З дэпутатам нямецкага парламента ад партыі «Звяз 90»/«Зялёныя», сябрам Камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Бундэстага Беатэ Вальтэр-Розэнхаймер novychas.online паразмаўляў пра беларускія пратэсты, дапамогу дэмакратычным сілам і беларусам у выгнанні, вызваленне палітвязняў, а таксама, як быць шчаслівым у сітуацыі пастаяннага стрэсу.
— На жаль, я ніколі не была ў Беларусі, але вельмі спадзяюся наведаць яе ў будучыні. Хаця для гэтага, магчыма, найперш спатрэбіцца змена ўрада. Я вельмі спадзяюся, што хутка так і будзе, — кажа спадарыня Вальтэр-Розэнхаймер.
Цяперашняя палітычная сітуацыя ў Беларусі выклікае сапраўдны шок, — працягвае дэпутат. — Адзін чалавек жорстка кіруе краінай такім чынам, нібыта гэта яго прыватная ўласнасць. Пры гэтым ён з’яўляецца марыянеткай крывавага рэжыму, што забівае дзясяткі тысяч людзей побач з паўднёвай мяжой Беларусі.
Але запал і сіла, з якімі беларуская апазіцыя супраціўляецца гэтаму аўтарытарнаму тэрору, усяляюць у мяне надзею, што калі зноў з’явіцца акно магчымасцяў для перамен, беларусы змогуць ім скарыстацца.
— Шаноўная спадарыня дэпутат, падчас майго зняволення вы сталі маёй сімвалічнай хроснай. Я даведалася пра гэта, знаходзячыся за кратамі, і гэта надало мне шмат сіл і натхнення. Вельмі ўдзячная вам за гэта. Скажыце, калі ласка, ці ёсць у вас цяпер палітвязні, для якіх вы таксама сталі хроснай? І як вы думаеце, што заходнія хросныя бацькі могуць зрабіць для беларускіх палітычных зняволеных, для іх вызвалення?
— Вельмі цешуся і ганаруся тым, што стала вашай сімвалічнай хроснай маці. Я адчула вялікую палёгку, калі даведалася аб вашым вызваленні і аб тым, што вы змаглі пакінуць Беларусь.
Апека над палітвязнямі вельмі важная для парламентарыяў: ствараецца пэўная асабістая сувязь з палітычным зняволеным. У некаторым сэнсе парушэнне правоў чалавека раптоўна аказвае на нас, палітыкаў, вялікае асабістае ўздзеянне. Ахвяры дыктатуры раптам набываюць імя, гісторыю і асабістую сувязь з намі.
Па гэтай прычыне я ўзяла апеку над актывісткай беларускай апазіцыі Аксанай Зарэцкай, якая зараз знаходзіцца ў зняволенні.
На жаль, магчымасці ўплыву хросных бацькоў вельмі абмежаваныя. Толькі ў рэдкіх выпадках вызваленне можа быць вынікам такой апекі. Аднак і вы, верагодна, пагодзіцеся са мной: вялікае значэнне мае тое, што людзі ў турме не самотныя і не забытыя. Мы паказваем, што думаем пра іх, што не забудзем і асуджаем абуральную несправядлівасць палітычнага зняволення.
І менавіта ў гэтым палягае другі важны эфект. Такія рэжымы, як рэжым Лукашэнкі, баяцца публічнасці, якую стварае такая падтрымка. Публічнае выкрыццё іх бесчалавечнасці наносіць урон рэпутацыі і прапагандзе, якую яны вывяргаюць. Ім падабаецца пазіцыянаваць сябе нібыта канстытуцыйнымі дзяржаўнымі дзеячамі, што карыстаюцца падтрымкай электаральнай большасці. Апека над палітвязнямі разбурае гэты імідж.
— Спадарыня дэпутат, сярод актывістаў беларускай апазіцыі няма адназначнага меркавання наконт таго, ці варта весці перамовы з рэжымам у справе вызвалення палітвязняў. Якая ваша пазіцыя на гэты конт і што, на ваш погляд, Нямеччына магла б зрабіць у гэтым кірунку?
— Перамовы могуць быць вельмі важным інструментам, і я не думаю, што разрыў сувязяў з краінай з-за парушэнняў правоў чалавека абавязкова прывядзе да паляпшэння сітуацыі ў гэтай галіне. Любое паляпшэнне — гэта які-ніякі прагрэс, і калі дзеля гэтага патрэбныя перамовы з рэжымам Лукашэнкі, то няхай будзе так.
Хаця практычна ў нас сёння не так ужо і шмат рычагоў уздзеяння на беларускі рэжым. Таму нам неабходна ажыццяўляць ціск праз жорсткія санкцыі, якія маюць на мэце нанесці ўрон як дзяржаве, так і чыноўнікам.
— Пра Беларусь вельмі мала кажуць у заходніх медыя, пра пратэсты-2020 дык і ўвогуле амаль ніякіх згадак: беларускае пытанне паступова сыходзіць з еўрапейскага парадку дня. У асноўным пра Беларусь згадваюць у кантэксце падзей у Расіі і ва Украіне. Тым не менш рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца, палітвязняў становіцца больш, беларусаў масава выціскаюць з краіны. Як, на ваш погляд, еўрапейскія палітыкі могуць падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі і спрыяць таму, каб пра Беларусь не забыліся?
