Больш за 300 дэпутатаў Еўрапарламента падпісалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў

Фота: тэлеграм-канал Ціханоўскай

Больш за 300 дэпутатаў Еўрапейскага парламента падпісалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў, паведаміла 13 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Палітык заявіла, што “поўніцца падзякай” да іх і адзначыла, што такі “выдатны акт салідарнасці ўсяляе надзею і зараджае энергіяй для барацьбы з гэтай несправядлівасцю!”.

“На карту пастаўленыя жыцці людзей, і мы не можам спыніцца, пакуль усе не будуць вызваленыя”, – напісала Ціханоўская.

Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі праходзіць у рамках ініцыятывы #EPstandsBYyou 11–14 сакавіка на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу (Францыя).

У сваім тэлеграм-канале беларускі дэмлідар адзначыла, што аднаўленне гэтай ініцыятывы стала вынікам яе нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапарламента Рабертай Метсола.

“Я ўдзячная Раберце і членам Еўрапарламента за падтрымку гэтай ідэі. Я ўпэўнена, #EPstandsBYyou падштурхне палітыкаў па ўсёй Еўропе далучыцца да барацьбы за свабоду беларускіх палітвязняў”, — заявіла Ціханоўская.

На 13 сакавіка праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1.412 чалавек, аднак рэальная колькасць людзей, якія падвергліся рэпрэсіям, значна большая.

pozirk.online