Леў Марголін: У нас застанецца адна гандлёвая сетка з аднолькавым наборам прадуктаў

Эканаміст у інтэрв’ю «Філіну» разважае, чаму спыняе існаванне сетка «Віталюр», якія пралікі да гэтага прывялі і як яе знікненню паспрыяў загад Лукашэнкі пра недапушчальнасць павышэння цэн. Ён мяркуе, што «Віталюр» можа быць не апошняй стратай у сённяшніх умовах.

Кампанія «Віталюр» мае намер перадаць у арэнду ўсе свае гандлёвыя аб’екты сетцы «Санта Рытэйл». Завяршыць здзелку плануецца да канца студзеня, на сёння яна мае «высокі статус гатоўнасці». Здзелка прадугледжвае пакрыццё даўгавых абавязацельстваў «Віталюра».

«Філін» абмеркаваў сітуацыю вакол вядомай гандлёвай сеткі з эканамістам Львом Марголіным.

— Думаю, што ключавую ролю там адыграла няправільнае рашэнне кіраўніцтва, — кажа спецыяліст. — Перад 2020 годам кампанія актыўна развівалася, яны пашыралі сетку, будавалі новыя крамы і адкрывалі новыя вытворчасці.

Адпаведна, былі ўзяты значныя крэдыты. Ва ўмовах 2019 года гэта было, напэўна, цалкам абгрунтаванае рашэнне. Але потым наступіў 2020 год, з яго кавідам, падзеннем абароту і астатнімі падзеямі.

У выніку пачаліся праблемы з вяртаннем грошай. Я не ведаю, якія яны прымалі меры, быццам бы спрабавалі прадаць частку аб’ектаў. Але з 2020 года настаў такі час, што асабліва не прадасі, а калі і атрымаецца, то з вялікім дысконтам. Уся вытворчая і гандлёвая нерухомасць упала ў кошце. Вельмі мала каму цяпер патрэбны новыя плошчы, пашырацца жадаючых практычна няма.

Вось гэты варыянт — аддаць у арэнду свае гандлёвыя памяшканні — мяркую, магчымасць атрымаць перадышку.

ТАА «Санта Рытэйл», якое ўваходзіць у холдынг групы кампаній «Санта», мае больш гнуткія магчымасці, паколькі ў іх ёсць вытворчыя магутнасці, ёсць экспартна-імпартныя магутнасці, ёсць шмат чаго яшчэ, у тым ліку раздробны гандаль.

Таму яны адчуваюць сябе на рынку больш упэўнена і могуць дазволіць сабе падобную здзелку. Праўда, часам можна ўхапіць такі кавалак, які не праглынеш. Бо ўсе гэтыя новыя плошчы трэба забяспечыць таварамі.

— Пасля заключэння здзелкі больш крамаў «Віталюр» не будзе?

— Мяркуючы па ўсім, не будзе. Аднак трэба пачакаць канчатковага афармлення дагавора. Як пішуць, хоць здзелка і мае высокі статус гатоўнасці, але яна яшчэ не здзейсненая.

З наяўнай інфармацыі зразумела, што ліквідавацца гандлёвыя аб’екты не будуць як «юрыдычная асоба». Яны будуць здаваць свае пазіцыі ў арэнду, атрымліваць грошы і пагашаць сваю запазычанасць.

Аднак калі б яны хацелі пакінуць крамы пад брэндам «Віталюр», гаворка ішла б не аб арэндзе, а аб франшызе. Калі гэта будзе чыстая арэнда, то гандлёвыя аб’екты стануць крамамі «Санта» ці як вырашаць новыя гаспадары гандлёвых плошчаў.

Ці зможа дзякуючы такому кроку захавацца сетка «Віталюр», ці не, невядома.

— Трэба адзначыць, што цяпер ва ўсіх гандлёвых прадпрыемстваў наступілі не лепшыя часы. Усе іх перажывуць?

— Не выключана, што не ўсе. Як кажуць у народзе, пакуль тоўсты ўсохне, худы здохне. У вялікіх гандлёвых сетак, у параўнанні з крамамі-адзіночкамі, становішча больш выйгрышнае. У іх і магчымасць крэдытавання прасцей, і ўплыву на пастаўшчыкоў больш.

Аднак часы ўсё роўна для развіцця не лепшыя. Той жа «Віталюр» два апошнія гады працаваў са стратамі. Так, мінулы год ён як бы завяршыў з чыстым прыбыткам у 4 млн рублёў пасля 25 млн страт у 2020-м.

Але 4 млн — гэта не той прыбытак, пра які можна сур’ёзна гаварыць, ён нават не пакрывае інфляцыю. Гэта называецца нізкарэнтабельнае прадпрыемства.

Апошнія рашэнні ўлад аб рэгуляванні коштаў слабых дабілі, а моцных аслабілі. У любым выпадку, яны не пайшлі на карысць ні вытворцам, ні гандлёвым сеткам, ні, як ні дзіўна, спажыўцам, якія проста пазбавіліся часткі тавараў.

Пры гэтым кошты павялічваюцца ўсё роўна, і гэтыя схемы вытворцамі, асабліва прадуктаў, даўно адпрацаваныя. У адваротным выпадку тавары проста знікаюць з паліц, таму што ніхто не можа прадаваць сабе ў страту.

Што тычыцца гандлёвых аб’ектаў, то, калі пагаршаецца сітуацыя на рынку, дзе, да прыкладу, 100 гульцоў, дзесяць найбольш слабых павінны сысці. У дадзеным выпадку «Віталюр» апынуўся сярод слабых, таму што несвоечасова прыняў пэўныя рашэнні, не ўлавіў момант. Цалкам магчыма, што пры іншых умовах яны маглі б паспяхова развівацца.

Калі сітуацыя будзе пагаршацца і далей, знойдзецца яшчэ слабае звяно.

— У нас, дарэчы, калі падлічыць і параўнаць з той жа Польшчай ці Літвой, не так шмат гандлёвых сетак засталося. Вы не выключаеце таго, што розныя аб’екты гандлю і далей могуць закрывацца. Да чаго мы прыйдзем?

— Такая ў нас эканамічная палітыка.

Урэшце, калісьці мы жылі ва ўмовах адной гандлёвай сеткі, дзяржаўнай. Можа, і цяпер застанецца адзін умоўны «Еўраопт», а калі і ён пачне задыхацца — нацыяналізуюць, стане дзяржаўным.

Што там будзе прадавацца, гэта ўжо іншае пытанне, але без крам мы не застанемся. Да 1990-х, якімі нас палохаюць, яшчэ далёка. Але ўсё роўна мы пачалі рухацца назад, гэта значыць пайшоў зваротны адлік.

— А можа, у нас застанецца адна гандлёвая сетка з аднолькавым наборам прадуктаў?

— Так, канешне.

novychas.online