25.03: У Беластоку сыграюць урачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю»

Сумесны беларуска-польскі аркестр ды салісты-беларусы з розных краінаў з нагоды Дня Волі выступяць ў канцэртнай зале Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку.

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, як новаствораная самаўрадавая ўстанова культуры, дзейнічае з пачатку 2024 г. Першым значным мерапрыемствам, арганізаваным у супрацоўніцтве з Арганізацыйным камітэтам, створаным з нагоды беларускага Дня Волі, стане ўрачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю». З гэтай нагоды быў створаны адмысловы беларуска-польскі сімфанічны аркестр «Classic-Modern Orchestra». Яго складаюць прафесійныя музыкі, якія мусілі пакінуць Беларусь і сёння граюць разам у Варшаве пад назвай «Volny Arkiestr». 

Аляксей Ладзік

У праграме канцэрта — вядомыя беларускія гімны, а таксама беларускія мелодыі, якія гучаць з партытур выдатных кампазітараў Беларусі і Польшчы розных эпох.

Лейтматывам усяго канцэрта з’яўляецца тэма любові да роднага краю і страты, тугі па радзіме, гістарычнага драматызму лёсу беларусаў і адначасова аптымізму, надзеі і імкнення да лепшай будучыні.

Важным творчым водгукам на трагічныя падзеі сучаснасці стануць напісаныя спецыяльна да гэтай падзеі цудоўныя творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя нашым героям і пакутніцам сучаснасці, у тым ліку Марыі Калеснікавай.

Юлія Еўтухоўская

Спецыяльнымі гасцямі канцэрта стануць выдатныя салісты з розных краін, выхадцы з Беларусі: Ілья Сільчукоў (барытон) — зараз выступае на сцэне Оперы ў Бостане, Юлія Еўтухоўская, (сапрана), Кірыл Кедук (фартэпіяна), Аляксей Ладзік (флейта), а весці канцэрт будзе дырыжор Павел Котла, надзвычай дасведчаны і тытулаваны артыст, які шмат гадоў займаецца культурнай дыпламатыяй, у 2016-2017 гадах ён таксама быў дырыжорам мастацкі кіраўнік і першы дырыжор Оперы і Падляшскай філармоніі.

Кірыл Кедук

У праграме — музычныя шэдэўры такіх аўтараў, як Станіслаў Манюшка, Антоній Генрык Радзівіл, Канстанцін Горскі, Ян Тарасевіч, Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, Мікола Равенскі, Яўген Глебаў, Уладзімер Солтан, Сяргей Ліпень, Канстанцін Яськоў і інш.

Удзел у канцэрце бясплатны, уваход па бясплатных запрашэннях, якія можна атрымаць у Цэнтры беларускай культуры па адрасе вул. Kilińskiego 16 lok. 2/07. 

Таксама можна замовіць запрашэнне па тэлефоне 537 742 000

budzma.org