Сацыёлаг — пра тое, якім стаўся 2022 год для беларускага грамадства.
«Салідарнасць» разам з экспертамі з розных сфер працягвае падводзіць вынікі адыходзячага года. Абмеркавалі са старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй Генадзем Коршунавым, як змяніліся за 2022-ы беларусы і краіна.
Сацыёлаг вылучае чатыры напрамкі, якія разам утвараюць агульную карціну года: вайна ва Украіне, дзеянні ўладаў, а таксама тое, што рабілі беларусы замежжа і беларусы ўнутры краіны:
— На першым месцы мусіць быць вайна, якая зрушыла ўсіх. Значная частка беларусаў, нават якія не знаходзіліся ва Украіне, адгукнуліся і прапусцілі гэта праз сваё сэрца.
Многія беларусы адчулі долю віны за тое, што Беларусь аказалася суагрэсарам. Але і нямала тых, да каго вайна «не дайшла».
Прапаганда на ўсю моц кажа, што мы, маўляў, у вайне не ўдзельнічаем. Хлусіць, натуральна, але такі наратыў ёсць, і яго шмат каму прыемна слухаць.
З іншага боку, іх усё адно ваенная праблематыка закранае: усе ведаюць, што вайна ва Украіне ідзе, і ведаюць, што напала Расея (гэта ўвогуле ўзрывае мозг, бо раней большасці жыхароў постсавецкай прасторы немагчыма было такое ўявіць).
Разуменне Расеі як вялікай сілы, якая стаіць на баку святла, паступова разбураецца, хоць і з рознай хуткасцю. Усё ж грамадская свядомасць — штука інерцыйная, да таго ж пачынаюць працаваць механізмы самаабароны: калі здараецца нешта, што ў тваю карціну свету не ўкладаецца (як — расіяне забіваюць мірных жыхароў Украіны?), розум гэта адвяргае. Чым і карыстаецца прапаганда, распавядаючы, што мы да ўсяго недатычныя, і наогул, вінаватыя не расіяне, а калектыўны Захад.
Зрэшты, адмаўляючы беларускі ўдзел у вайне, улады адначасова робяць мабілізацыйныя захады. У выніку, зазначае эксперт, спрацоўвае беларускі архетып «абы не было вайны»: людзі больш пачынаюць цаніць тое, што маюць: што ва Украіне вайна, а ў Беларусі — мір, што ў РФ была мабілізацыя, а ў нас — не, што паўсюль жыццё даражэе, а беларускія ўлады нібыта апякуюцца простым чалавекам, вось і рост цэн абмежавалі.
— Калі казаць пра тое, што робіць рэжым, гэта можна назваць адным словам: саветызацыя. Такі паскораны адыход у мінулае шмат па якіх пазіцыях. Гэта і абрыў сувязяў з Захадам — апроч санкцый і «сіметрычнага адказу», добра бачна, як рэжым выходзіць з розных міжнародных пагадненняў.
У эканоміцы — усё большае вяртанне і ўмяшальніцтва дзяржавы, што на прыкладзе коштаў, што ў пагрозах адбірання прадпрыемстваў у замежных інвестараў.
Вяртанне да савецкіх механізмаў мы бачым у галіне кіравання, якое ўсё больш пераходзіць у ручны рэжым, і працуюць не законы, а наўпроставыя загады. Дадамо сюды мілітарызацыю і ідэалагічны кантроль, якім зараз прасякнута фактычна ўсё.
Асабліва добра гэта бачна ў галіне адукацыі (спецфакультатывы, дзіцячыя вайскова-патрыятычныя клубы і г.д.). У гэтым сэнсе была вельмі паказальная фраза Качанавай, што кожны прадстаўнік сферы адукацыі, ад школы да дзіцячага садка, мусіць быць ідэолагам.
