Поўны пераклад раману «Зэлмэняне» Мойшэ Кульбака выйдзе ў выдавецтве Vesna

Выхад поўнага перакладу на беларускую мову раману Мойшэ Кульбака «Зэлмэняне» анансавала беларускае выдавецтва Vesna, што знаходзіцца ў Празе.

«Зельманцы» ў перакладзе Віталя Вольскага (1960)

«Лічым дні да выхаду нашай новай кнігі! А тым часам наш Чытач ужо дзеліцца сваімі ўражаньнямі — каб абудзіць ваш чытацкі апэтыт…», — напісана на старонцы выдавецтва ў Фэйсбук.

Упершыню па-беларуску гэты раман выходзіў у 1960 годзе пад назвай «Зельманцы» ў перакладзе Віталя Вольскага, потым перавыдаваўся ў 2015 годзе выдавецтвам «Папуры». Савецкае выданне з меркаванняў цэнзуры было скарочаным. 

Новы перклад — першы поўны пераклад раману на беларускую мову. Пераклад твору з ідыш на беларускую мову зрабіў Сяргей Шупа.

«З аднаго боку, Рэбзэдвор — гэта выдуманы двор. У выдуманым Менску. Недзе ў раёне Старажоўкі. А можа, і не. «Хаткі, платы, хляўкі», што вырасьлі за семдзесят гадоў вакол пастаўленай тут некалі ў 1864 рэбэ Залманам камяніцы. А можа, і ня там, і не тады, і ўсё было ня так… Менск у рамане згадваецца толькі пару разоў — але, чытаючы, сумневаў ня маеш: усё гэта адбываецца тут. Дзе «Сьвіслач ледзь дыхае, зь яе дна патыхае дохлымі катамі. Вада зацягнутая тонкай плеўкай, якая пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. З другога боку на пясчаных пагорках, стаяць хаты, абкружаныя малымі садочкамі… » Пазнавальна? Вельмі. Менск, якога даўно няма — але які сьніцца. Ня хоча быць местам бяз памяці, без уласнай легенды, бяз казкі, без свайго забітага і забытага Аўтара», — напісаў пра раман у Альгерд Бахарэвіч, які стаў першым чытачом анансаванай навінкі.

Таксама Альгерд Бахарэвіч адзначае, што «раман складаецца з дзвюх кніг. Першую ў савецкім Менску пісаў яшчэ адносна свабодны чалавек, другую — ужо «савецкі» пісьменьнік, які паспрабаваў прыстасавацца да новых правілаў гульні і ўлічць патрабаваньні бальшавіцкіх крытыкаў. Але нічога ў яго ня выйшла. Кульбак катастрафічна ня ўмее рашуча асуджаць і прыстосоўвацца, ня ўмее ісьці ў нагу з часам і рабіць «сацрэалізм». Кульбак мяккі, чалавечны, назіральны, апалітычны і касмапалітычны, занадта яўрэйскі, занадта менскі, ён ня мог бы зрабіцца бальшавіцкім, нават калі б захацеў. І ў другой частцы ён застаецца Кульбакам, нягледзячы на кволыя спробы прыняць новы лад і пахваліць ягоную лютасьць. Ён піша пра свой Рэбзэдвор — і кожнаму чытачу ясна, што аўтар ня змог забіць у сабе самае каштоўнае і галоўнае: сваю добрую маркоту, свой ціхі талент і свой вялікі жаль».

budzma.org