Святлана Ціханоўская: Дыктатура не ўсёмагутная

Святлана Ціханоўская падчас атрымання прэміі імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр «За свабоду»

Святлана Ціханоўская падчас атрымання прэміі імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр сказала, што хоча прысвяціць гэтую прэмію беларускім палітвязням — усім тым, у каго адабралі свабоду.

У Вашынгтоне беларуская дэмакратычная лідарка атрымала прэмію імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр «За свабоду», якую ўручаюць за асаблівы ўклад у прасоўванне каштоўнасцей дэмакратыі і правоў чалавека.

Таксама гэтую прэмію прысудзілі лідарам дзвюх беларускіх палітычных партый – Рыгору Кастусёву (БНФ) і Мікалаю Казлову (АГП), якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні. Гэтыя партыі з’яўляюцца чальцамі Міжнароднага дэмакратычнага саюза, які і заснаваў гэтую прэмію.

Святлана Ціханоўская прысвяціла гэтую прэмію беларускім палітвязням, у тым ліку Алесю Бяляцкаму, Марыі Калеснікавай, Мікалаю Казлову, Рыгору Кастусёву, Мікалаю Статкевічу, Арцёму Лябедзьку.

«Людзі, якія аднойчы спазналі свабоду, ніколі больш не змірацца з тыраніяй, — адзначылаЦіханоўская ў прамове падчас атрымання прэміі. — Часам кажуць, што барацьба за Беларусь ужо прайграная. Гэта не так!

Вядома, з-за паліцэйскага тэрору прыгожых мітынгаў цяпер не ўбачыш. Супраціў пайшоў у падполле. Але нават праз тры гады Лукашэнка працягвае весці такую палітыку, быццам тысячы людзей усё яшчэ пратэстуюць каля ягонага палаца».

«Я хачу прысвяціць гэтую прэмію ўсім тым, у каго адабралі свабоду, — сказала Святлана Ціханоўская. — І я прысвячаю гэтую ўзнагароду беларусам — палітычным зняволеным, якія не могуць быць сёння з намі ў гэтай зале. Яны адбываюць свае велізарныя драконаўскія тэрміны ў лукашэнкаўскіх турмах. Іх трымаюць у ізаляцыі, катуюць, збіваюць. Сярод іх шмат выбітных людзей, такіх, як наш нобелеўскі лаўрэат прэміі міру Алесь Бяляцкі ці мая сяброўка Марыя Калеснікава, якая парвала пашпарт, каб рэжым не змог выгнаць яе з краіны.

Гэтай узнагародай мы аддаём даніну іх змаганню. Гэта паведамленне ўсім беларускім палітвязням: вы не адны, мы памятаем і падтрымліваем вас. Гэтая ўзнагарода таксама з’яўляецца прызнаннем шматгадовай палітычнай працы нашых дэмакратычных партый, якія ўжо больш за 30 гадоў фарміруюць гісторыю сучаснай Беларусі.

Для мяне гонар, што я падзяляю гэтую ўзнагароду з БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Іх адважных лідараў — Мікалая Казлова і Рыгора Кастусёва — за тысячы міль адсюль катуюць у цёмных камерах Лукашэнкі.

У Рыгора Кастусёва дыягнаставалі рак. Яму не даюць неабходнай медыцынскай дапамогі. Рэжым павольна забівае яго, як ужо забіў многіх сваіх палітычных апанентаў…

Гэтую ўзнагароду я хацела б прысвяціць і іншаму вядомаму актывісту, Мікалаю Статкевічу, лідару Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), а цяпер палітвязню. Прайшло 300 дзён, як мы ў апошні раз атрымлівалі ад яго весткі. Ходзяць чуткі, што ён памёр у турме. Ягоная жонка Марына Адамовіч патрабуе ад улад дазволіць ёй наведаць Мікалая, каб пераканацца, што ён жывы. Мы ўсе молімся і спадзяемся, што ён сапраўды жывы…

Я сама з сакавіка не атрымлівала вестак ад мужа Сяргея. Мае дзеці не бачылі свайго тату 3,5 гады. Я нават не ведаю, ці жывы ён. А менавіта з-за яго я стаю тут перад вамі.

Гэта мой муж тры гады таму вырашыў кінуць выклік дыктатару і вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта.

Лукашэнка пасадзіў яго ў турму. Але рэжым у чарговы раз памыліўся, не заўважыўшы мяне. Рэжым часта не заўважае жанчын.

Каб падтрымаць мужа, я вырашыла балаціравацца на пасаду прэзідэнта замест яго. Не ўспрыняўшы мяне сур’ёзна, мяне зарэгістравалі кандыдатам. Дыктатар не думаў, што ў жанчыны будзе шанец. Ён казаў, што «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну».

На няшчасце для яго, я перамагла. Мы перамаглі. І на кароткі момант мы адчулі поўную радасць і свабоду. І, як вы ўжо ведаеце, дыктатар не змог змірыцца з паражэннем…

Часам здаецца, што было б значна прасцей здацца і перастаць змагацца.

Але потым я ўспамінаю пра свайго зняволенага мужа, пра тысячы палітвязняў, пра нашых добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Пра Мікалая Казлова і Рыгора Кастусёва.

І я разумею, што трэба ісці далей. У мяне няма права падвесці іх», — адзначыла лідарка ў сваёй прамове.

Таксама Ціханоўская ўзгадала гісторыю праваабаронцаў Ігара Случака і Аліны Нагорнай, якія апошнія 3 гады жылі і працавалі ў падполлі з двума маленькімі дзецьмі і дадала:

«Жудасна, што нешта падобнае адбываецца ў Еўропе ў 21 стагоддзі. Што на людзей палююць за іх палітычныя погляды. За любоў да сваёй краіны, за любоў да свабоды і дэмакратыі… Дыктатура не ўсёмагутная. Без падтрымкі народа яна заўсёды прайграе. І пераможа той, на чыім баку будзе народ.

З нашай падтрымкай — і з падтрымкай усіх нашых сяброў з усяго свету — беларусам удасца разарваць ланцугі тыраніі і вызваліцца. Давайце не падвядзём іх.

Шлях да свабоды бывае доўгім і цяжкім. Але гэты шлях адзіна правільны. Давайце пройдзем гэты шлях разам».

novychas.online