такімі ж натхнёнымі і імпэтнымі, быць прыкладам служэння беларускай справе, набліжаць сапраўдную незалежнасць Беларусі і пашыраць беларускасць у Літве!

Жыве Беларусь!