— На жаль, гэта праўда, што беларускія пратэсты-2020 збольшага засталіся па-за полем зроку і, адпаведна, забытыя ў шмат якіх заходніх краінах. Маштабы, разбурэнні і наступствы вайны ва Украіне прыцягваюць большую ўвагу грамадскасці.
Думаю, важна падкрэсліць, што беларуская сітуацыя і праблема па сваёй сутнасці вельмі падобная на ўкраінскую. Гутарка ідзе пра людзей, што жывуць у былых савецкіх рэспубліках, якія выказваюць сваю волю і самі хочуць вырашаць свой лёс і будучыню. Расія робіць усё магчымае, без якіх-небудзь маральных межаў, каб захаваць свой уплыў на суседзяў. Калі мы кажам аб праве ўкраінскага народа на самавызначэнне, мы павінны думаць і аб народзе Беларусі.
— Беларуская палітычная эміграцыя новай хвалі сутыкаецца са шматлікімі цяжкасцямі і абмежаваннямі — у некаторых краінах гучаць галасы, у тым ліку з боку ўрадаў, што гэтыя абмежаванні цалкам апраўданыя, паколькі беларусы – прадстаўнікі дзяржавы-агрэсара…
— Я не лічу, што ёсць сэнс асуджаць цэлыя народы за тое, што зрабілі ці не зрабілі іх лідары. Важна ўсведамляць, што, на жаль, меркаванне беларускага і расійскага народаў з’яўляецца толькі перашкодай ці сродкам дасягнення мэты для іх аўтарытарных кіраўнікоў.
Нам таксама не трэба забываць, што беларускі ўрад садзейнічаў нападам Расіі на Украіну і таму нясе адказнасць як удзельнік агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Аднак гэта не з`яўляецца паказчыкам таго, што народ Беларусі падтрымлівае вайну Пуціна.
Мы не можам забывацца, што чатыры гады таму сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы за сумленныя дэмакратычныя выбары. Гэтую памяць неабходна захаваць. Як я ўжо казала раней: матывы агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны па сваёй сутнасці вельмі падобныя да матываў жорсткай рэакцыі беларускага ўрада на пратэсты 2020 года. Гэта пытанне самавызначэння, свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закону.
Пытанне, якое вы ўзнімаеце, — аб тым, што санкцыі і абмежаванні супраць краіны часта ў канчатковым выніку таксама скіраваныя не на тых людзей, — з’яўляецца вельмі важным. Еўрапейскім дзяржавам неабходна зрабіць так, каб у якасці пабочнага эфекту санкцыі і іншыя абмежаванні не шкодзілі апазіцыі.
— Як вы лічыце, ці маглі б улады Нямеччыны выдаваць больш гуманітарных віз рэпрэсаваным беларусам?
— Так, Нямеччына можа і будзе выдаваць больш гуманітарных віз, калі крытэрыі заяўкі адпавядаюць патрабаванням. З 2020 года была выданая вялікая колькасць такіх віз.
Людзі, якія падвяргаюцца палітычнаму пераследу, могуць падаць заяву на атрыманне такой візы ў амбасадзе Нямеччыны.
Хаця па візы ў Літву і Польшчу звяртаецца значна больш беларусаў — з-за агульнай мяжы, а таксама таму, што ў гэтых краінах знаходзіцца вялікая колькасць беларускіх эмігранцкіх і палітычных ініцыятыў.
— Спадарыня Вальтэр-Розэнхаймер, паводле прафесіі вы — клінічны псіхолаг, таму маё апошняе пытанне да вас больш як да псіхолага, чым як да палітыка. Як вы думаеце, што трэба рабіць чалавеку, які вельмі стаміўся ад палітычнай барацьбы? Дзе браць сілы, каб яе працягваць? Адкуль чэрпаць аптымізм, энергію, як справіцца з гэтым пастаянным болем, негатывам і адчуваць гармонію ўнутры сябе, быць шчаслівым?
— Лічу, што пытанне аб тым, каб быць шчаслівым і задаволеным сабой — адно з самых важных і складаных у жыцці.
Гэта пытанне, якое мне вельмі цікавае, хаця і ў зусім іншым кантэксце ў параўнанні ў людзьмі з Беларусі ці іншых краін, дзе парушаліся і парушаюцца правы чалавека.
Не думаю, што на такое складанае і індывідуальнае пытанне існуе адзін просты адказ. Але калі чалавек вельмі доўга знаходзіўся ў сітуацыі напружання, стрэсу і нават траўмы, розуму часта патрабуецца пэўны час, каб супакоіцца.
Многія людзі могуць зразумець гэта на прыкладзе з паўсядзённага жыцця. Калі вы едзеце ў адпачынак пасля цяжкага працоўнага тыдня, мозгу патрабуецца некаторы час, каб прыстасавацца да новага асяроддзя і сітуацыі. Можа быць вельмі цяжка атрымліваць асалоду ад шчасця і спакою пасля стрэсу альбо, што яшчэ горш, траўмы.
Гэта мусіць быць асабліва цяжка, калі змены адбываюцца на няпэўны перыяд, супраць волі чалавека, магчыма, з-за пераследу.
Думаю, што ў гэтых абставінах асабліва важна прыняць цяперашняе, не зацыклівацца на мінулых памылках і няшчасцях і сканцэнтравацца на пабудове для сябе стабільнага асяроддзя тут і цяпер.