22.11: Дабрачынны фестываль у падтрымку беларускіх палітвязняў у Вільні

Фота: Sergejus Michalenko

Дабрачынны фестываль у падтрымку беларускіх палітвязняў адбудзецца ў Вільні ў гэтую пятніцу, 22-га лістапада. Яго ладзяць музычная супольнасць Belarus Outside Sound System і Фонд салідарнасці BYSOL у рамках міжнароднай эстафеты “Voices Across Borders”.

Для «Радыё Рацыя» апавёў пра падзею яе суарганізатар, суаўтар праекта Belarus Outside Sound System Аляксандр Багданаў (ён жа – Papa Bo Selektah).

РР: Будзе адбывацца вялікі фестываль, што менавіта ён будзе ўключаць і якая мэта?

Аляксандр Багданаў: Мэта – простая, як заўсёды, – паказаць мовай сучаснай электроннай музыкі, што такое маладая Беларусь і прыцягнуць увагу да палітычных і сацыяльных праблемаў у Беларусі і падтрымаць беларускіх палітзэкаў грашыма.

РР: Акрамя выступаў музыкаў, ці будуць там нейкія ўводзіны ад вядучых, якія будуць распавядаць пра тое, як і навошта?

Аляксандр Багданаў: Перш за ўсё мы будзем праводзіць вялікі аўкцыён розных культавых рэчаў, напрыклад, будзе карціна Максіма Восіпава, будзе наш вініл, будзе эксклюзіўны мерч ад удзельнікаў фестывалю і г.д. І мы будзем ладзіць з Андрэем Стрыжаком на дваіх аўкцыён, і ўсе грошы будуць ісці на збор “Байсол”, то бок мы будзем абавязкова распавядаць пра гэта ўсё. Таксама будзе шэраг актыўнасцяў падчас фестывалю, ад маленькіх такіх, як такі бонус, будзе спецыяльны кактэйль на бары, частка сродкаў з продажу якога будзе ісці на падтрымку палітзэкаў і будзе Кола фартуны, дзе за любы данат на падтрымку палітвязняў будуць разыграныя розныя прызы ад “Байсола”, разнастайныя мерчы, якія яны зараз зрабілі.

Таксама будзе фудтрак, які будзе частку сродкаў пераводзіць на падтрымку палітвязняў. І на ўваходзе, я думаю, што мы зробім такую палітінфармацыю для кожнага, хто заходзіць і не ведае, куды ён прыйшоў. Што гэта, для чаго гэта. І перш за ўсё на ўваходзе плата за ўваход будзе брацца на збор на “Байсол”.

РР: Ці будзе кактэйль неяк аздоблены ў БЧБ-колеры ці нешта такое?

Аляксандр Багданаў: Мы чакаем варыянты нечага такога сімвалічнага ад барменаў “Лофтаса”, якія вельмі ўключыліся ў гэтую справу і рыхтуюць некалькі варыянтаў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Імпрэза адбудзецца ў клубе LOFTAS. Трапіць на імпрэзу можна будзе за любое ахвяраванне ад 10 еўра. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на збор эстафеты салідарнасці “Voices Across Borders”.

Падрабязнасці пра мерапрыемства:

https://belarusout.site
https://www.instagram.com/belarusoutsidesoundsystem/

Марына Савіцкая, racyja.com