«Мы вернемся, дапаўзём да рэальнай Бацькаўшчыны, да духоўнай Бацькаўшчыны». Пра што гаварылі на адкрыцці «Вершаў на асфальце»

Увечары 16 лютага ў Вільні пачаўся чарговы міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце».

Як ужо паведамляла Budzma.org, лаўрэатам прэміі імя Міхася Стральцова стаў паэт Усевалад Сцебурака з кнігай «Беларускія зоркі». Падчас адкрыцця выступілі Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай, Грэтэ Ротбёль, Яўген Вапа, Алена Стральцова і інш. Прапануем вашай увазе вытрымкі з выступаў першага дня фэсту.

Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч: «13 гадоў таму Саюз беларускіх пісьменнікаў быў ля вытокаў фестывалю. (…) Фестываль адбыўся і адбываецца кожны год. Ён — незаменны для розных пакаленняў, розных пляцовак, розных эстэтык. Усё гэта сустракаецца, віруе, а гэта яшчэ госці замежныя, якія далучаюцца да беларускіх паэтаў».

Грэтэ Ротбёль

Пісьменніца, старшыня Шведскага саюзу пісьменнікаў Грэтэ Ротбёль (Grethe Rottböll): «Дарагія беларусы, сябры, таварышы, калегі. Проста цяпер мы ў Шведскім саюзе пісьменнікаў адчуваем больш агульнага з вамі, чым шмат з кім у нашай уласнай краіне. Бо і ў нас антыдэмакратычныя сілы хочуць кіраваць нашай краінай. Яны хочуць кіраваць мастацтвам, хочуць вызначаць, якія кнігі нам чытаць. Гэтага не мусіць адбыцца, мы не можам адчуваць сябе дома — у такой краіне. Але вы — частка таго, што мы з гонарам можам назваць нашым домам. Дэмакратыя — наш агульны дом. Паэзія — наш агульны дом. Літаратура — наш агульны дом. Абарона нашых розных моў — наш дом. Наш дом тут — у Беларускім доме ў Вільні і ў Пісьменніцкім доме на выспе Готланд. Месцы свабоды — наш дом. Гэта вельмі проста. Мы маем наш дом з сабою, куды б мы ні пайшлі. Мы дома там, дзе мы сустракаемся. Нашыя дзверы заўжды адчыненыя. І мы, шведскія пісьменнікі і перакладчыкі, прыйдзем, калі вы паклічаце».

Таццяна Нядбай

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэтка і выдавец Таццяна Нядбай«Для мяне самымі важнымі словамі ў апошнія гады сталі нязломнасць і крохкасць. Яны найбольш, напэўна, адлюстроўваюць нашу сітуацыю і наша жыццё. Я хачу нагадаць, што за папярэдні год у зняволенні памерлі тры дзеячы культуры. Гэта мастак Алесь Пушкін, мастак Руслан Карчаулі , культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч. Усяго Беларускі ПЭН, які праводзіць маніторынг парушэння правоў чалавека ў сферы культуры, зафіксаваў у мінулым годзе 1499 выпадкаў парушэнняў, 155 дзеячаў культуры, як мінімум 155, знаходзяцца ў зняволенні альбо маюць частковае абмежаванне свабоды. З іх 104 прызнаныя праваабаронцамі палітзняволенымі. (…) Хацелася б нам пажадаць гэту нашу нязломнасць захаваць у сабе, як таксама і захаваць гэту крохкасць і не даць яе зруйнаваць».

Яўген Вапа

Яўген Вапа, рэдактар беластоцкага штотыднёвіка «Ніва» і кіраўнік «Радыё Рацыя»: «І калі ж гаварыць пра тую нашу бязмежную беларускасць і сённяшнюю сітуацыю… (…) Так, вернемся мы з усіх бадзянняў, з усіх вар’ятняў, з усіх рэчаў, якія не спрыяюць. Вернемся, дапаўзём да рэальнай Бацькаўшчыны, да духоўнай Бацькаўшчыны. І яна лунае, прабіваецца праз усе бетоны, асфальты, праз усе зброі, праз усе кардоны. Так што гэтае слова прабівае не толькі асфальты, слова прабівае, ідзе і вядзе нас у добрую беларускую бязмежную вечнасць».

Алена Стральцова

Алена Стральцова, удава Міхася Стральцова і сябра журы фестывалю: «Больш за ўсё я жадаю, каб нашы беларусы, якія не згубілі Радзіму, але вымушаныя былі рассеяцца, каб яны хутчэй, як мага хутчэй вярнуліся ў сваю краіну. Каб мы працягвалі сустракацца ўжо ў Беларусі. Канечне, дзякуй нашым сябрам, якія дазваляюць нам сустракацца ў Вільні і так далей. Але мару, жадаю, каб усё гэта было ў Беларусі. Гэта самая мая вялікая мара. Канечне, я не магу не быць радаснай, што ў трынаццаты раз святкуем фэст, які прысвечаны Міхасю Стральцову. Гэта проста нейкі цуд».

Наведнііцы фестывалю «Вершы на асфальце»

Глядзець анлайн-трансляцыю Стральцоўскага фэсту можна па спасылцы.

budzma.org