Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова зазначыла, што вынікі мінулага году сталі для яе нечаканымі. Чаму?
РР: 2023. Якія вынікі Вашымі вачыма?
– Вынікі ёсць, і яны хутчэй для мяне нечаканыя. Але галоўных вынікаў, якіх я чакала, іх на жаль няма. Дэпрэсія не спыняецца, палітвязняў становіцца толькі больш. Мы адзначаем новыя тэндэнцыі звязаныя з інкамунікадэ, пра што мы раней не казалі, пра знікненні вядомых палітыкаў і актывістаў. Гэта сведчыць пра тое, што адбываецца дынаміка, і не заўсёды ў станоўчы бок. Вось гэта, напэўна, самы цяжкі вынік гэтага года для мяне.
– Калі казаць пра нейкія працоўныя вынікі, то, напэўна, варта сказаць пра тое, што фокус працы прадстаўніцтва ў 2023 годзе быў на тэме палітвязняў, гэта на тое, на што хапала сілы пры тых рэсурсах, якія ў нас былі. У нас два чалавекі ў камандзе, і невялікая колькасць людзей, якія на добраахвотных пачатках падтрымлівалі нашу працу, нашы ініцыятывы, такія як правядзенне дня палітвязняў у Беларусі 21 траўня ці анлайн марафон салідарнасці, які мы праводзілі сумесна з незалежнымі СМІ і медыя ў ліпені гэтага года.
– Хочацца сказаць, што адвакацыя – гэта была, напэўна, самая галоўная задача, каб пра беларускіх палітвязняў ніхто не забыўся, каб гэта хвалявала не толькі іх блізкіх, родных, сяброў, але пра гэта памятаў увесь свет. Таму ў нас было вельмі шмат сустрэч рознага ўзроўню з міжнародным партнёрамі. У нас былі візіты ў ЗША, у Чэхію, у іншыя краіны – гэта я зараз прыводжу прыклады паездак толькі свайго маленькага прадстаўніцтва. Зразумелая справа, што праца ўсяго кабінета яна больш маштабная, пытанне пра палітвязняў уздымаецца на кожнай сустрэчы.
– Напэўна, варта сказаць, што мы, на жаль, у 2023 годзе так і не даведаліся праўды пра тое, колькі палітвязняў у нас знаходзіцца ў краіне. Мы не можам ацаніць маштабы гэтай катастрофы, мы не можам прагназаваць нашыя дзеянні на будучыню.
– Проста сёння мы нават не можам выказаць здагадку і падлічыць, колькі прыкладна ў рамках канцэпцыі пакрыцця шкоды ўсім рэпрэсаваным, якую распрацаваў юрыдычна аддзел офіса Святланы Ціханоўскай, колькі нам прыкладна трэба будзе пасля таго, як адбудуцца перамены, калі адбудзецца транзіт улады, колькі Беларусь павінна будзе адшукаць сродкаў у розных фондах і бюджэтах, каб заплаціць сем’ям загінулых, людзям, якія страцілі здароўе, і гады жыцця, якія яны страцілі. На жаль, у нас вельмі мала інфармацыі пра гэта, і мы будзем працаваць над гэтым у 2024 годзе.
Цалкам размова даступная ў далучаным файле:
«Таму працы ў АПКБ яшчэ сапраўды шмат», – дадала Вольга Гарбунова.