Дарагія сябры!
106 гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску прыняла Трэцюю Устаўную грамату – юрыдычны акт, згодна з якім Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Беларусы спраўдзілі сваю тысячагадовую мару аб тым, каб будаваць сваё жыццё самастойна, і зрабіліся гаспадарамі на сваёй зямлі. Краіна Беларусь стала чальцом сусветнай сям’і незалежных дзяржаваў.
Гістарычныя варункі, у якіх адбылася тая галоўная ў нашай гісторыі падзея, былі вельмі няпростыя. Але пасярод вайны, акупацыі, бежанства і эміграцыі замацаваныя ў тым акту нашы нацыянальныя арыенціры і дэмакратычныя ідэалы сталіся сапраўдным промнем святла, які і сёння служыць нам маяком у віры выклікаў часу і ў моманты экзістэнцыйных ваганняў. Няма ані знаку, што ён можа згаснуць. І ёсць пэўнасць, што мы, беларусы, дамо рады і сённяшнім цяжкасцям.
Дык адзначайма па ўсім свеце шырока і годна дзень народзінаў нашай дзяржаўнасці! І нават на хвіліну не забывайцеся пра тыя многія тысячы годных сыноў і дачок Бацькаўшчыны, што сёння дзеля нашай будучыні ахвяруюць сабой і адзначаюць Дзень Волі за кратамі.
Памятайма, што еднасць, згода і плённая праца – наша зброя, вольная незалежная дэмакратычная Беларусь – наша мэта. Нашы колеры і сімвалы – тыя самыя, якія стагоддзе таму абралі заснавальнікі беларускай дзяржавы. Мова нашых продкаў гучыць там, дзе ёсць мы.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў з Днём Волі!
Жыве Беларусь!