У Беластоку беларусы ўшанавалі памяць Ігара Ледніка

Чарговая смерць палітвязня ў лукашэнкаўскіх засценках, гэтым разам сацыял-дэмакрата Ігара Ледніка, скалынула  беларускую дыяспару Беластока. Каля дваццаці чалавек прынялі ў аўторак  увечары ўдзел у спантаннай акцыі побач з  Генеральным консульствам Беларусі. Удзельнікі прынеслі кветкі і запалілі знічы памяці аб палітзняволеных, якія ўжо не выйдуць на волю жывымі.  

Літаральна напярэдадні беларусы Беластока збіраліся перад Ваяводскай управай і перадавалі просьбу да польскіх улад, каб тыя выставілі ўльтыматум Аляксандру Лукашэнку з патрабаваннем вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў і прыгразілі спыненнем руху грузавога чыгуначнага транспарту. І вось сёння тэма палітзняволеных зноў гучала ў Беластоку. Гэтым разам каля Генеральнага консульства, дзе раней быў створаны своеасаблівы мемарыял забітых лукашэнкаўскім рэжымам. Цяпер да гэтых партрэтаў дадаўся партрэт Ігара Ледніка, які на 64 годзе жыцця памёр ад хваробы сэрца, адбываючы пакаранне ў бабруйскай калоніі, за нібыта паклёп на Лукашэнку.

Фота: радыё Ўнэт

Вось што з нагоды сумнай падзеі радыё Ўнэт распавялі некаторыя ўдзельнікі акцыі.

Мы прыйшлі сюды, таму што ў беларускай турме зноў загінуў палітычны вязень Ігар Леднік. І гэта нельга дараваць, бо столькі людзей гіне ў турмах ужо і мучаюцца асабліва тыя, хто даўно сядзіць, людзі хворыя, хворыя на анкалогію, і ім ніхто не дапамагае.  Толькі ўчора была акцыя каля Ваяводскай управы. Мы патрабавалі вызвалення палітычных вязняў. І атрымалася так, што на наступны дзень на аднаго вязня стала менш, але так не павінна быць. Таму мы сёння прыйшлі сюды, каб з гэтага будынку ведалі, што мы ўсё роўна ўсіх памятаем і ведаем, што адбываецца ў нас у краіне”.

Толькі ўчора мы збіраліся на акцыю, каб  улады Польшчы дапамаглі і спынілі рух цягнікоў. Усё гэта рабілася для таго, каб была магчымасць неяк вызваляць нашых палітвязняў. І так цяжка таму што ты прачынаешся зранку і не ведаеш, што ўвогуле цябе чакае. Зразумела, мы тут знаходзімся ў бяспецы, але ўвесь час думаеш пра тых, хто знаходзіцца ў турмах Беларусі. І гэтыя людзі кожную хвіліну  проста ў невыносных умовах. Яны не атрымліваюць ні перадачаў, ні спатканняў, ні лячэння. Шмат з іх за гэты час страцілі здароўе, шмат хто з іх і не меў здароўя. І замест таго, каб неяк паслабляць умовы ўтрымання тым, хто пасля аперацыі, каму патрэбна лячэнне, проста жорстка забіваюць і катуюць людзей”.

Фота: радыё Ўнэт

Акцыя цягнулася каля паўгадзіны. Пастаяўшы са сцягамі і транспарантамі, ўдзельнікі мерапрыемства разыйшліся, пакінуўшы пасля сябе кветкі і знічы. 

radiounet.fm