Незвычайная вечарына прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Марка Шагала прайшла ў Брукліне.
Вечарына адбылася 10 лютага ў беларускім цэнтры пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. На яе сабраліся людзі, якія ўжо былі знаёмыя ў музэях Ню-Ёрка з творчасьцю мастака, але не толькі.
Вядома, што габрэй з Беларусі любіў месца, дзе ён нарадзіўся і пачаў першыя спробы маляваньня. Шмат у творчасьці мастака зьвязана з віцебскімі матывамі. Аднак бацькі Шагала марылі, каб сын быў бухгалтарам ці аканомам. Аднак ён стаў мастаком з сусьветным імем, калі яму не было і 30 гадоў. Марка Шагала лічаць сваім не толькі ў Беларусі, але і ў Францыі, ЗША, Ізраілі – ва ўсіх краінах, дзе ён жыў і працаваў.
Праграма вечарыны пачалася незвычайна – адразу з квіза, дзе прысутным у інтэрактыўным фармаце трэба было адказваць на пытаньні вядоўцы Насты Харкевіч. Пераможцу чакала кніга пра Марка Шагала. Адказы на 23 пытаньня гучалі адразу ж пасьля націсканьня на іх. Пры гэтым яны суправаджаліся тлумачэньнямі вядоўцы.
-Напачатку я думала зрабіць лекцыю, але потым вырашыла, што вы ўсё будзеце ведаць і вам будзе нецікава адказваць на пытаньні квіза. Таму правільныя адказы і камэнтары пра жыцьцё, творчасьць і дзейнасьць Шагала будуць па ходу, – сказала напачатку сустрэчы Наста.
Больш за ўсё правільных адказаў дала Юлія Букштановіч. Пры гэтым дзяўчына патлумачыла, што рыхтавалася перад імпрэзай.
-Я чытала пра творчасьць Шагала, але былі пытаньні, якія прыводзілі мяне ў ступар. Але я вельмі радая, што здабыла перамогу. З радасьцю прачытаю кнігу і падзялюся з усімі ахвотнымі, – патлумачыла Юлія.
Акрамя Шагала і ягонай творчасьці прысутныя даведаліся пра іншых мастакоў і людзей, з якімі яго зьвязвала жыцьцё. Напрыклад, шмат хто адчыніў для сябе тое, што Шагал быў вучнем жывапісу вядомага майстра Льва Бакста, альбо, што ў яго былі напружаныя адносіны з Пабла Пікаса.
Таксама падчас вечарыны быў арганізаваны прагляд відэа-спектакля пра Марка Шагала. Імпрэза прайшла ў цёплай сяброўскай атмасфэры. Прысутныя яшчэ доўга размаўлялі пасьля за гарбатай і печывам.
Сустрэча была арганізавана пры падтрымцы Ню-Ёркскага адзьдзела БАЗА.