07.12: Прэзентацыя рамана Дзяніса Дудзінскага ў Вільні

Журналісты сталі галоўнымі героямі першага рамана тэлевядоўцы Дзяніса Дудзінскага «Пацібулум».  7 снежня медыйшчык прэзентуе сваю дэбютную кнігу ў Вільні.

Дзяніс Дудзінскі. Фота: з асабістага архіва героя

Дзяніс Дудзінскі задумаў напісаць гэты раман яшчэ дзесяць гадоў таму, калі працаваў на дзяржаўным тэлебачанні ў Беларусі. Ягоная 15-гадовая кар’ера завяршылася звальненнем у 2020 годзе пасля крытыкі масавых затрыманняў апанентаў улады. Пасля Дзяніс працаваў ваенным карэспандэнтам незалежнага тэлеканала «Белсат» ва Украіне.

— Паўгода працы рэпарцёрам ва Украіне далі пра сябе знаць. Напрыклад, аператар Марк з рамана шмат у чым спісаны з журналіста Аляксандра Баразенкі, з якім мы разам працавалі на прыфрантавых тэрыторыях. Шчыра дзякую яму. Калі з чалавекам існуеш плячо да пляча 24 гадзіны, то ў цябе так ці інакш фіксуецца яго вобраз. Напарнік галоўнага героя — гэта Саша прыкладна на 60–70 адсоткаў, — кажа спадар Дудзінскі.

Раман «Пацібулум» распавядае пра чалавека, уладу і беспакаранасць. Аператар і рэпарцёр асвятляюць гарадскія ўрачыстасці з нагоды дзесяцігоддзя акупацыі. Свята ператвараецца ў апакаліпсіс, а прадажны журналіст — у героя, які аддае жыццё дзеля гараджан. 

Па сваёй атмасферы раман блізкі да прыгод Тома Соера і Гекельберы Фіна. Але акупаваны вялікім консулам горад вельмі падобны на Мінск, тэлецэнтр прапаганды, дзе акумулююцца навіны пра падзеі ў горадзе, — на Белтэлерадыёкампанію, а падзеі — на беларускую рэальнасць.

— Чытач занурыцца ў рэальную журналісцкую кухню. Герояў падкупляе начальства, ім пагражаюць улады, іх арыштоўваюць і кідаюць у турму. Галоўны герой, рэпарцёр Фелікс, перажывае асабістую ўнутраную барацьбу паміж этыкай, праўдай з аднаго боку і амбіцыямі, прадажнасцю і страхам — з іншага, — дадае аўтар.

Нагадаем, кніга «Пацібулум: дзесяць дзён аднаго горада» выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч» у кастрычніку 2025 года. Падчас першай прэзентацыі рамана, якая адбудзецца ў Беларускім музеі Івана Луцкевіча ў Вільні, наведнікаў чакае эксклюзіўнае кніжнае шоу.

Другая па ліку прэзентацыя рамана запланаваная на студзень 2026 года ў польскім Уроцлаве.

baj.media