Калядны перыяд – гэта час на калядоўшчыкаў і шчадроўшчыкаў. Традыцыя хаджэння па дамах і падворках з зоркай, казой, мядзведзем ды іншымі героямі сягае даўніх часоў, а сёння зноў становіцца папулярнай.
РР: Як у вас у сям’і звычайна сустракалі гэты святочны калядны перыяд?
Сяржук Доўгушаў: У мяне на жаль усё ў такіх лепшых савецкіх традыцыях, таму толькі цяпер ужо са сваёй сям’ёй мы спрабуем вяртацца да каранёў, да традыцый. Пачынаем святкаваць 24 снежня, мы святкуем два Раства. Каляды нашы доўжацца ад 24 снежня да 18 студзеня. Таксама робім і куццю і стол, святочны настрой у нас на Каляды, усё ў такіх лепшых беларускіх традыцыях.
РР: То бок сямейная традыцыя была ў такіх, як у многіх з нас, Новы год?
Сяржук Доўгушаў: Так Новы год асноўнае свята, аліўе, шампанскае, падарункі пад ялінкай. Мая сям’я праваслаўная, мы святкавалі Раство з 6 на 7. Але заўсёды таксама быў такі святочны настрой. У мяне ўспаміны, Новы год, перыяд Калядаў. Гэта час цудаў, час нейкіх сюрпрызаў, пераходу на новы этап. На Новы год у апошніх класах школы я запісваў, што я за гэты год стварыў, што ў Новым годзе зрабіць і так далей.
РР: Што трэба ведаць пра калядаванне? Якія найважнейшыя моманты?
Сяржук Доўгушаў: Я б агулам параіў усім паспрабаваць далучыцца да Калядаў і адчуць гэты сапраўдны настрой свята, калі прыходзяць калядоўшчыкі альбо шчадруюць. Варта звярнуць увагу, што ў нашай традыцыі беларусаў, калядавалі, хадзілі з зоркай менавіта больш на Раство. Па юліянскаму календару – гэта 7, па грыгарыянскаму – 25 снежня. З маскамі, з рознымі мядзведзямі, казой ці казлом, з буслом хадзілі на Шчодры вечар. У нас традыцыя, колькі я ездзіў у экспедыцыі і назіраў, у нас шчадравалі 13 на 14. Маглі 14 хадзіць. Вось гэта канешне сапраўды такі калядны карнавал. Для мяне гэта яшчэ такі святочны стол, калі сапраўды Шчодры вечар, шчодры стол. Гатавалі розныя стравы, сядалі блізкія людзі за сталом і святкавалі. Для нас гэта таксама важнае свята. Мы таксама ўзгадваем, гэта яшчэ адны такія зімовыя Дзяды, калі мы згадваем сваіх продкаў, сваіх родных, каго няма за сталом. Робім падарункі, штосьці дорым, адорваем. Гэта традыцыя адорвання, калі прыходзілі калядоўшчыкі, адорвалі сваімі спевамі, паказвалі сапраўдную калядную сцэнку. Гаспадары заўсёды павінны іх адорваць, як адорыць, такі і будзе год. Калі былі скупыя гаспадары, давалі мала, то ім потым не так шчасціла ў годзе. А тыя, хто верылі, добра адорвалі калядоўшчыкаў, то атрымлівалі яшчэ ў разы больш.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: