«Рэжым забівае беларусаў». Святлана Ціханоўская — пра смерць Ігара Ледніка

Фота udf.name

Святлана Ціханоўская выказалася пра смерць чарговага палітвязня — 64-гадовага сацыял-дэмакрата Ігара Ледніка. Пра яго сыход з жыцця стала вядома сёння, 20 лютага.

«Пятая смерць за кратамі… — напісала лідарка дэмакратычных сіл у сваім тэлеграм-канале. — Гэта неверагодная несправядлівасць і трагедыя – тое, што ў турмах рэжым забівае беларусаў, якія хацелі змяніць жыццё сваёй краіны да лепшага. Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, а цяпер і Ігар Леднік сталі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі».

Ігара Ледніка адправілі за краты праз артыкул у часопісе аб міжнародным нейтралітэце Беларусі, канстатавала Ціханоўская. «І цягам двух гадоў мэтанакіравана забівалі — у актывіста была другая група інваліднасці праз праблемы з сэрцам, — дадала палітык. — Рэжым выдатна ведаў пра гэта, пазбаўляючы яго волі. Імя Ледніка было ўнесена ў «гуманітарны спіс» — туды праваабаронцы ўключалі людзей, якіх трэба тэрмінова вызваліць па стане здароўя або ў сілу ўзросту».

«Ігар Леднік многія гады падтрымліваў прадпрымальнікаў, дапамагаў праваабаронцам, развіваў дэмакратычны рух у Беларусі. Яго актыўнасць выходзіла далёка за межы роднага Барысава, а пра настойлівасць і прынцыповасць Ледніка ведала ўся краіна. Ігара шмат разоў арыштоўвалі за пратэсты супраць несправядлівасці, актыўную палітычную пазіцыю. Але ён заставаўся верным сабе — і не змяняў ідэям свабоднай Беларусі», — падкрэсліла Ціханоўская.

Яна выказала шчырыя спачуванні сям’і і блізкім палітвязня і заклікала «ўсіх — медыя, міжнародных партнёраў, праваабаронцаў» стаць на абарону палітвязняў.

«Сёння ў краіне больш за дзясятак палітвязняў, якім патрэбна дапамога прама цяпер. Уладзімір Малахоўскі, Рыгор Кастусёў і Галіна Дэрбыш змагаюцца з анкалогіяй. Ірына Мельхер і Аляксандр Фядута пакутуюць ад праблем з сэрцам. Але Зуевай пастаянна патрэбныя лекі, каб не прагрэсаваў лейкоз… Яны змагаюцца за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах. І нам неабходна аб’яднаць намаганні, каб як мага хутчэй знайсці варыянты для іх вызвалення», — падсумавала Ціханоўская.

Былы сябры БСДП (Грамада) Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года і асуджаны на 3 гады зняволення паводле арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі).

Падставай для пераследу стала публікацыя ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя» пад загалоўкам «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ». Лукашэнкаўская пракуратура палічыла, што ў гэтым тэксце ўтрымліваліся «свядома ілжывыя, ганебныя і зневажальныя для гонару і годнасці Лукашэнкі звесткі, злучаныя з абвінавачаннем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва».

Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. Праз спыненне сэрца ён і памёр.

novychas.online