Тое ж і з мілітарызацыяй. І раней былыя вайскоўцы, КДБшнікі, іншыя выхадцы з сілавога блоку прызначаліся на ключавыя пазіцыі ў дзяржорганы. Цяпер сілавыя ведамствы наўпрост пачынаюць курыраваць цэлыя напрамкі: міліцыя і пракуратура «падмінаюць» пад сябе сферу адукацыі, культуры; пачала вельмі моцна працаваць цэнзура, і мы бачым, як забараняюць выставы, спектаклі, канцэрты.
Упор на тое, што мусіць быць толькі адна ідэалогія, прыводзіць да вынішчэння ўсяго «чужога», любога іншадумства: школы, што польскія, што літоўскія — забараняюцца, беларушчына — ацэньваецца як пагроза (да 2022-га ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў не было беларускамоўных кніг, сёння ж іх там процьма; арыентаваныя на беларускія кнігі выдавецтвы вынішчаюцца, і г.д.).
Наогул, асноўным інструментам, якім дзяржава стасуецца з грамадствам, сталі рэпрэсіі. Узяць сферу медыя: за бягучы год улады заблакавалі больш як 3000 інтэрнет-рэсурсаў, больш як 770 тэлеграм-каналаў і чатаў з канца мінулага года прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Рэпрэсіі становяцца групавымі і выкарыстоўваюцца для кантролю і ціску, калі людзей на адным прадпрыемстве ці адным горадзе хапаюць дзясяткамі — напэўна, найбольш буйны выпадак быў у Акадэміі навук, дзе пад «хапун» трапілі амаль 50 чалавек.
Таму значная частка беларускага грамадства ўнутры краіны, зазначае Генадзь Коршунаў, вымушана перайшла на «партызанскі» рэжым:
— Чымьсці гэта нагадвае дысідэнцкі рух, які быў у Савецкім Саюзе, калі ты мусіш прыхоўваць тое, што ты думаеш, што ствараеш і пішаш. Тым не менш, гэты рух, кропкай адліку якога застаецца 2020 год, даволі магутны.
Мы рабілі даследаванне па калектыўнай траўме грамадства, і адзін з яго вынікаў — тое, што 2020-ы застаецца жывым у эмоцыях і ў памяці людзей.
Для мяне было здзіўленнем, што 2020 год не толькі запомніўся як нешта велічнае, але і што ў ім няма расчараванняў. Людзі кажуць: паўтарылі б тое, што было, і нават былі б больш актыўныя; бачаць гераічныя сэнсы тых падзей. Гэта вельмі моцная штука, якая захоўвае патэнцыял нацыянальнага самавызначэння.
У гэтым сэнсе, думаю, старонка не перагорнутая і наўрад ці перавернецца, прынамсі для тых, хто прымаў удзел у пратэстах ці ім спачуваў.
Праявы гэтага мы бачым дасюль, асабліва ў партызанскім супраціве — згадаем «рэйкавых партызан», якія супраціўляліся прыходу расейскіх войскаў. Дый зараз, якімі б ні былі рэпрэсіі і які б невымерны ціск не рабілі ўлады, інфармацыя аб тым, што робяць расейцы, паступае прынамсі ў «Беларускі Г*юн».
Таму хацелася б вельмі падзякаваць тым, хто застаецца ў Беларусі, хто захоўвае сябе і знаходзіць сілы супраціўляцца рэжыму.
Я лічу, гэтае пытанне трэба ўздымаць як мага часцей, бо адзін з невялічкіх, але прыкметных трэндаў 2022 году — «бульбасрачы» паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. Ладзіць іх — дурная ідэя. Але вельмі цешыць, што гэта адзінкавыя кейсы.
Даследаванне, якое мы правялі і вынікі якога прэзентуем у студзені, паказвае, што ўзаемны давер існуе.
…Нарэшце, чацвёрты вялікі напрамак —беларусы замежжа. Тут, канешне, шмат пытанняў: тая калектыўная траўма, пра якую мы казалі, у беларусаў замежжа таксама ёсць і, мабыць, нават крыху большая.
