У Цярнопалі адкрылася выстава маладых мастачак з Беларусі, Украіны і Польшчы

У Цярнопалі  адкрылася выстава мастачак трох краін.  Інга Дашык, на жаль,  не змагла прыехаць на адкрыццё з Польшчы. Украіну прадстаўляла Катэрына Каліснык, а Беларусь – Ганна Кудзіна. Апошняя адлюстравала ў сваіх творах палітычнае змаганне і трагедыю беларусаў апошніх гадоў. 

Вядомыя кожнаму беларусу шапікі “Табакерка”, якія гандлююць цыгарэтамі і спансуюць рэжым Лукашэнкі, і “Белсаюздрук”, якія распаўсюджваюць лукашэнкаўскую прапаганду, сталі найбольш заўважнымі ў экспазіцыі Ганны Кудзінай. Яна патлумачыла, што ў 2020-м гэтыя шапікі былі распісаныя пратэстнымі словамі. 

фота: радыё Ўнэт

Сама Ганна прызналася, што яна да 2018 года жыла нібыта ў сваёй бурбалцы і не разумела сітуацыі ў краіне. Але адзін жахлівы выпадак з яе сяброўкай перакуліў яе свядомасць.  У 2020-м яна была адной з арганізатарак жаночых маршаў у Брэсце. Наведвала ўсе пратэстныя шэсці. На жаль, ужо больш за тры гады яна не можа наведаць Беларусь, бо там яе найбольш імаверна чакае палітычны пераслед. 

Вось як яна акрэсліла мастацкую задуму выставы: 

Гэта ўсё пра асабісты боль кожнай. Мы ўсе навучаемся ў адной акадэміі, сустракаемся кожны дзень там. І мы хацелі паказаць, наколькі розны, але ў тым ліку звязаны гэты наш боль. Таму што кожная з нас у даволі маладым веку – не ў тым, у якім трэба было перажываць такія падзеі, але мы перажываем. І пра гэта даволі мала кажуць, таму што беларуская тэматыка ўжо нібыта занадта папсовая і не вартая ўвагі на фоне таго, што адбываецца ў свеце. То бок, гэта было даўно, што пра гэта зараз казаць. 

І я заўважыла, што даволі шмат мастакоў таксама спынілі сваю пратэстную тэматыку на кошт іншых. Але мне здаецца, што зараз асабліва важна пра гэта казаць. Таму што і ўкраінская тэматыка губляе ўвагу. Гэта важныя рэчы. І, калі не мы, то хто будзе пра гэта распавядаць?! І пакуль мне гэта баліць, я буду ствараць на гэтую тэму.  Пакуль я не магу вярнуцца дадому, не магу з’ездзіць на магілу сваёй прабабулі, якая памерла ўжо пасля пратэстаў, і я не была ў тыя часы, калі яна памірала, як і ўся мая Радзіма, я буду пра гэта казаць”.

фота: радыё Ўнэт

Выстава мастачак у Тэрнопалі ўжо другая з гэтай кампазіцыяй. Першая была ў Кракаве. Мы спыталіся ў Ганны ці на яе думку гледачы ведаюць сітуацыю ў Беларусі, якую паказвае сваімі творамі мастачка.

Тыя, хто хочуць ведаць, яны ведаюць. Але, усё ж-такі, на жаль, большасць увогуле не мае разумення таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Нават сярод маіх знаёмых палякаў, калі я распавядаю пра тое, што было, яны кажуць, што так – чулі, што нейкія пратэсты, што масавыя і гэтак далей. Але пры гэтым яны не разумелі важнасці ўсяго гэтага і ўплыву на ўсю краіну. І, калі я распавядала, яны глядзелі на мяне такімі велічэзнымі вачыма, не верачы ў тое, што адбываецца. 

І з украінцамі таксама. Я разумею, што ў іх ёсць свой, і пры гэтым нашмат мацнейшы боль. І праз гэта даволі мала людзей зараз хочуць заставацца ў гэтым парадку дня. Але пры гэтым, побач са мной стаіць жанчына, якая ведае ўсё гэта. Гэта таксама частка маёй працы – распавядаць людзям, каб было як мага менш гэтага няведання, недаадукаванасці, каб людзі лепш разумелі адзін аднаго і былі больш зразумелымі для іншых. І праз гэта, мне здаецца, яны будуць лепш разумець саміх сябе”.   

radiounet.fm