Як перайсці на беларускую мову ў іншамоўным асяроддзі? Ці складана перакладаць тэксты з іншых моў на сваю, і што варта рабіць, каб яна не знікла ва ўмовах сучаснай Беларусі. Паразмаўлялі пра гэта з Ганнай Янкута — беларускай пісьменніцай, перакладчыцай, кандыдаткай філалагічных навук.
— 21 лютага літаральна па ўсім свеце беларусы пісалі дыктоўку на роднай мове. Чаму была абрана менавіта такая актыўнасць? Ці дапамагае дыктоўка праверыць сапраўдныя моўныя веды?
— Мне здаецца, што дыктоўка не дапамагае зразумець, якія веды мае чалавек. Патлумачу на ўласным досведзе. На апошнім курсе ўніверсітэта ў мяне была практыка ў школе — я працавала з вучнямі сёмага класа. Яны былі музыкамі, прычым вялікімі талентамі, ездзілі па ўсім свеце з канцэртамі. З беларускай мовай у іх было кепска — часам яны яе ўвогуле не разумелі. Напрыклад, калі на ўроках мы праходзілі паэму Янкі Купалы «Курган», то практыкавалі такі метад: чыталі ў голас па чарзе, і я тлумачыла незнаёмыя словы. Беларуская мова для маіх вучняў была падобная на замежную. Дзецям было вельмі цяжка сказаць штосьці па-беларуску, яны кепска разумелі прачытанае, але пры гэтым нядрэнна пісалі дыктоўкі.
У беларускай мовы даволі просты правапіс — усе памятаюць са школы правіла: як чуецца, так і пішацца. Менавіта за кошт гэтага нават чалавек, які не вельмі добра ведае беларускую мову, можа прыстойна напісаць дыктоўку. Больш паказальнымі ў той сітуацыі са школьнікамі выявіліся сачыненні. З іх было відаць, колькі русізмаў дзеці ўжываюць. Тым не менш агульнанацыянальная дыктоўка — гэта добрая традыцыя (напэўна, можна казаць пра традыцыю — ужо колькі гадоў беларусы ў Дзень роднай мовы пішуць дыктоўку). Не варта ўспрымаць яе ўсур’ёз як праверку ведаў. Гэта адзін са спосабаў адзначыць важны дзень. Мне падабаецца сама ідэя, падабаецца, што ў канцы выбіраюць пераможцу — удзельніка ці ўдзельніцу, што напіша тэкст без памылак. 21 лютага застаецца для нас актуальнай датай, бо беларуская мова — у цяжкім становішчы.
— З чаго пачалася беларуская мова ў вашым жыцці? Як вы яе вывучалі, што было самым складаным?
— Цяжка сказаць, калі ў маім жыцці з’явілася беларуская мова, бо я дзіця 90-х, мае школьныя гады прыйшліся на гэты час. У дзяцінстве я жыла ў цалкам рускамоўным атачэнні, але беларуская гучала на радыё, тэлебачанні. Нават не памятаю, каб я мэтанакіравана вучылася чытаць па-беларуску — дома былі кнігі на рускай і беларускай мовах, я чытала і тыя, і другія. У школе з першага класа амаль усе прадметы вяліся па-беларуску. Я ведаю беларускую не такім натуральным чынам, як людзі, якія гадуюцца ў беларускамоўных сем’ях з традыцыяй жывой мовы. Але тым не менш беларуская тым ці іншым чынам прысутнічала ў маім жыцці з маленства. Размаўляю па-беларуску з пятага курса ўніверсітэта.
— Ці цяжка было перайсці на беларускую мову, знаходзячыся ў большасці сярод рускамоўных людзей?
— Я ніколі не была на сто адсоткаў беларускамоўнай. Калі ішла ў Беларусі ва ўрадавую ўстанову ці да дактароў, пераходзіла на рускую — асабліва пасля шэрагу непрыемных сітуацый, калі мяне проста не зразумелі. У цяперашніх абставінах я таксама не цалкам беларускамоўная, бо даводзіцца пераключацца на польскую.
Беларусам, мабыць, усюды цяжка размаўляць выключна на сваёй мове — а ў Беларусі варта яшчэ і быць напагатове, каб не прыцягнуць непатрэбнай увагі.
Вось едзеш у аўтобусе, размаўляеш з сяброўкай, а побач чуецца: «Ой, беларуская мова — это так красиво! Как жаль, что все мы не говорим…» і гэтак далей. І гэта яшчэ самы «нявінны» прыклад, здараюцца сітуацыі нашмат складанейшыя. Думаю, што ўсе мы з такім сутыкаліся — гэта сапраўды выклік.
— Ці дазваляюць сродкі беларускай мовы рабіць максімальна дакладныя пераклады мастацкіх твораў?
— Безумоўна, дазваляюць. Але шмат у чым пераклад — гэта практыка. Нельга проста сесці і пачаць добра перакладаць, нават калі ведаеш мову, бо гэта навык, які напрацоўваецца. Спачатку было цяжка, потым — прасцей і прасцей. І ўсё адно з кожнай кнігай ёсць свае цяжкасці. Напрыклад, у рамане Януша Вішнеўскага «Канец адзіноты», які я пераклала разам з Кацярынай Маціеўскай, складанасць была ў тым, што, нягледзячы на назву «простая рамантычная гісторыя» кніга змяшчала шмат навуковых фрагментаў. Каб ведаць, як іх перакладаць, трэба было разабрацца, што за працэсы апісвае аўтар.
