Як маляваць карціны ніткамі? Як вышыць нешта ў Беларусі і схаваць «у стол», бо хто яго ведае? Як браць удзел у праектах і не мець магчымасці сказаць сваё імя? Карацей, як гэта — быць вышывальшчыцай у Беларусі?

У межах спецпраекта «Сучасная вечнасць» супольна з брэндам Belaruskicry распавядаем пра жанчын, натхнёных вышыўкай.

Святлана (імя зменена ў мэтах бяспекі, гераіня жыве ў Беларусі — заўв. рэд.) з дзяцінства любіць маляваць. Калі пайшла ў школу, то на занятках па працы даведалася пра вышыўку. Новы від творчасці зацікавіў яе менавіта таму, што карціны можна было маляваць ужо не толькі фарбамі, але і ніткамі.

«Я хадзіла ў краму з матуляй, глядзела на гэтыя, нават больш каляровыя, чым фарбы, ніткі «Мулінэ» і заўсёды прасіла мне іх набыць, такімі прыгожымі яны мне здаваліся», — узгадвае майстрыха.

Але ніякіх схем тады ў дзяўчынкі не было, таму вышывала ўсе малюнкі «з галавы»: кветачкі, жывёлак, сардэчкі.

«Звычайна дзяўчаты ўпершыню бачаць нешта вышытае ў бабуль і неяк пераймаюць іх стыль, а мне было вельмі складана нават уявіць, а што ўвогуле магчыма вышыць? Падчас і пасля вайны мае бабулі часта пераязджалі, таму ад іх увогуле нічога не засталося, нават хаты. А маці мая вышывала толькі Леніна — не вельмі заахвочвальны да вышыўкі матыў для дзіцяці», — смяецца Святлана.

Таму прыйшлося неяк самастойна шукаць свой стыль і працягваць «маляваць» карціны ніткамі.

Асаблівае месца ў сэрцы для традыцыйнай вышыўкі

Будучы ўжо дарослай, Святлана ўбачыла ў інтэрнэце аб’яву, дзе дызайнер адзення шукаў вышывальшчыц для свайго праекта. Яна адгукнулася, атрымалася зацікавіць сваёй працай дызайнера, і далей быў доўгі перыяд вышыўкі з бісерам і паеткамі.

«Нядаўна я знайшла свой стары камп’ютар і заўважыла, што ўжо з 2015 года пачала збіраць у асобную тэчку традыцыйныя беларускія арнаменты і сімвалы. Не памятаю, што непасрэдна выклікала ў мяне такі інтарэс, але пачынаючы з гэтых гадоў я стала спрабаваць вышываць і нешта народнае. Тады мяне захапіла менавіта традыцыйная вышыўка», — расказвае Святлана.

Жанчына вышывае ў розных тэхніках. Кажа, што ва ўсіх, якія толькі можна ўявіць сабе, думаючы пра вышыўку.

«Я шмат займаюся машыннай вышыўкай, але менавіта традыцыйная займае спецыяльнае месца ў сэрцы. Мабыць таму, што я заўсёды ўяўляю сабе, што гэтым займаліся мае бабулі і прабабулі, гэта неяк нас яднае, гэта мае карані», — разважае майстрыха.

Для Святланы вышыўка — вельмі глыбокі творчы працэс, які патрабуе канцэнтрацыі і расслабленага настрою, і які прыносіць шмат задавальнення.

Праца «ў стол»

«Я лічу, што ў Беларусі зараз культура можа толькі выжываць. Шмат хто з’ехаў і працягвае захоўваць і памнажаць там. У Беларусі можна працаваць, але калі ты сапраўды хочаш рабіць усё без цэнзуры, то прыходзіцца працаваць «у стол». Тое ж самае было пры Саюзе — рабілі шмат чаго, але не ўсё паказвалі. У любым выпадку рабіць хочацца, ад гэтага нікуды не дзецца», — пасміхаецца Святлана.

Жанчыне вельмі падабаецца, што беларусы, якія выехалі з краіны, працягваюць прасоўваць нашу культуру і развіваць яе.

«Чым больш нас паўсюль — тым лепш!» — смяецца Святлана.

Але хвалюецца, што калі беларусы пачнуць вяртацца дадому, то могуць ужо не знайсці паразумення. Бо тыя, хто зараз з’ехаў, на думку жанчыны, — больш цікавяцца гісторыяй і культурай, чым тыя, хто засталіся ў краіне.

«Вялікая частка маіх знаёмых пачала размаўляць па-беларуску толькі пасля таго, як эмігравалі, і калі яны вернуцца дадому, то могуць быць яшчэ большымі беларусамі, чым тыя, хто тут застаўся!» — лічыць вышывальшчыца.

Майстрыха кажа, што ў яе шмат вышывак, якія яна проста прыгожа фатаграфуе, закідвае ў тэчку камп’ютара і чакае спрыяльнага часу.

«Выкласці ўсё, што я раблю, у Instagram няма магчымасці, бо хто яго ведае — гадзіну ці дзве ты пратрымаешся? Таму займаюся традыцыйнай падпольнай беларускай вышыўкай», — пасміхаецца жанчына.

Бываюць у жыцці Святланы моманты, калі перастае сачыць за навінамі і наступае нібыта нейкі спакой.

«Але потым раз — і зноў накрывае. Але мяне трымаюць тут тыя блізкія, якія засталіся. Трымаюць тыя, хто зараз за кратамі, у іх тут таксама ёсць родзічы, і ім нашмат цяжэй. Яны і надаюць сіл рабіць нешта далей, без іх бы ўжо нічога тут не падтрымлівала. Для сябе з’ехаць з краіны я бачу як здраду. Але, канешне, можа і прыйдзецца, калі ўжо зусім немагчыма будзе. А так пакуль трымаюся», — дзеліцца Святлана.

Традыцыі і сучаснасць

У майстрыхі ёсць ідэя зрабіць выставу традыцыйна-нетрадыцыйнай вышыўкі.

«Я хачу крыху пагуляць з паняццем традыцый і зрабіць старое на новы лад. Адна з ідэй — вышыць традыцыйныя ўзоры зусім не тыповымі для традыцыйнай вышыўкі колерамі. Але так, каб у лоб было бачна, што гэта — беларускае», — марыць майстрыха.

Некалькі гадоў таму Святлана пачала сачыць за тым, што робяць украінцы са сваёй традыцыйнай вышыўкай, і ёй вельмі спадабалася іх спалучэнне звычайнага штодзённага адзення і традыцый.

«Куды і як толькі яны не прыстасоўваюць сваю вышыўку! На джынсы, заплечнікі, сукенкі — гэта так прыгожа! І тады мне і прыйшла ў галаву думка, што

няма неабходнасці толькі ахоўваць кананічнасць — калі я беларуска і раблю нешта ў Беларусі — то гэта ўжо беларуская вышыўка! Усё! А тое, што класічнае — яно так і застаецца класічным», — лічыць Святлана.

Вышыць традыцыйны строй — доўгая, дарагая і сур’ёзная праца. Таму Святлана думае, што гэта нешта, што адназначна варта рабіць, але не трэба баяцца выходзіць за рамкі класічнасці.

«Таму мне падабаецца ідэя праекта Belaruskicry, дзе вырашылі спалучаць традыцыйнае і сучаснае. Мне прапанавалі прыдумаць і падзяліцца нейкім цікавым матывам, і я з радасцю пагадзілася. Але, канешне, вельмі горасна, што няма магчымасці паўдзельнічаць як звычайнаму чалавеку — пад сваім імем», — кажа Святлана.

Таццяна Валошка, budzma.org