Зборнік украінскай паэзіі ў перакладах на беларускую мову выпусціла камнада інтэрнэт-часопіса «Taubin» і шведскае выдавецтва «Ariel Förlag». «Пра словы і цішыню між імі» — зборнік з падборкай ўкраінскай паэзіі, што публікавалася на віртуальных старонках часопіса.
«На працягу двух гадоў з пачатку лютаўскай інвазіі Расіі ва Украіну, салідарныя з нашымі ўкраінскімі сябрамі і ўсім украінскім народам, мы друкавалі пераклады актуальнай украінскай паэзіі на беларускую мову. <…>
За два гады было апублікавана 26 падборак перакладаў, зробленых шасцю перакладчыкамі і перакладчыцамі, і гэта вялікая праца, якую нам шкада было б страціць. Можа быць, цяпер не самы зручны час наладжваць масты, але для нас, падаецца, зручнага часу не будзе ўжо ніколі», — адзначаюць укладальнікі зборніка.
У зборніку прадстаўлены вершы 13 аўтараў і аўтарак, некаторыя з якіх проста зараз ваююць на фронце.
Выданне гэтага зборніка, разлічваюць выдаўцы, зробіць магчымай непасрэдную падтрымку украінскіх сяброў.
Зборнік «Пра словы і цішыню між імі» можна будзе набыць у Варшаве, Вільні і Стакгольме.