— І наадварот, ці ёсць беларускія выразы і словы, якія цяжка перакласці на іншыя мовы, не згубіўшы стылістычнай афарбоўкі?
— Я не перакладаю на замежныя мовы, толькі на беларускую. Але мне даводзілася трапляць у сітуацыі, калі неабходна было тлумачыць замежнікам значэнні беларускіх слоў. Не так даўно я тлумачыла слова «неруш». Давялося шматслоўна апісваць яго значэнне з розных бакоў, бо я не ведала, як назваць «неруш» адным словам ці хаця б перадаць простым выразам хоць на якой іншай мове.
— Існуе стэрэатып, што беларуская мова — не сучасная, ёй бракуе трэндавых тэрмінаў. Ці можаце вы развеяць гэты міф?
— У мяне ёсць сяброўка — сабачніца, яна стасуецца з польскімі паплечнікамі, і тыя маюць безліч слэнгавых слоў: існуе шмат назваў для сабак, іх актыўнасцяў, ежы. Гэта вынік таго, што мовай карыстаюцца штодзённа. Для слоў, што я чула ў тым асяроддзі, я б не змагла знайсці беларускія адпаведнікі. Безумоўна, можна іх прыдумаць — каб гучалі прыгожа, былі смешнымі і трапнымі. Але пакуль іх не будзе выкарыстоўваць шмат людзей, яны застануцца лінгвістычнай выпадковасцю. Відавочна, што на беларускай размаўляюць не паўсюдна і не ў такой колькасці абставінаў, як на польскай. З іншага боку, польская мова — мова з мноствам карыстальнікаў: каля 38 мільёнаў чалавек у Польшчы, шмат палякаў за мяжой. Яны ўсе размаўляюць на адной мове, хіба што з рознымі дыялектнымі варыяцыямі. Калі для параўнання ўзяць меншую мову, напрыклад, такую, якая мае адзін-два мільёны носьбітаў, магчыма, у ёй таго ж слэнгу будзе менш і розніца будзе не так кідацца ў вочы.
Ды і слэнг — гэта тое, што нарастае імгненна, як толькі павялічваецца аўдыторыя. Чым больш людзей з рознымі зацікаўленнямі будзе размаўляць па-беларуску, тым багацейшай яна будзе з часам рабіцца.
Калі ж гаварыць пра пераклад кніг, толькі раз у маім жыцці быў выпадак, калі давялося прыдумляць новае слова. Перакладчыца Алеся Башарымава перакладала адну з кніг Тувэ Янсан пра «мумі-троляў» і сутыкнулася са словам, якое на рускую перадаецца як «марка-опечатка» — марка, якая зроблена з памылкай і праз гэта мае вялікую вартасць у калекцыянераў. Абмяркоўваючы гэтае слова ў перакладчыцкай суполцы, мы не знайшлі адпаведніка ў беларускай мове, таму перакладчыца яго прыдумала. Атрымалася «марка-бракаванка». З усімі астатнімі словамі не было такіх праблем — яны перакладаліся на беларускую, варта было толькі пакапацца ў слоўніках, параіцца з калегамі ці мовазнаўцамі.
— На вашу думку, ці ёсць надзея, што беларуская мова не знікне ў сучаснай Беларусі? Што для гэтага могуць рабіць беларусы, якія засталіся на радзіме, і беларусы за мяжой?
— У мовы ёсць шэраг функцый. І першая з іх — камунікатыўная: мова існуе для таго, каб людзі на ёй камунікавалі.
І каб мова жыла, трэба на ёй гаварыць. Гэта адзіны рэцэпт: гаварыць, як бы цяжка ні было. Трэба вучыць мове дзяцей, каб перадаваць яе ў спадчыну. У Беларусі гэта цяпер можа быць складана і нават небяспечна. І ўсё ж іншага спосабу захаваць мову не існуе. У даўжэйшай перспектыве перадусім мае значэнне тое, колькі людзей размаўляе па-беларуску ў Беларусі і колькі беларускамоўных людзей, якія выехалі, з цягам часу вернуцца дадому.
Пра гэта сведчыць гісторыя розных дыяспар, палякі расказвалі мне нешта падобнае. Праз некалькі пакаленняў нават у вельмі зацятых эмігранцкіх сем’ях мова губляецца: дзеці, унукі асімілююцца. У найлепшым выпадку яны разумеюць мову бацькоў, а ў жыцці, працы, творчасці карыстаюцца мовай той краіны, дзе жывуць.
— Што б вы параілі тым, хто пачынае размаўляць па-беларуску? Як хутчэй папоўніць слоўнікавы запас?
— Галоўная парада — не баяцца трасянкі. Безумоўна, часам у сеціве сутыкаешся з паблажлівым стаўленнем да людзей, якія робяць памылкі.
Але калі мы вучым любую мову, памылкі — гэта натуральна і нармальна. І практыка — гэта найважнейшае.
Варта адпрацоўваць розныя навыкі, не толькі, напрыклад, чытанне, але і пісанне, гаварэнне. Але размаўляць, як атрымліваецца, лупіць на трасянцы — гэта толькі першы крок. Другі крок — паляпшаць мову з дапамогай розных крыніц: чытаць кнігі, глядзець фільмы, тэатральныя пастаноўкі, размаўляць з сябрамі, прыглядацца да слоўнікаў, па магчымасці выпісваць і запамінаць новыя словы, хадзіць на курсы, далучацца да шматлікіх размоўных клубаў.
Таццяна Краўчанка, budzma.org,
фота аўтаркі і з уласнага архіва Ганны Янкуты