«Бомба пад дзяржаву». Трыццаць год таму Беларусь прыняла першую Канстытуцыю

Мечыслаў Грыб падпісвае Канстытуцыю, 15 сакавіка 1994-га

«Салiдарнасць» нагадвае, пра што папярэджвалі прыхільнікі незалежнасці ад пачатку 90-х.

15 сакавіка 1994 года 236 дэпутатаў Вярхоўнага Савета прагаласавалі за праект першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі.

Перад галасаваннем у Авальнай залі прадстаўнік парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык назваў Канстытуцыю, якая ўводзіла прэзідэнцкую форму кіравання, — «бомбай пад дзяржаву».

На жаль, тыя словы вельмі хутка пачалі ўвасабляцца ў жыццё. Сёння мы прыгадаем, як у праект першай Канстытуцыі трапіла прэзідэнцкая форма праўлення, хто гэтаму спрыяў, а хто да апошняга супраціўляўся.

Распрацоўкай праекту будучай Канстытуцыі адмысловая камісія занялася яшчэ напрыканцы чэрвеня 1990-га. Дзеля знаёмства з замежных досведам сяброў камісіі накіравалі ў Літву і Украіну.

Сёння ў гэта складана паверыць, але ў праекце Канстытуцыі, зацверджаным 11 сакавіка 1993-га, згадваліся ВКЛ і БНР:

Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), зыходзячы з адказнасці за сучаснае і будучае Беларусі, (…) аддаючы належнае пошукам справядлівага грамадскага ладу на старажытнай зямлі Беларусі, якія знайшлі адлюстраванне ў Статутах Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамайцкага, Статутных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, Канстытуцыях Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а таксама ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, (…) прымаем гэту Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь. 

На справе, выглядала ўсё не так прыгожа і бясхмарна. Ад першых дзён існавання Канстытуцыйнай камісіі прыхільнікам незалежнасці краіны давялося адбівацца ад спробаў правесці ў будучы Асноўны закон пасаду прэзідэнта.

— Развіццё падзеяў, эканамічная і палітычная сітуацыя ў рэспубліцы, і вопыт суседзяў паказвае, што хто б зараз не стаў прэзідэнтам, ён проста вымушаны будзе прыбегнуць да дыктатарскіх метадаў. А гэта ў любым разе да дабра не давядзе, — папярэджваў Лявонцій Зданевіч, дэпутат ад Апазыцыі БНФ.

І гэта было адно са шматлікіх папярэджанняў пра небяспеку прэзідэнцтва для тагачаснай Беларусі.

За новую Канстытуцыю з прэзідэнцкай пасадай ад пачатку выступалі Вячаслаў Кебіч і былая камуністычная наменклатура, якая мела большасць у Вярхоўным Савеце. З часам колькасць палітыкаў з прэзідэнцкімі амбіцыямі стала расці.

Апазіцыя мела шанец змяніць расклад сілаў, сабраўшы цягам двух месяцаў 442 тысячы подпісаў грамадзянаў за правядзенне датэрміновых выбараў у парламент.

Але спікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевічам стаў фактычным магільшчыкам рэферэндума. Што праўда, неўзабаве ён і сам пазбавіўся пасады старшыні парламента.

Нейкі час праціўнікі прэзідэнцкай пасады мелі перавагу ў Вярхоўным Савеце, але напрыканцы 1993-га сітуацыя для іх стала імкліва пагаршацца. Развязка наступіла 2 сакавіка 1994-га. Вось як гэта нядаўна апісваў Сяргей Навумчык:

— У пэўны момант Кебіч у справе прэзідэнцтва атрымаў саюзнікаў. За прэзідэнцтва выступілі дэпутаты Дэмклуба («умераныя дэмакраты») на чале з Шушкевічам. За прэзідэнцтва выступіў Карпенка (плюс 10-15 дэпутатаў ягонай фракцыі «Згода»). І нарэшце, каманда «маладых ваўкоў» — Ганчар, Булахаў, Шэйман, Сініцын, Шыпко, Кучынскі, якія зрабілі стаўку на Лукашэнку.

І хай бы яшчэ яны не ведалі, што робяць — але ж мы, дэпутаты БНФ, прыводзілі аргументы, угаворвалі, хіба што ў нагах не валяліся ў Ганчара і Булахава, Шушкевіча і Карпенкі, пераконваючы, што нельга ўводзіць прэзідэнцтва, што яно непазбежна прывядзе да дыктатуры, што Беларусі трэба яшчэ пяць-шэсць гадоў парламенцкай дэмакратыі, каб сфармавалася грамадзянская супольнасць, каб умацавалася партыйная сістэма, каб вырасла (уступіла ў электаральны ўзрост) пакаленне, пазбаўленае закладзеных камуністычнай сістэмай рэфлексаў.

Але нічога гэтага не жадалі чуць яны.

Змрочны прагноз палітыка пра «бомбу пад дзяржаву» спраўдзіўся ў тым жа годзе, калі ў ліпені Лукашэнка атрымаў пасаду прэзідэнта. Якую, як вядома, утрымлівае да нашых дзён. Яму вельмі хутка стала «цесна» ў рамках першай Канстытуцыі. Ужо праз год ён ініцыяваў і зладзіў першы рэферэндум, вынікі якога сталі прамым парушэннем Асноўнага закона.

Далей быў рэферэндум 1996-га, які пашырыў ягоныя фактычна царскія паўнамоцтвы. У кастрычніку 2004-га чарговы рэферэндум зрабіў балатаванне на пасаду прэзідэнта для Лукашэнкі безлімітным.

А напярэдадні «рэферэндума-2022» ён ужо не хаваў таго факта, што для беларусаў гэтым разам няма нават ілюзіі выбара:

— Два варыянты: або народ прымае змяненні да гэтай Канстытуцыі, і ў нас з’яўляецца абноўленая Канстытуцыя, або ён адхіляе гэтыя прапановы, і ў нас застаецца старая Канстытуцыя.

@gazetaby «Осень патриарха» по-беларусски. Cегодня исполняется 30 лет первой конституции независимой Беларуси #медыясалідарнасць #gazetaby #новостибеларусь #беларусьновость #белтикток #деньвистории #историябеларуси #александрлукашенко #беларусыпоймут ♬ original sound – Салідарнасць

Фактычна, беларусам далі зразумець, што царскія паўнамоцтвы Лукашэнкі захаваюцца пры любым выніку галасавання.

Напрыканцы варта дадаць, што адказнасць за выбух той «канстытуцыйнай бомбы» нясуць не толькі непасрэдныя лабісты і стваральнікі «прэзідэнцкай Канстытуцыі», але і вялікая частка беларускага грамадства. Якая дзесяцігоддзямі на выбарах і рэферэндумах з энтузіязмам дапамагала Лукашэнку адбіраць ва ўсіх нас свабоду. 

Андрэй Кныш, gazetaby.com