Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі Цёткі за 2022 год

17 лютага ў Вільні на міжнародным паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» ўручаная Прэмія Цёткі за найлепшыя кнігі для дзяцей і падлеткаў. Пераможцамі сталі Антон Францішак Брыль і мастачка Лілія Бусарава.

Мастачка Лілія Бусарава перамагла ў намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» з ілюстрацыямі да кнігі «Мой рыжы Бім» аўтарства Эдзі Агняцвет.

Паэт і перакладчык Антон Францішак Брыль, які напісаў вершаваныя «Мышыныя Каляды», перамог у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў».

Мастачка Лілія Бусарава

На фэсце ў Вільні прысутнічала адна з пераможцаў — Лілія Бусарава.

Пераможцаў абвяшчала старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, паэтка і выдавец Таццяна Нядбай. Яна распавяла, што ў поўны спіс намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» увайшло больш за тры дзясяткі кніг, у спіс намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — 23 кнігі.

Старшыня ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай

Адзін з экспертаў журы, літаратуразнавец і літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч зазначыў, што «задача была вельмі складанай — тут прадстаўленыя розныя жанры: і дзіцячыя вершы, ёсць паэма, ёсць казкі, ёсць фэнтэзі і вялікія аповесці, падлеткавыя прыгодніцкія рэчы». «Часам хочацца разбіць яшчэ на некалькі намінацый. Але ўсё сканчаецца кампрамісам, бо ёсць аб’ектыўныя рэчы — кніга, напісаная добра; кніга, напісаная яшчэ лепш; ёсць, якія крыху горш — праблемы з рэдактурай, напрыклад. Хтосьці ў журы не пагаджаецца, хтосьці застаецца незадаволеным. Але гэта праца, якая будуецца на пошуку кампраміса. І мне здаецца, што ў выніку сёлета кампраміс быў дасягнуты», — распавёў пра рашэнне Ціхан Чарнякевіч.

Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч

Месяц таму эксперты вызначылі кароткія спісы па 10 кніг у кожнай намінацыі.

На званне найлепшай кнігі ў «Мастацкай намінацыі» прэтэндавалі наступныя кнігі:

Лілія Бусарава — Эдзі Aгняцвет «Мой рыжы Бім: вершы» — Мінск: Маст. Літ., 2022

Раман Гарошка — Андрэй Скурко «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» — Мінск: Тэхналогія, 2022

Міхаіл Дайлідаў — Мікола Мятліцкі «Сарока з праспекта» — Мінск: Маст. Літ., 2022

Вольга Дзятко — «Самы смачны яблык» (Л. Арабей, Б. Сачанка і інш.) — Мінск: Мастацкая літаратура, 2022

Лізавета Лянкевіч — Янка Маўр «Палескія рабінзоны» — Мінск: Папуры, 2021

Святлана Міхалап — Надзея Ясмінска «Кусь-Кусяндра» — Мінск: Кнігазбор, 2022

Кацярына Раюнец — Надзея Кім «Кразі — чырвоны кракадзільчык» — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2022

Света Тата — Света Тата «Ева намалявала Цмока» — Мінск: Папуры, 2022

Дар’я Чарняўская — Маргарыта Латышкевіч «Муры, Том і дырыжаблік» — Мінск: Звязда, 2022

vera.bei — Юры Несцярэнка «Неверагодны свет: дзіцячыя загадкі-рыфмаванкі на беларускай мове» — Мінск: Тэхналогія, 2022

У «Літаратурны кароткі спіс» увайшлі:

Альгерд Бахарэвіч «Тэатр шчасьлівых дзяцей» — ЛитРес: Издательство, 2021

Антон Францішак Брыль «Мышыныя Каляды» — Мінск: А.М. Янушкевіч, 2022

Надзея Кім «Кразі — чырвоны кракадзільчык» — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2022

Ягор Конеў «Дамавічкі Шушык і Жуля» — Мінск: Звязда, 2022

Маргарыта Латышкевіч «Вершнікі на дарозе» — Мінск: Чатыры чвэрці, 2022

Маргарыта Латышкевіч «Муры, Том і дырыжаблік» — Мінск: Звязда, 2022

Андрэй Скурко «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» — Мінск: Тэхналогія, 2022

Света Тата «Ева намалявала Коніка» — Мінск: Папуры, 2022

Іна Фралова «Андрэйкава лета» — Мінск: Звязда, 2022

Надзея Ясмінска «Кусь-кусяндра» — Мінск: Кнігазбор, 2022

Прэмію Цёткі заснавалі РГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», дабрачынны фонд «Вяртанне» і Беларускі ПЭН-цэнтр у канцы 2015 года. Гэта адзіная недзяржаўная беларуская літаратурная прэмія, якая даецца за дасягненні ў галіне дзіцячай літаратуры і кнігавыдання.

Чаму апякункай прэміі абраная Алаіза Пашкевіч (Цётка)? Яна — аўтарка «Першага чытання для дзетак беларусаў», стваральніца першай беларускай школы ў Вільні, рэдактарка часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка».

Упершыню прэмія была ўручана ў 2016 годзе. Лаўрэатамі першай прэміі Цёткі сталі Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі «Сем ружаў» і Кацярына Дубовік, ілюстратарка гэтай жа кнігі.

Нагадаем, 16 лютага на фестывалі «Вершы на асфальце» абвясцілі лаўрэата літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Ім стаў паэт Усевалад Сцебурака з кнігай «Беларускія зоркі».

Глядзець анлайн-трансляцыю Стральцоўскага фэсту можна па спасылцы.

budzma.org