Бо сярод з’ехаўшых нямала тых, хто прайшоў праз гвалт і зазнаў найбольш жорсткія рэпрэсіі. А зверху накладаецца траўма выезду, да якога людзі часцяком не рыхтаваліся: цябе проста выпхнулі з краіны, і ты ў чужым свеце — без рэсурсаў, а мо, і без мовы, і прафесію трэба новую — атрымліваем культурны шок.
Але пры ўсім тым беларуская дыяспара застаецца суб’ектам — і палітычным, і эканамічным, і арганізацыйным. Гэта вельмі важна: што беларусы ў замежжы ёсць, асэнсоўваюць сябе як беларусы і дзейнічаюць. І добра, што інстытуцыялізацыя, хай часам спрэчная, ідзе — і прызнаецца паступова Захадам. Тут нельга не ўзгадаць Нобелеўскую прэмію міру нашаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, як праяву ўвагі і павагі да беларускіх праваабаронцаў.
Таксама, лічу, вельмі важная ініцыятыва —супраца з Радай Еўропы, стварэнне беларускай кантактнай групы. Калі я правільна разумею, гэта ўнікальны кейс, калі Рада Еўропы пачынае працаваць не з афіцыйным урадам, а з прадстаўнікамі беларускага дэмакратычнага руху за мяжой.
А скончыць пералік дасягненняў хацеў бы спасылкай на платформу «Лічб*вая Беларусь» — як мне падаеццца, вельмі перспектыўны і важны праект, які будзе пасаваць не толькі да стварэння сапраўднай дэмакратыі ў Беларусі, але і выхаду на новы, сучасны і стратэгічна важны этап развіцця Беларусі як дзяржавы.
Таму што лічбавая дэмакратыя, лічбавая дзяржава — за гэтым будучыня, і я вельмі рады, што ў беларусаў ёсць напрацоўкі ў гэтым сэнсе.
— Оксфардскі слоўнік выбраў словам года спалучэнне «рэжым гобліна», палітолаг Уладзімір Пастухоў лічыць, што слова года, прынамсі для расіян — «нянавісць». А што з беларусамі?
— Я назваў бы не адно, а два словы: «вайна» і «контррэвалюцыя». Чаму так? Бо вайна ўсё адно, што б ні казалі прапагандысты, ідзе. І гэта ўжо зараз уплывае на Беларусь і будзе моцна ўплываць у будучыні. Колькі б вайна ні працягнулася, гэта будзе ўплыў на дзесяцігоддзі.
«Контррэвалюцыя» — гэта калі крыху прыўзняцца і ацэньваць падзеі з гістарычнага гледзішча. У 2020 годзе пачалася вялікая беларуская рэвалюцыя, калі добрая частка грамадства заявіла, што яна — суб’ект, адэкватны лічбавай эпохе, у якую мы шпарка ўваходзім. А ўлады моцна заявілі аб тым, што яны рушаць у мінулае, у лепшым выпадку ў індустрыяльную, а то і ў даіндустрыяльную эпоху.
Але гісторыя ідзе наперад. І практыка рэвалюцый, хоць Вялікай французскай, хоць Кастрычніцкай ці любой іншай, паказвае, што рэвалюцыя часцяком развіваецца праз хвалі. 2020 год быў годам уздыму рэвалюцыі, а 2021 — годам контррэвалюцыі, якая працягваецца да сёння, і вайна толькі ўзмацніла гэты трэнд, зрабіла яго больш заўважным.
— Што хацелася б пажадаць Беларусі і беларусам у 2023?
— Я б хацеў пажадаць, каб лёсам Беларусі апекаваліся і вызначалі яго менавіта беларусы. І каб усе, хто хоча жыць у Беларусі — свабодна, вольна, па законе і дэмакратычна — як мага хутчэй туды вярнуліся і будавалі яе такую, свабодную, вольную, дэмакратычную.
І дадам: гісторыя — на нашым баку.