За мінулы год беларусы ў Польшчы адкрылі больш як 1200 кампаній. Бізнес-кансультант і заснавальнік кансалтынгавай кампаніі Skoll Аляксандр Валодзін распавёў, чым 2022 адзначыўся для беларускіх прадпрымальнікаў у Польшчы і з якімі выклікамі сустракаліся рэлаканты з Беларусі.
Галоўнае ў размове:
- Беларускія кампаніі, якія прыехалі ў Польшчу пасля 2020 года па сутнасці не рэлацыруюцца, а пачынаюць з нуля: рэгіструюць юрыдычную асобу, шукаюць супрацоўнікаў, новы офіс і г. д.
- У польскага бізнеса, у адрозненне ад беларускага, развіта карпаратыўная культура. У Беларусі толькі некалькі кампаній падтрымлівалі такі ўзровень. Таксама тут іншы падыход агулам да стварэння бізнес-праектаў, у тым ліку і невялікіх. Нават дзяржаўныя інстытуцыі просяць прадаставіць бізнес-план і візію развіцця праекта мінімум на 5 гадоў.
- Ёсць і ментальныя адрозненні ў працы. Палякі, напрыклад, не працуюць па-за межамі зафіксаванага працоўнага часу ці на выходных. Больш за тое, нават калі вы заплацілі за нейкую працу, то не факт, што палякі яе выканаюць. Я вельмі раю: калі вы знайшлі надзейнага партнёра — трымайцеся яго і працуйце з ім і надалей.
- Агулам з 2020 года да гэтага лета ў беларускіх кампаній галоўны запыт быў у экстранай рэлакацыі, а зараз паўстае пытанне, што з гэтым рабіць далей і куды рухацца.
- Прыкладаў пазітыўнага вопыту пераезда бізнеса з Беларусі шмат. Больш за 1200 кампаній адкрылі беларусы ў Польшчы. Большасць з іх не звязана з ІТ-сектарам. Зараз гэтыя праекты яшчэ адаптуюцца і шукаюць сваю аўдыторыю, але ўжо ёсць і добрыя прыклады.
- На канале Почти бизнес мы размаўляем з людзьмі, якія робяць праекты, звязаныя з бізнесам. На мой погляд, самыя цікавыя відэа атрымаліся з Дзмітрыем Калініным і Веранікай Ліндарэнка, якія дапамагаюць падняцца стартапам у Польшчы.
- Агулам, мне вельмі падабаецца, як развіваецца беларускае бізнес-камьюніці ў Польшчы. Ёсць некалькі праектаў — як польскіх, так і беларускіх — якія дапамагаюць расці беларускаму бізнесу і быць больш трывалым. Спадзяюся, гэтая тэндэнцыя працягнецца і надалей.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.