Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст — пра тое, якім быў гэты год для Беларусі і беларусаў.
— Калі зрабіць падсумаванне, пэўныя вынікі года — на вашу думку, дзе была Беларусь у пачатку года, і дзе апынулася цяпер?
— Беларусь увайшла ў вайну як суагрэсар. Сваім войскам не ўвайшла, але краіна ў вайне. Яна ў ёй удзельнічае, нясе калі не віну, то безумоўную адказнасць за гэта. І гэта змяніла шмат што.
Колькасць палітвязняў павялічылася больш чым на 500 чалавек. Рэпрэсіі паглыбіліся, пайшлі ў новыя вымярэнні. Працягвалася зачыстка грамадзянскай супольнасці. Нешта станоўчае мне, па-шчырасці, цяжка назваць.
Можна, зразумела, спадзявацца, што на змену чорнай паласе прыйдзе белая, якую прынясе, прабачце за каламбур, чорны лебедзь. Можа быць, але пакуль усе тэндэнцыі кепскія.
Можна парадавацца таму, што не адбылося горшага. Што Беларусь не была ўцягнутая войскам у вайну, што яе не бамбавалі. Вось гэта добра.
— Калі з дрэннага выбраць найменш кепскае.
— Кшталту таго, што магло быць горш. Да пэўнай ступені, калі шукаць нейкія тонкія палітычныя рэчы, то можна прыгадаць пра ўдзел беларусаў у антываенным руху. Акцыя 27 лютага, калі ў жахлівай сітуацыі сотні і тысячы людзей выйшлі з пратэстам.
Рэйкавыя партызаны, полк Каліноўскага, полк «Пагоня», людзі, якія пайшлі ваяваць за Украіну.
Усё гэта да пэйнай ступені — захаванне нацыянальнай годнасці, чалавечай годнасці. Гэта станоўчыя моманты, але станоўчыя ў кепскай сітуацыі.
Можна прыгадаць пра стварэнне пераходнага кабінету. Не сказаць, каб ён меў нейкія велізарныя здабыткі. Я пакуль бачу ў яго стварэнні адзіны станоўчы вынік — тое, што дзве першыя асобы беларускіх дэмсілаў пакуль, прынамсі, канчаткова не перасварыліся.
Я маю на ўвазе Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку. Гэтым магло скончыцца, да гэтага ішло. І тое, што створаны Кабінет, у Латушкі там ёсць месца, гэта адразу зняло дадзеную пагрозу. На мой погляд, гэта таксама важна.
Зразумела, важнай была нобелеўская прэмія Алесю Бяляцкаму. Гэта важная рэч, важная на доўгую перспектыву, на гады наперад.