«Любыя праявы свабоды павінны быць узгодненыя»: фільм «Чыстае мастацтва» з’явіўся на платформе Vodblisk

Медыятэка анлайн-кінатэатра VODBLISK папоўнілася вельмі важным класным фільмам Максіма Шведа «Чыстае мастацтва». Дакументальная стужка, якая апроч мастацкага феномена ЖЭС-арт закансервавала ў сабе час, які быў да 2020 года, з яго караючай цэнзурай, негалоснымі правіламі жыцця ў Беларусі і імкненнем да свабоды. Парадаксальна, але факт: у 2019 годзе гэты фільм больш за два месяцы паказвалі ў беларускіх кінатэатрах, і ён збіраў поўныя залы. Расказваем, што ў ім такога, што робіць яго ўнікальным і абавязковым да прагляду.

Усё пачалося з захаплення Максіма Шведа фатаграфаваннем разнакаляровых «фупрэматычных» квадратаў. Больш за пяць гадоў рэжысёр знаходзіў экзэмпляры ЖЭС-арта і дзяліўся сваімі знаходкамі ў тэматычнай суполцы Facebook. Да таго часу, пакуль Максім падчас вучобы ў польскай кінашколе Анджэя Вайды не пачаў распрацоўваць праект будучага фільма. І ён атрымаўся не толькі пра ЖЭС-арт.

Аб сюжэце. Маляры ЖЭСу Зіна і Іна старанна зафарбоўваюць на сценах Менску надпісы, пакідаючы пасля сябе рознакаляровыя квадраты. Натхнёны яркімі фігурамі мастак — абстракцыяніст Захар Кудзін, выходзіць на гарадскі пленэр. А зацікаўленыя мінакі, спрабуючы інтэрпрэтаваць творчасць Захара, выказваюць сваё меркаванне не толькі пра мастацтва.

«Чыстае мастацтва» — партрэт Мінска ўзору канца 2010-х гадоў. Рэдкая перспектыва, якая паказвае праз прызму сучаснага мастацтва і мастака Захара Кудзіна, як дзяржава цэнзуруе розныя праявы свабоды людзей, а пачынае з таго, што яны бачаць вакол сябе на вуліцах горада. Гэта фільм пра прагу да свабоды ў несвабоднай краіне. Як іранічна заўважае адзін з выпадковых герояў стужкі: «У нас любыя праявы свабоды павінны быць узгодненыя».

У адным з інтэрв’ю рэжысёр Максім Швед распавядае камічную сітуацыю, якая адбылася падчас здымак стужкі і добра апісвае, пра што фільм «Чыстае мастацтва». Калі здымалі на адной з цэнтральных плошчаў Мінска, да здымачнай каманды падышоў міліцыянт і спытаў, што яны робяць. Рэжысёр з упэўненасцю адказаў, што яны здымаюць фільм пра чысціню і парадак. У адказ яны пачулі: «А, ну добра. Добра», — пасля чаго міліцыянт адразу адпусціў іх. «Чысціня і парадак — гэта ж святое, — падагульняе Максім Швед і працягвае думку, — Спачатку прыбіраецца бруд, потым зафарбоўваюцца надпісы, а потым знішчаецца ўсё іншароднае, інакш думаючае». Такім чынам чысціня ператвараецца ў руках улады ў стэрыльнасць.

Пэўную магію фільма стварае цікавы герой у кадры: 33-гадовы Захар Кудзін з’яўляецца самым маладым мастаком, праца якога знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Па словах рэжысёра першапачаткова задумвалася, што мастак будзе ў фільме не больш чым правадніком. І на працягу здымак да гэтай устаноўкі ўвесь час вярталіся. Аднак цяпер складана ўявіць «Чыстае мастацтва» без асобы Захара Кудзіна. Узаемадзейнічаючы з гарадскім асяроддзем і жыхарамі горада мастак прыкоўвае погляд на сабе: цікава глядзець за тым, што ён скажа, што зробіць. Інакш фільм стаў успрымацца і пасля таго, як Захар Кудзін памёр.

За паўсядзённасцю Зіны і Іны назіраць не менш цікава. Па сутнасці, нам паказваюць закуліссе ЖЭСа: чым жывуць людзі, якія там працуюць, пра што думаюць. У канцы стужкі адна з работніц ЖЭСа нават можа здзівіць гледача. Пры легальнай магчымасці паспрабаваць нешта напісаць балончыкам, яна не проста скарыстаецца ёй, а яшчэ і напіша тое, што чакаеш убачыць менш за ўсё. Аднак не будзем жа мы раскрываць усе карты фільма.

Прагляд стужкі «Чыстае мастацтва» можна набыць за 5$. Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, фільм даступны бясплатна.

Каб не прапусціць цікавінкі беларускага кіно, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: InstagramFacebookViber.

Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам.

паводле прэс-рэліза